Ярким завершением республиканской благотворительной акции «Наши дети» в Кореличском районе стал детский Рождественский бал (фото+видео)
Баль… Чароўнае, загадкавае, мілагучнае слова, якое выклікае лёгкае хваляванне ў дарослых і дзяцей. Карэліцкім юным прыгажуням і галантным маладым людзям надзвычай пашанцавала адчуць чароўную атмасферу і стаць удзельнікамі дзіцячага Каляднага балю, які адбыўся 10 студзеня ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці. Такім яркім і па-сапраўднаму казачным мерапрыемствам завяршылася на Карэліччыне рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”.
Да юных удзельнікаў Каляднага балю і іх бацькоў звярнулася начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама, старшыня РА ГА “Беларускі фонд міру” Ірына Асташэвіч, якая падвяла вынікі дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” і падзякавала ўсім тым, хто прыняў удзел у добрых справах, падарыўшы карэліцкім дзецям клопат, увагу і адчуванне навагодняга цуда.
– У рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, якая крочыць па краіне з 10 снежня, для карэліцкіх дзяўчынак і хлопчыкаў было праведзена незлічоная колькасць цікавых мерапрыемстваў, – адзначыла Ірына Асташэвіч. – 757 вучняў устаноў адукацыі раёна атрымалі салодкія падарункі ад раённага выканаўчага камітэта. Практычна ўсе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы аказалі спонсарскую дапамогу школам на набыццё навагодніх падарункаў і ўмацавання матэрыяльна-тэхнічных базаў устаноў адукацыі. Актыўны ўдзел у дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” прынялі РА ГА “Белая Русь”, РА ГА “Беларускі фонд міру”, прафсаюзы раёна. Асаблівыя словы ўдзячнасці хочацца выказаць Дзяржаўнаму мытнаму камітэту, старшыня якога Юрый Сянько наведаў сацыяльна-педагагічны цэнтр Карэліцкага раёна і аказаў спонсарскую дапамогу ўстанове.
Арганізатары мерапрыемства пастараліся на славу і падрыхтавалі для юных удзельнікаў балю мноства сюрпрызаў і заняткаў. Інтэлектуалы змаглі згуляць у шашкі на пляцоўцы, арганізаванай Карэліцкай раённай бібліятэкай. Аматары фотасесій з задавальненнем пазіравалі ў святочнай фотазоне ад раённага краязнаўчага музея. Адмысловыя навагоднія і калядныя сувеніры ад раённага Дома рамёстваў прываблівалі гасцей мерапрыемства арыгінальнасцю і разнастайнасцю.
Вялікае захапленне ў юных дам і кавалераў выклікаў майстар-клас па танцах, які правяла настаўнік харэаграфіі Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў Ірына Бяляк. У выніку, навучыўшыся танцаваць “падэграс”, кожны з удзельнікаў балю адчуў незвычайнае задавальненне. Павесяліцца ад душы дапамагла юным карэліччанам казачная Чараўніцы, якая прапанавала дзецям паўдзельнічаць у разнастайных конкурсах.
Сапраўдным сюрпрызам для юных удзельнікаў балю стала з’яўленне Дзеда Мароза і Снягуркі, якія прапанавалі дзецям насычаную праграму з песнямі, танцамі, цікавымі заданнямі і рухомымі гульнямі. А колькі эмоцый у рабят выклікала крыа-шоў! Цуды з вадкім азотам здзівілі і дзяцей, і дарослых. Дзед Мароз, як сапраўдны паўночны чараўнік, замарозіў ружу, паветраны шарык, банан і нават кукурузныя салодкія палачкі, якімі потым частаваў юных гледачоў. Смак, прызнацца, вельмі незвычайны.
Паўтары гадзіны праляцелі як адно імгненне, пакінуўшы ўсмешкі на тварах дзяцей і цеплыню каляднага цуда ў іх сэрцах.
З першых вуснаў:
Надзея УРБАНОВІЧ наведала баль разам з дочкамі Ксеніяй і Сафіяй:
– На Калядны баль прыйшлі ўпершыню. Старэйшая дачка Ксенія вельмі любіць танцаваць, займаецца харэаграфіяй у гуртку пры раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці. Яна танцавала паланэз, які адкрыў баль. Гледзячы на пазітыўныя эмоцыі дзяцей, можна сказаць адно: “Свята атрымалася на ўсе 100”.
Для Сафіі ТРАФІМЧЫК Калядны баль таксама стаў першым у жыцці:
– Вобраз для мерапрыемства прыдумвалі разам з мамай. Далікатна-ружовую сукенку прапанавала мама, а я выбрала вязаную накідку, якая, на мой погляд, нясе калядны настрой. Сёння я вельмі цікава правяла час і засталася пад неймаверным уражаннем ад убачанага крыа-шоў.
Наталля ПАДСЯВАЛАВА, матуля Анастасіі, Ксеніі і Ганны:
– Малодшая Ганна асабліва загарэлася ідэяй наведаць баль. Яна сёння сапраўдная прынцэса. Хочацца выказаць словы падзякі арганізатарам мерапрыемства за бязмежныя эмоцыі дзяцей і пазітыўны настрой усіх прысутных.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара
Відэа Лізаветы АЙКЯН