Ворончанский спиртзавод экспортирует свою продукцию в Китай, Россию и Украину

Варанчанскі філіял ААТ “Гродзенскі лікёра-гарэлачны завод” мае багатую гісторыю. Пабудаваная ў канцы XVIII стагоддзя, сядзіба была ператворана ў бровар у 1898 годзе. Сёння на фасадзе спіртзавода размяшчаецца шыльда, якая нагадвае аб гістарычнай каштоўнасці будынка. Ішоў час, прадпрыемства мадэрнізавалася, асвойвала новыя накірункі вытворчасці. На сённяшні дзень Варанчанскі спіртзавод займае пэўную нішу на айчынным і замежным рынках.

 

Асноўным накірункам работы філіяла Гродзенскага лікёра-гарэлачнага завода ў Варончы з’яўляецца вытворчасць жытнёвага соладу, які шырока выкарыстоўваецца ў хлебапякарнай прамысловасці. Уважліва чытаючы этыкеткі некаторых хлебабулачных вырабаў, абавязкова заўважыце ў іх складзе такі кампанент, як солад. А гэта нішто іншае, як жыта, якое прайшло пэўную тэхналагічную апрацоўку і пераўтварылася ў адзін з двух відаў сыравіны – ферментаваны альбо неферментаваны солад.

– Штомесячная вытворчасць соладу складае прыкладна 100 тон, – адзначае выконваючы абавязкі дырэктара Варанчанскага філіяла Гродзенскага лікёра-гарэлачнага завода, галоўны інжынер Вячаслаў Аколаў. – На беларускім рынку актыўна супрацоўнічаем з Баранавіцкім, Нясвіжскім, Слуцкім і іншымі хлебазаводамі рэспублікі, а таксама прыватнай фірмай “Альфалюкс”. Да таго ж наш солад ідзе на экспарт у Расійскую Федэрацыю, Украіну. Паступова нарошчваем аб’ёмы вытворчасці. Калі ў 2018 годзе атрымана каля 800 тон соладу, то ў мінулым годзе лічба павялічылася да 1105 тон, з якіх 574 тоны рэалізавана айчынным пакупнікам, 595 тон сыравіны пайшлі на экспарт. На сённяшні дзень шукаем шляхі зніжэння выдаткаў вытворчасці, што адпаведна прывядзе да павялічэння прыбыткаў прадпрыемства.

 

Варанчанскі спіртзавод асвоіў новы накірунак работы – вытворчасць сродкаў для дэзінфекцыі, якія выкарыстоўваюцца для апрацоўкі рук і абсталявання і на 70% складаюцца з этылавага спірту. У 2019 годзе былі атрыманы ўсе неабходныя дакументы і сертыфікат на вытворчасць. На прадпрыемстве была ўсталявана нескладаная лінія па разліве дэзсродку, якая была запушчана ў чэрвені мінулага года. Першая партыя была накіравана ў якасці гуманітарнай дапамогі ў Кітай. Як адзначылі на прадпрыемстве, на сённяшні дзень рана гаварыць аб буйной вытворчасці сродкаў для дызенфекцыі з-за адсутнасці пастаянных пакупнікоў.
Выпускае Варанчанскі спіртзавод і шклоабмывальную вадкасць трох тэмпературных відаў. Аднак тут ёсць свае нюансы. Бягучая зіма была надзвычай мяккай, таму, зразумела, шклоабмывальнік, які прадугледжаны для 20-25 градусаў марозу, аказаўся незапатрабаваным. У 2019 годзе вытворчасць шклоабмывальнай вадкасці склала 44492 бутэлькі, з якіх рэалізавана 33410. Аднак такі накірунак работы Варанчанскага спіртзавода з’яўляецца сезонным і дадатковым. Але, як кажуць, год на год не прыходзіцца. Магчыма, наступнай зімой нябесная канцылярыя пацярушыць доўгачаканым снегам і варанчанскі шклоабмывальнік разыдзецца на “ўра”.
На прадпрыемстве працуе добрасумленны і адказны калектыў, у складзе якога 35 работнікаў. Дзякуючы іх стараннай працы Варанчанскі філіял працуе і развіваецца.

Аксана ЯНУШ.