Прадстаўнікі музея «Замкавы комплекс «Мір» і Карэліцкай раённай бібліятэкі дзеляцца ўражаннямі ад плённай паездкі на XXVII Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш
? Лілія АРЦЮХ,
дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі:
– Практычна кожны год супрацоўнікі Карэліцкай раённай бібліятэкі наведваюць Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш, каб пазнаёміцца з навінкамі літаратуры беларускіх і замежных выдавецтваў, іх прадстаўнікамі, а таксама з літаратарамі. Сёлета адзін з самых буйных кніжных форумаў на постсавецкай прасторы прайшоў ужо ў 27 раз з 5 па 9 лютага і запомніўся шэрагам падзей.
Нам давялося трапіць у сапраўдны паэтычны аўтобус, які курсіраваў у раёне станцыі метро Няміга і праспекта Пераможцаў. Ён быў тэматычна ўпрыгожаны плакатамі з выявамі класікаў беларускай літаратуры. Тут ужывую можна было спаткаць сучасных паэтаў і пісьменнікаў, пачуць бардаўскія песні ды і самім прадэкламаваць што-небудзь з айчынных твораў.
Сама выстава-кірмаш яшчэ больш уразіла нас. Мы здолелі наведаць шматлікія пляцоўкі і пазначылі, якімі выданнямі хацелі бы папоўніць фонды бібліятэк раёна. Парадавалі і прэзентацыі, у асаблівасці дзіцячага аўтара Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, паэта і празаіка Святланы Быкавай.
Цікава было пазнаёміцца з кнігамі і праектамі, якія прадстаўлялі выдавецтвы Расіі і ЗША. У прыватнасці, нашы ўсходнія суседзі прывезлі з сабой акцыю, падчас якой можна было напісаць салдацкае пісьмо, дзе паўдзельнічала наш бібліятэкар Ларыса Уладзіміраўна Кузьміч.
Шыкоўна прайшла прэзентацыя факсімільнага выдання Берасцейскай Бібліі, арганізаваная Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Затрымаліся мы і каля стэнду калег з Барысаўскай раённай бібліятэкі, дзе падзівіліся на праект “Аўтограф на памяць”. А надзённыя пытанні нашай сферы абмеркавалі з прадстаўнікамі Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі.
Плённай выдалася для нас выстава-кірмаш і на наладжванне кантактаў, бо сёлета ў нас наперадзе ІІ Міжрэгіянальны фестываль “PROдвижение КНИГИ. Библиотечные ступени” ў г.п. Карэлічы, і хочацца парадаваць яго гасцей яркімі сустрэчамі з выдаўцамі і літаратарамі.
? Ігар ЛОЖАЧНІК,
вучоны сакратар установы “Музей “Замкавы комплекс Мір”:
– Сёлета ўдзел у адным з найбуйнейшых форумаў Беларусі прынялі трыццаць краін, якія прадставілі больш за чатырыста экспанентаў. Вядома, не застаўся ў баку і наш комплекс, які з’яўляецца пастаянным удзельнікам кніжнай выставы, пачынаючы з 2016 года.
У гэтым годзе мы прапанавалі на суд народнага журы адразу дзве навінкі, якія выдадзены менавіта нашым музеем. Гаворка ідзе аб зборніку матэрыялаў міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Рэстаўрацыя гісторыка-культурных каштоўнасцей: сучасны стан і перспектывы развіцця” і “Зборы мінскіх музеяў у картатэцы ўласнасці мастацкіх аб’ектаў (1945-1952) Мюнхенскага цэнтральнага зборнага пункта” Анатолія Сінілы.
Дарэчы, на нашым стэндзе, які размяшчаўся акурат каля галоўнага ўваходу, была арганізавана аўтограф-сесія з аўтарам, дзе кожны жадаючы мог задаць пытанні і атрымаць адказ з першых вуснаў.
Увогуле, я лічу, што Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш – гэта цудоўная магчымасць прадэманстраваць свае выдавецкія дасягненні і наладзіць кантакты з прадстаўнікамі друку сусветнага рынку.
Падрыхтавалі Марына КАЗЛОВІЧ і Вікторыя КАСЦЮК
Фота прадастаўлена ўдзельнікамі апытання