Агроусадьба — это не просто ночлег, баня и драники. Светлана Гусакова рассказывает о бизнесе по-белорусски
“Кожны ўладальнік аграсядзібы павінен шукаць і знайсці тую аўтэнтычную, спрадвечна беларускую разынку, якая зацікавіць замежнага турыста і змусіць яго вяртацца ў Сінявокую зноў і зноў. Аграсядзіба — гэта ж не проста начлег, лазня і дранікі, а маленькае ўвасабленне Беларусі”. Так лічыць гаспадыня мірскай аграсядзібы “Светлазара” Святлана Гусакова, якая, узяўшыся ў пачатку 2010-х гадоў за мужчынскую справу, сёння сустракае турыстаў амаль з усяго свету.
“Светлазара” нагадвае хутчэй не сядзібу ў беларускай глыбінцы, а невялічкую вілу ў еўрапейскім стылі. Акуратна пастрыжаныя газоны, утульныя домікі ў стылі драўлянага дойлідства і безліч прывабных дробязяў, якія выдаюць у гаспадыні адмысловага дызайнера.
— Мне вельмі падабаюцца каваныя рэчы, — Святлана праводзіць экскурсію па сядзібе. — Гэта і прыгожа, і разам з тым экалагічна. Многае з таго, што ўпрыгожвае наш двор і пакоі, мы знайшлі на сметніку. Падышлі з фантазіяй і атрымалася прыгожа.
Уваход у гасцявы дом ахоўвае жалезны рыцар, а па ўсёй тэрыторыі месцяцца металічныя камары. Чаму камары? Святлана кажа, што яны вельмі добра пад усё стылізуюцца, уздымаюць настрой, таму іх так шмат.
Пра паслугі сядзібы Светлана расказвае так: “Мы аказваем турыстам традыцыйны комплекс паслуг: начлег, харчаванне, лазня. Гасцям вельмі імпануе тое, што ўся пасцельная бялізна — льняная. Мы з дачкой самі збіраем зёлкі, сушым, а потым робім духмяную гарбату”.
Акрамя экскурсіі па Мірскім замку, многія турысты з задавальненнем бяруць конныя экскурсіі па пасёлку, едуць на рыбалку, купаюцца. Ёсць і такія, што аддаюць перавагу ціхаму адпачынку каля каміна альбо ў альтанцы. Многія гараджане са здзіўленнем прымаюць прапанову разуцца і пахадзіць па газоне: “А што, так можна?”, а потым не могуць прымусіць дзяцей абуцца. Вядома, у горадзе басанож не пабегаеш.
Усё лета Святлана з дачкой Эміліяй, якая таксама захварэла ідэяй агратурызму, займаюцца абуладкаваннем тэрыторыі сядзібы: садзяць кветкі, абразаюць кусты і дрэвы. Свайго агарода няма, на гэта проста бракуе часу. Затое свежая садавіна-гародніна заўсёды ёсць у суседзяў, якім, дарэчы, Святлана вельмі ўдзячна за ўзаемаразуменне.
— Жыць з суседзямі душа ў душу вельмі важна, — кажа жанчына. — Мне з гэтым пашчасціла. Вельмі добразычлівыя людзі побач, нават гасцей могуць размясціць у сядзібе, калі мяне няма.
Але галоўнае прызначэнне такіх аграгатэляў Светлана бачыць у іншым:
— Многія турысты, якія прыязджаюць у Беларусь, мала што пра яе ведаюць. А ў нас столькі ўсяго цікавага, незвычайнага! Якая ў нас багатая духоўная і матэрыяльная спадчына! Таму я вырашыла пра ўсё гэта расказваць турыстам.
А я дадам, што не толькі расказваць, але і паказваць. Святлана ладзіць усваёй сядзібе шыкоўныя майстар-класы па саломапляценні і кераміцы. Уражаныя турысты і самі спрабуюць зрабіць невялікі гаршчочак альбо саламяную ляльку, якія потым вязуць дадому як напамінак пра Беларусь.
— Памятаю, прыехалі да мяне швейцарцы, — Святлана ўзгадвае цікавы выпадак. — Сталыя ўжо людзі, займаліся, дарэчы, фермерствам, трымалі коней і кароў. Мужчына плёў адмысловыя сувеніры з конскага воласу, а жонка — з саломкі. Папрасілі мяне паказаць, як я працую з саломкай. Я, вядома, прадэманстравала. Яны былі вельмі ўражаны, наколькі хутка ў мяне ходзяць рукі. Спрабавалі самі, але так і не змаглі паўтарыць узор. Справа ў тым, што ў іх многія аперацыі аўтаматызаваны, выконваюцца з дапамогай спецыяльных прылад, а ў Беларусі майстры працуюць уручную і ў кожнага свой непаўторны стыль.
Святлана ведае, аб чым гаворыць. Яна мае 23 гады педагагічнага стажу ў Мірскім прафесійна-тэхнічным каледжы. Там майстар выкладала кераміку, ткацтва, інкрустацыю, вышыўку і шыццё і ніводнага разу не бачыла, каб адна работа паўтарала другую. Кожны твор па-свойму ўнікальны. Талент да народных рамёстваў перайшоў да Святланы ад яе бабулі Насты, якая жыла ў вёсцы Майсевічы на Магілёўшчыне. Настасся Фёдараўна ткала адмысловыя посцілкі, узоры да якіх прыдумвала сама, і была вядомаю на ўсю Магілёўшчыну. Па яе малюнках многія майстрыхі ткалі свае посцілкі. Усім сваім дзецям бабуля Наста пакінула пасаг. Ёсць некалькі бясцэнных амаль са стогадовай гісторыяй посцілак і ў Святланы. Яна дастае на белы свет гэтыя каштоўнасці тады, калі адпраўляецца на выставы. Менавіта ў гонар сваёй бабулі Святлана марыць адкрыць прама ў сядзібе этнаграфічны музей, дзе будуць размешчаны ўзоры ткацкага, бандарскага і керамічнага мастацтва.
— У мяне ўжо ёсць некалькі старажытных рэчаў, вырабленых у Міры, — расказвае гаспадыня “Светлазары”. — Працуючы на ўчастку, знаходжу шмат бітай керамікі, асабліва дымлёнай. Яе тут вельмі шмат. Нядаўна пашчасціла знайсці свістульку і курыльную трубку. Усё гэта патрабуе пэўнай рэстаўрацыі. Таму мару сабраць хаця б невялікую калекцыю тых рэчаў, якія выраблены нашымі продкамі-беларусамі, і паказаць яе свету.
Па сутнасці восенню турыстычны сезон заканчваецца, але не заканчваюцца справы ў самой Святланы. Яна з запалам вырабляе сувеніры з саломкі і гліны, якія можна набыць у горадзе майстроў непадалёк ад Мірскага замка. Нядаўна майстрыха захапілася пашывам абрусаў, падушак і сумак з ільняной тканіны. Плануе стварыць калекцыю жаночага адзення. “Людзі пачалі цаніць якасць і экалагічнасць, — гаворыць яна. — Лён вяртае нас да прыроды, дае энергетычную падпітку і сувязь з аўтэнтычнымі каранямі”.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара