Лучших тружеников Кореличчины чествовали на областном фестивале-ярмарке «Дажынкі-2019” в Сморгони (фото+видео)
З размахам адсвяткаваўшы раённыя “Дажынкі” ва ўтульнай зале Жухавіцкага Дома культуры, сёння аграрная эліта Карэліччыны прыняла ўдзел у абласной урачыстасці – фестывалі-ярмарцы працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2019” у г. Смаргоні. Менавіта тут падводзяцца канчатковыя вынікі сёлетняй уборачнай кампаніі, шчырымі словамі і каштоўнымі падарункамі ўшаноўваюцца аграрыі, чыя самаадданая праца забяспечвае харчовую бяспеку краіны.
Не адзін месяц горад узмоцнена рыхтаваўся да святочнага мерапрыемства. І 23 лістапада ён сустрэў удзельнікаў абласнога фестывалю-кірмашу надзвычай убраным і прыгожым. Добраўпарадкаваныя вуліцы, адрамантаваныя дарогі і адноўленыя фасады будынкаў – усё спрыяла святочнаму настрою і пазітыўнаму адпачынку. Падарункам сталіцы “Дажынак” ад сталі вытрыманыя ў адзіным стылі каваныя лаўкі, якія размясціліся на пешаходным бульвары ўздоўж вуліцы Савецкай. На кожнай з іх – назва і герб кожнага раёна вобласці. Давялося не толькі пабачыць, але і пасядзець на імянной лаўцы Карэліцкага раёна.
Упраўляючая МТК “Райца-2” СВК “Свіцязянка-2003” Таісія Харошка і ветэран працы, былы начальнік аддзела эканомікі і ўліку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Наталля Чубрык на імянной лаўцы Карэліцкага раёна.
З самай раніцы гасцей абласных “Дажынак” прывабліваў святочны кірмаш, які радаваў разнастайнасцю пачастункаў і напояў, а кожны раён вобласці гасцінна запрашаў наведаць свой эстэтычна-аформлены і шчодры падворак. Багацце карэліцкай зямлі і працавітасць мясцовых аграрыяў раскрываў падворак КСУП “Цырын-Агра”.
Хлебам-соллю сустракалі старшыню Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова і кіраўніцтва вобласці на гасцінным падворку Карэліцкага раёна.
Адным з самых яркіх конкурсаў свята стала спаборніцтва рэкардсменаў сярод гародніны. Тут бульба і капуста, морква і буракі, гарбузы і кабачкі, але такіх памераў, якіх жадала б вырасціць любая гаспадыня. Прадстаўлены на конкурсе і карэліцкія волаты з мясцовых агародаў: кабачок хатні ад Ірыны Дубковай з Турца, бурак “Сталовы” ад Алены Макар з г.п. Мір, бульба “Паролі”, якую вырасцілі работнікі ў НПП “Ніка”, і гарбуз-рэкардсмен ад Таісы Іванчык з г.п. Карэлічы. Дарэчы, карэліцкая гародніна атрымала тры пераможных месца. На Карэліччыне выраслі самыя вялікія кабачок (10,04 кг), бульба (1,42 кг) і бурак (4,46 кг).
Карэліцкі раён дастойна прадставіў сябе на конкурсах на лепшы каравай і дажыначны сноп. Журы конкурсаў адзначыла высокі мастацкі густ і эстэтычнасць у афармленні работ.
У выставе-кірмашы “Беларускія дзівосы” майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прынялі ўдзел творчыя і таленавітыя работнікі раённага Дома рамёстваў, якія з задавальненнем дэманстравалі і прапаноўвалі набыць гасцям святочнай Смаргоні свае вырабы.
У выставе тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Гродзенскай вобласці прынялі ўдзел работнікі Карэліцкага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яны прывезлі ляльку — сімвал гарадскога пасёлка Карэлічы, а таксама сапраўдны сялянскі падворак.
А бадзёры тон усяму святу задавалі творчыя калектывы з усіх раёнаў вобласці. Карэліччыну прадставіў ансамбль народнай песні і музыкі “Цырынскія музыкі”.
З удзельнікамі і гасцямі абласной урачыстасці падзяліўся сваім майстэрствам народны лялечны тэатр “Батлейка” пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце УА «Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж» Канстанціна Петрымана. Падчас работы тэматычных падворкаў устаноў адукацыі вобласці навучэнцы Мірскага каледжа прадставілі гледачам майстар-класс лялечнага тэатра.
Вясковая моладзь Гродзеншчыны прыняла ўдзел у Моладзевай інтэлектуальнай гульні, прысвечанай сельскай гаспадарцы. Каманда Карэліцкага раёна заняла пятае месца сярод 17 каманд-удзельніц.
На абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі-2019” з кожнага раёна Гродзеншчыны прыехалі лепшыя працаўнікі і кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, на паказчыкі і вынікі якіх раўняецца вобласць. У склад афіцыйнай дэлегацыі Карэліцкага раёна ўвайшлі 10 чалавек:першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Анатолій Коршун, трактарыст-машыніст КУСП “Чарняхоўскі-Агра” Сяргей Пляскач, трактарыст-машыніст СВК “Маяк-Заполле” Мікалай Капура, ветэран працы, былы начальнік аддзела эканомікі і ўліку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Наталля Чубрык, старшыня СВК “Свіцязянка-2003” Уладзімір Галавач, упраўляючая МТК “Райца-2” СВК “Свіцязянка-2003” Таісія Харошка, начальнік свінакомплексу КСУП “Лукі-Агра” Аляксандр Сак, галоўны інжынер КСУП “Лукі-Агра” Генадзій Жыгала, аператар свінакомплексу КСУП “Лукі-Агра” Аляксандр Маклюк, упраўляючы МТФ “Кожава” СВК “Жухавічы” Аляксандр Бразоўскі.
Кульмінацыйным і самым прыемным момантам абласных “Дажынак” стала цырымонія ўзнагароджання перадавікоў сельгасвытворчасці з усіх раёнаў вобласці, якая прайшла ў Смаргонскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Кожны з аграрыяў раёна атрымаў віншаванні і словы ўдзячнасці за стараннасць і адданасць прафесіі ад старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова, які на святочнай сцэне ўручыў аграрыям Прынёмання заслужаныя ўзнагароды.
На сцэне — першы намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Анатолій Коршун. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў уручае Ганаровую грамату за другое месца ў абласным спаборніцтве на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых раслін у 2019 годзе.
Трактарыст-машыніст СВК “Маяк-Заполле” Мікалай Капура прымае Ганаровую грамату Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ад старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова.
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Анатолій Мікалаевіч Хацько уручае Падзяку Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь трактарысту-машыністу КУСП “Чарняхоўскі-Агра” Сяргею Плескачу.
Першы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Іван Жук віншуе з атрыманнем трэцяга месца ў абласным спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці галіны жывёлагадоўлі сярод сельскагаспадарчых арганізацый, якія спецыялізуюцца на вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі, старшыню СВК “Свіцязянка-2003” Уладзіміра Галавача.
Сярод малочнатаварных ферм з колькасцю кароў не менш за 400 галоў першае месца атрымаў малочна-таварны комплекс Райца СВК “Свіцязянка-2003”, начальнікам якога з’яўляецца Таісія Харошка.
Сярод свінагадоўчых комплексаў і ферм з пагалоўем свіней не менш за 4 тысячы галоў пераможцам абласнога спаборніцтва з’яўляецца свінакомплекс “Лукі” КСУП “Лукі-Агра”, начальнікам якога з’яўляецца Аляксандр Сак.
Старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама Валерый Хелскі віншуе пераможцу абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у 2019 годзе сярод галоўных інжынераў Генадзія Жыгалу, галоўнага інжынера КСУП “Лукі-Агра”.
Пераможцам абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у 2019 годзе сярод сярод аператараў па адкорме свіней стаў Аляксандр Маклюк, аператар свінакомплексу “Лукі” КСУП “Лукі-Агра”.
На сцэне — ветэран працы, былы начальнік аддзела эканомікі і ўліку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Наталля Чубрык. Узнагароды ад абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК удастоены ўпраўляючы МТФ «Кожава» СВК «Жухавічы» Аляксандр Бразоўскі.
Карэліцкая раённая газета «Полымя» стала прызёрам абласнога конкурсу «Зямля і людзі», прысвечанага работнікам сельскай гаспадаркі.
Цырымонія ўзнагароджвання завяршылася святочным канцэртам.
Аксана ЯНУШ
Фота Іны ЛЕЙКА
Відэа Іны ЛЕЙКА і Аксаны ЯНУШ