Гайда ў нядзельную школу і гурткі «Духоўнасць»! Глядзім на праваслаўны свет вачанятамі карэліцкіх хлопчыкаў і дзяўчынак

У дзецях – наша вялікае шчасце і надзея. Таму неабходна атуліць іх любоўю, напоўніць лепшым і выхаваць у сапраўдных агульначалавечых каштоўнасцях. Гэта мы і знайшлі на духоўных занятках у прадстаўнікоў праваслаўнай супольнасці нашага краю.

У сценах Карэліцкай раённай бібліятэкі праходзяць заняткі нядзельнай школы. Духоўным выхаваннем падрастаючага пакалення тут займаецца Тамара Кардаш, па прафесіі – бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі ўстановы, па прызванні – добразычлівы і чуйны педагог.

“Шчыра кажучы, для мяне гэта зусім новы і нечаканы вопыт, – усміхаецца жанчына. – Нядзельную школу ад храма св. апосталаў Пятра і Паўла ў Карэлічах я вяду толькі другі год. І ўдзячная за такую магчымасць, бо кожная сустрэча з дзеткамі, нашы размовы пра Бога і пра Святое Пісанне напаўняюць святлом і цеплынёй. Усе заняткі мы пачынаем з малітвы перад абразом і завяршаем ёй. Як і ў звычайнай школе, у нас ёсць дзённікі, падручнікі, спецыяльныя сшыткі. Мы чытаем, разважаем на розныя тэмы, напрыклад, як сёння – пра любоў, глядзім пазнавальныя відэа, робім прэзентацыі, выкарыстоўваем гульні і красворды, наведваем царкву, ставім сцэнкі і творчыя нумары, зараз якраз ідзе актыўная падрыхтоўка да Божага Нараджэння, удзельнічаем у праваслаўных фестывалях і конкурсах, дзе нашы юныя таленты адзначаюцца дыпломамі. Частыя госці ў нас – святары, у тым ліку благачынны Карэліцкай акругі протаіерэй Мікалай Орса. А нядаўна была матушка Валянціна, якая захапіла ўсіх расказам пра паломніцкую паездку ў Святую Зямлю. Дадам, што, дзякуючы нашай нядзельнай школе і такім сустрэчам, я сама вучуся разам з выхаванцамі пазнаваць Бога, адкрываць Яго ласку і міласць у кожным моманце жыцця”.

А, між тым, нядзельную школу наведваюць дзеці самых розных узростаў. Сямігадовая Ілона Русецкая з сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы кажа, што па-царкоўнаму яе імя гучыць Іаланта, і адразу дзеліцца важнымі думкамі: “Гэта мой першы год тут, а прыйшла я сюды таму, што хачу больш пазнаёміцца з Богам. Я ведаю, што Ён вельмі добры і дапамагае ўсім. А яшчэ зараз мне падабаецца чытаць Стары Запавет, асабліва пра Ноеў каўчэг. З’явіліся ў мяне тут і новыя сябры. Мы з імі і настаўніцай ходзім у царкву, там радасна і светла”.

Яшчэ адна вучаніца сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы адзінаццацігадовая Сафія Трафімчык таксама падкрэслівае хрысціянскія карані свайго імя і адзначае, што яно перакладаецца як “мудрасць”. Шасцікласніца дадае, што менавіта развіццю гэтай якасці разам з іншымі добрымі рысамі характару падчас заняткаў надаецца вялікая ўвага: “Ужо чацвёрты год я вывучаю азы духоўнага жыцця. Дарэчы, і мая старэйшая сястра калісьці хадзіла сюды. Гэта займальны і натхняльны працэс. Новыя веды, інтэрактыўныя гульні, мора творчасці і выдатны настаўнік – тут усё так ладна спалучаецца. Апроч вучобы, мы час ад часу выступаем, што дорыць і нам, і гледачам самыя пазітыўныя эмоцыі”.

Брат і сястрычка – дзевяцігадовы Данііл і шасцігадовая Дар’я Лустач з сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы – таксама кожную нядзелю спяшаюцца на заняткі да Тамары Кардаш. Хлопчык узгадвае: “Усё пачалося са стрыечнага брата, які шмат расказваў пра тое, як здорава ў нядзельнай школе. І вось я ўжо тут два гады. Вучыцца, вядома, цікава, але яшчэ больш люблю выступаць. Асабліва запомнілася паездка ў вёску Баранавічы, ды і канцэрт на Дзень маці прайшоў весела”. Дар’я ў нядзельнай школе яшчэ з дзіцячага садка і таксама любіць сцэну. Ціхая ў паўсядзённасці, на сцэне яна ператвараецца ў сапраўдную артыстку, асабліва даспадобы дзяўчынцы ролі анёлкаў і сняжынак.

Цікавыя сустрэчы чакаюць нас і ў Карэліцкім раённым Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, дзе выхаванню хлопчыкаў і дзяўчынак у хрысціянскіх традыцыях дабрыні і міласэрнасці надаецца вялікая ўвага. “Асновы праваслаўнай культуры” ў Цырыне выкладае Людміла Шайбак, у ПалужжыІрына Бабко, у КраснымЮлія Шэўка, у ЯрэмічахЛюдміла Пляскач.

Таксама на базе ўстановы дадатковай адукацыі школьнікі з райцэнтра з задавальненнем наведваюць аб’яднанне па інтарэсах “Духоўнасць” пад кіраўніцтвам Алены Качура. Праваслаўная навука тут удала спалучаецца з утульнымі пасядзелкамі і душэўнымі размовамі пасля заняткаў за гарбатай.

Такое ж аб’яднанне па інтарэсах дзейнічае ў Карэлічах для маленькіх выхаванцаў з Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці і ясляў-сада № 1 пад кіраўніцтвам Ніны Цярэшка. Да яе мы і завіталі на адзін з заняткаў. Малеча толькі прайшла тэму стварэння свету Богам і наперабой дзялілася новымі ведамі. “Я выкладаю асновы духоўнасці і праваслаўнай культуры ўжо больш дзесяці год. Але кожны раз гэта маленькі цуд – глядзець, як дзеткі спасцігаюць Божае Слова, – заўважае Ніна Цярэшка. – Пачынала я са школьнікаў, але ўжо трэці год працую з самымі маленькімі. Мы пазнаем з імі новыя веды праз гульні, віктарыны, прэзентацыі, мультфільмы, творчасць. А яшчэ на Вялікдзень і Божае Нараджэнне рыхтуем ранішнікі. На гэтым шляху побач з намі заўжды святары. Важна таксама тое, што далучаюцца да духоўнага выхавання і бацькі. Разам мы робім важную справу – прыкладаем максімум намаганняў, каб нашы дзеці раслі ў веры, з надзеяй і любоўю”.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара