Пункт погляду журналіста: Родная вёска — адна для ўсіх

Бацькоўскі кут. Нават праз шмат гадоў прыязджаем сюды зноў і зноў, каб усёй істотай дакрануцца да роднага і блізкага, каб прайсціся сцяжынкамі дзяцінства, каб адчуць паўнату чалавечага шчасця.

У сваю чаргу ўспаміны не раз ускалыхнуць душу, і ад іх аніяк не вызваліцца. Не выкрасліць з памяці тое, чым былі багаты на першай лесвіцы жыцця. Тут твае карані — і за гэта вялікая ўдзячнасць лёсу.

«ВЯРТАЦЦА СЮДЫ ЗНОЎ І ЗНОЎ»

«Чаму выбрала журналістыку? — неаднойчы дапытвалася дачка. — Гэта ж трэба было мець столькі смеласці, каб вясковай дзяўчыне рашыцца выбраць такую няпростую прафесію…»

На яе пытанне ў мяне былі свае довады: любая праца ў нашай краіне ў пашане, а веды ва ўсе часы давалі як у гарадской, так і ў сельскай школе. Што да маёй справы, то менавіта ў сельскай мясцовасці ёсць шмат прыгожага і патаемнага, што можа акрыліць душу і выклікаць шмат эмоцый. Блакітнае неба, спеў жаўрука, рамонак у жыце — паспявай толькі заўважаць ды занатоўваць у сшытку. А людзі якія тут шчырыя, адкрытыя, працавітыя — хіба не настаўнікі на жыццёвым шляху?

Для змястоўнага і цікавага жыцця ў вёсцы Вялікая Слабада ў тыя гады  функцыянавалі школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, пошта, комплексна-прыёмны пункт, магазін. Чаму было не карыстацца іх паслугамі? Чаму не жыць, не працаваць, не марыць? Моладзь заўсёды імкнулася да нязведанага, любіла ставіць мэты і дасягаць іх. З роднай вёскі выйшлі ўрачы, настаўнікі, юрысты, ваенныя, будаўнікі, рабочыя, хлебаробы — усе знайшлі сваё месца пад сонцам. Годна, сумленна, заможна жывуць, выхоўваюць дзяцей і ўнукаў. Наведваюцца ў любы сэрцу куточак.

Вось што напісала Кацярына Вараб’ёва, дачка Наталлі Пулка з Мінска, ураджэнкі Вялікай Слабады: » …Сапраўды, наша вёска заўсёды была напоўнена добрымі, працавітымі і сумленнымі людзьмі. Таму заўсёды хочацца сюды вяртацца зноў і зноў!»

ЧАЛАВЕК. ГУЧЫЦЬ ГАНАРОВА!

Сёння мае шчырыя словы пра тых, хто не здрадзіў роднай зямлі, шчыра і самааддана на ёй працаваў, годна жыў, уносіў свой уклад у скарбонку роднай Беларусі. І пачаць гэты «залаты» спіс з Міхаіла Іванавіча Чачоткі — ордэнаносца. Хлебароб узнагароджаны ордэнамі Леніна і Кастрычніцкай рэвалюцыі і медалём «За працоўную адзнаку». Яго сціплая на першы погляд праца была высока ацэнена, а працаваў Міхаіл Іванавіч на трактары і камбайне, сеяў, жаў, бульбу даглядаў — зямлю моцна любіў. У паўсядзённым жыцці — прыстойны і паважаны чалавек.

Другі ордэнаносец — Тамара Сяргееўна Сілко. Узнагароджана ордэнамі Працоўнай Славы ІІ і ІІІ ступені. Хадзіла на паляводчыя работы, была звенявой па лёну, працавала ў жывёлагадоўлі. А таксама жанчына любіць кветкі. Дом у Тамары Сяргееўны ўтульны і прыгожы, і гэта заслуга яе працавітых рук.

Пра самабытны талент Міхаіла Сцяпанавіча Чачоткі добра ведаюць на Карэліччыне. Ён — мастак, і яго карціны неаднойчы былі на розных выставах. Іх тэматыка самая разнастайная, а перавагу аддаваў ваеннай тэматыцы і пейзажам. Праходзячы міма яго хаты, заўсёды зачароўвалася, бо гэта сапраўдны церам, ад якога немагчыма адвесці вочы.

Аднавяскоўцы ў душы захавалі вялікую ўдзячнасць Зінаідзе Рыгораўне Сілко — былому фельчару-акушэру Вялікаслабодскага ФАПа — за бездакорную працу. Шмат гадоў яна служыла людзям — ратавала іх ад розных хвароб, усяляла надзею ў заўтрашні дзень. Часам адклаўшы свае справы, спяшалася па выкліку да хворых. Медыцынскі работнік меркавала, што здароўе — самая вялікая каштоўнасць у жыцці чалавека.

І ў рэшце рэшт, хачу паведаць яшчэ пра адну працоўную дынастыю. Мікалай Мікалаевіч Грэмяка працуе на роднай зямлі. Юнак у свой час пайшоў па сцяжынцы бацькі Мікалая Іванавіча. Няпроста падлічыць, колькі разнастайнай работы зрабіў — колькі пасеяў, засціртаваў, перагрузіў! Ён  трактарыст, і яго працу па праву можна назваць адной з самых патрэбных. На роднай зямлі ён знайшоў сваё прызванне, а сярод  працаўнікоў мясцовай гаспадаркі заслужыў аўтарытэт і павагу. А гэта не так і мала — чалавекам звацца. Чалавек гучыць ганарова!

ОДА МАЦІ-ПРАЦАЎНІЦАМ

У лютым гэтага года маёй маці Аляксандры Парфіраўне Гудко споўнілася б дзевяноста гадоў. Але, на вялікі жаль, яе няма побач ужо восем гадоў.

Яна шчыра і шмат працавала, меўшы адну з самых звычайных прафесій на зямлі — радавой працаўніцы мясцовага калгаса. Пазней гэтую прафесію назавуць паляводам, хаця абавязкі не зменяцца, і яны будуць выконваць усе тыя ж работы, куды іх пашле брыгадзір. Сёння ўжо дзіву даешся, як на самой справе маглі ў тыя часы жанчыны выконваць нялёгкую працу: палолі буракі, сушылі сена, капалі бульбу, выкідалі гной і шмат іншага рабілі ўручную, а пазней іх працу замяніла тэхніка.

А колькі іх было, жанчын з залатымі рукамі і добрымі сэрцамі, толькі ў маёй роднай вёсцы! На ўсё і заўсёды ў іх хапала сіл і жадання: на работу ў калгасе, на працу ў агародзе, на догляд асабістай гаспадаркі, на клопат пра сям’ю, дзяцей, унукаў. І сёння помняцца вялікія святы, да якіх селькія жанчыны рыхтаваліся загадзя з асаблівай адказнасцю і асалодай, у гэтыя дні не забывалі наведваць царкву  і ісці пешшу некалькі кіламетраў.

З гадамі мы так і не забыліся пах сырадою і смак варэння з чарніц, а таксама як сабіралі вялікія букеты вяргінь да 1 верасня са свайго агародчыка, дзе кветкі садзіла матуля.

У тыя гады не было інтэрнэту, але навіны ў вёсцы разляталіся з неймавернай хуткасцю. Тут было ўсё навідавоку, пра ўсіх і ўсё ведалі. І крый Божа, калі ты зрабіў дрэнны ўчынак, найперш будзеш трымаць адказ перад маці. І сорамна было штосьці дрэннае зрабіць, бо яна, як гаворыцца, круцілася, як вавёрка ў коле. Трэба было рана ўстаць і позна легчы спаць, быць паўнюткі дзень у працы, і гэта было нормай паўсядзённага жыцця вясковых жанчын — маці-працаўніц.

БАЦЬКОЎСКАЯ ХАТА ЯК АБЯРЭГ

Выпадкова натрапілася ў інтэрнэце на аб’яву аб продажы дома ў маёй роднай вёсцы. Уважліва разгледзела фотаздымкі, на якіх прадстаўлены пакоі дома, прысядзібны ўчастак. Ну што можна сказаць — добры дом, купляй ды жыві. Тым больш, вёска знаходзіцца непадалёку ад цэнтральнай шашы, Карэліч і Міра.

Мяне ўсхвалявала іншае: што прымушае нашчадкаў прадаваць бацькоўскі дом?

Жаданне выручыць за яго пэўную суму? Гэтая эйфарыя будзе толькі на першым часе, але ці прынясуць грошы спакой у душы? Адно бясспрэчна, што лепш, калі ў хаце хтосьці жыве, бо будыніна і прылягаючая тэрыторыя патрабуюць пастаяннага догляду. Мяркуючы па фотаздымку ў сацыяльных сетках, у сённяшніх гаспадароў з гэтым усё добра, да ўсяго прыкладзены рукі, усюды наведзены адмысловы парадак.

Ці прадаваць дом бацькоў? Кожны з нас сам прымае рашэнне. Асабіста на ўласным вопыце пераканалася, што ў хвіліны роспачы і тугі бацькоўская хата стала для мяне як абярэг. Вяртанне да роднага парога час ад часу дапамагло паверыць у сябе, свае сілы, прадаўжаць жыць далей. Сустрэчы з так бы мовіць дзяцінствам і юнацтвам былі як бальзам для душы, якая з гадамі ўсё больш супакойвалася. І дыхалася на бацькоўскім падворку лягчэй, і мары-летуценні авалодвалі…

У кожнага свае погляды, сваё стаўленне да жыцця, свая жыццёвая сітуацыя. Але пераканалася, што бацькоўская хата як абярэг можа паслужыць не раз у жыцці. Гэта ж наша спадчына, сцяжынкі бацькоў і дзядоў, па якіх яны хадзілі, тут яны жылі і працавалі, а зараз назіраюць за намі з нябёсаў. Не памыліцца б.

НАШЫ СВЯТЫНІ

Пры ўездзе ў вёску Вялікая Слабада наведвальнікаў сустракаюць дзве святыні — дзве царквы: цагляная, не дабудаваная ў тыя далёкія часы, і драўляная, якая з’явілася нядаўнім часам. Бадай, гэта і ёсць  адно з самых запатрабаваных месцаў у апошні час у вёсцы, дзе зараз могуць сабрацца землякі разам.

На вялікія святы тут праводзяцца багаслужэнні. Па просьбе сваякоў, калі нябёсы забіраюць кагосьці з аднавяскоўцаў, святар у царкве яго адпявае. Падчас службы ёсць магчымасць паслухаць пропаведзі святара, паразважаць аб сэнсе жыцця. Тут шмат абразоў і вельмі ўтульна, у вокны часта зазіраюць сонечныя праменьчыкі. І душа паступова супакойваецца, ахоплівае надзея, што родная вёска будзе жыць. Яна — адна на ўсіх, з яе ўспамінамі і традыцыямі. З людзьмі, якія тут годна жылі на працягу доўгага часу, і з тымі, хто сёння з’яўляецца яе жыхарамі. З яе заўтрашнім днём…

Галіна СМАЛЯНКА