Что каждый из нас должен знать о коронавирусе?

Каронавірус крочыць па планеце. Гэта факт, але, у адзін голас паўтараюць айчынныя і замежныя спецыялісты, не нагода для панікі і хаатычных дзеянняў. Веды, неабходныя меры бяспекі і граматная прафілактыка дапамогуць нам захаваць у бягучай сітуацыі і здароўе, і нервы.

На дадзены момант сітуацыя такая, што геаграфія захворвання каронавірусам у свеце пашыраецца. Па дадзеных на раніцу 3 сакавіка ва ўстановах аховы здароўя Беларусі з падазрэннем на каронавірусную інфекцыю знаходзіліся тры пацыенты: студэнт БНТУ з Ірана, бацька яго дзяўчыны і жыхарка Віцебска, якая нядаўна вярнулася з Італіі. Вечарам 3 сакавіка з’явілася афіцыйная інфармацыя аб яшчэ адным факце выяўлення РНК каронавіруса ў Беларусі. Раніцай 4 сакавіка пацверджаны яшчэ два выпадкі. Ва ўсіх шасцярых стан здавальняючы, клінічных праяваў хваробы няма.

Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь прымае неабходныя меры па папярэджанні завозу, своечасовым выяўленні і недапушчэнні распаўсюджвання захворвання ў нашай краіне. Зараз праводзіцца актыўны лабараторны кантроль усіх грамадзян, якія вярнуліся з эпідэміялагічна неспрыяльных раёнаў, у прыватнасці — Кітая, Рэспублікі Карэя, Ірана і Італіі.

Як адзначылі ў Карэліцкім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, на працягу 14 дзён з моманту прыезду з названых краін кожны мусіць прайсці абследаванне. Калі з чалавекам у першыя суткі па вяртанні з паездкі не звязаўся медработнік тэрытарыяльнай арганізацыі аховы здароўя, то грамадзянін павінен самастойна патэлефанаваць у паліклініку па месцы жыхарства (часовага знаходжання) па нумары “выклік урача на дом” і абавязкова паведаміць, што прыехаў з эпідэміялагічна неспрыяльнага раёна, а таксама ўказаць дату вяртання і звесткі пра стан здароўя (звярніце ўвагу на прыкметы рэспіраторнай інфекцыі, тэмпературу цела).

Таксама ў райЦГЭ рэкамендавалі ў мэтах прафілактыкі на працягу 14 дзён з моманту прыезду з Кітая, Рэспублікі Карэя, Ірана і Італіі абмежаваць ці мінімізаваць кола стасункаў, не наведваць масавыя мерапрыемствы і аб’екты з вялікім скопішчам людзей (напрыклад, гандлёвыя цэнтры, кінатэатры), выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай абароны органаў дыхання пры знаходжанні з іншымі людзьмі (аднаразовыя медыцынскія маскі, якія, нагадаем, варта мяняць кожныя 2-3 гадзіны), захоўваць гігіену рук (з выкарыстаннем мыла ці антысептычнага сродку) і “рэспіраторны этыкет” пры чыханні ці кашлі, праветрываць і праводзіць рэгулярную вільготную ўборку памяшкання.

Урач-інфекцыяніст Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы Алег Бурак дапоўніў рэкамендацыі калег наступнымі парадамі: варта сачыць за вільготнасцю памяшкання (норма – 40-80%), каб абараніць слізістую абалонку, піць больш вадкасцяў, пры цяжкім стане і з’яўленні задышкі – тэрмінова выклікаць урача. Звярнуў спецыяліст увагу і на той факт, што ні ў якім разе не трэба панікаваць, важна падыходзіць да сітуацыі граматна і спакойна.

А менавіта ведаць, што каронавірус – гэта РНК-змяшчаючы вірус з групы каронавірусаў. Яго інкубацыйны перыяд (ад заражэння да першых сімптомаў) складае ад 1 да 14 дзён (у сярэднім – 7). У выпадку спрыяльнага зыходу захворванне завяршаецца поўным выздараўленнем працягам 5-7 дзён і не пакідае хранічных наступстваў. Шлях перадачы каронавіруса паміж людзьмі – паветрана-кропельны і кантактны. Гаворка тут ідзе больш пра цесныя стасункі, напрыклад, у сям’і, ці пра ігнараванне неабходных санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, бо часцей за ўсё вірус трапляе ў арганізм праз кан’юнктыву вачэй: брудныя рукі, чых заражанага і г.д. У групе рызыкі – людзі больш сталага ўзросту ў сувязі з развіццём віруснай пнеўманіі і дыхальнай недастатковасцю.

Наконт сімптомаў захворвання: яны неспецыфічныя і мала чым адрозніваюцца ад звычайнай вострай рэспіраторнай інфекцыі. Але што характэрна? Каронавірус, як правіла, адразу атакуе ніжнія дыхальныя шляхі, правакуе развіццё віруснай пнеўманіі з характэрнымі сімптомамі – кашаль, слабасць, высокая тэмпература, задышка. Гэтым ён адрозніваецца ад тых ВРЗ, якія паражаюць верхнія дыхальныя шляхі і праяўляюцца ў большай ступені праз насмарк і боль у горле, паступова зыходзячы ніжэй. Яшчэ для каронавіруса характэрны кан’юнктывіт, часам дыярэя. Але ж гэтыя сімптомы не кантрольныя і сустракаюцца, напрыклад, пры грыпе ці энтэравірусе. Для пастаноўкі дыягназа выкарыстоўваюцца тэст-сістэмы і ПЦР-дыягностыка, якія вызначаюць наяўнасць віруса па крыві ці макроце.

Адзначым, што ў Беларусі наладжаны ва ўсіх 36 пунктах пропуску на дзяржаўнай граніцы ўзмоцнены санітарна-каранцінны кантроль асоб, якія перасякаюць тэрыторыю нашай краіны. Кожны дзень яго праходзяць каля 20 тысяч чалавек. Да слова, Сусветная арганізацыя аховы здароўя не рэкамендуе закрываць граніцы найперш па той прычыне, што гэта будзе стымуляваць бескантрольную міграцыю, а значыць, медыкам стане цяжэй назіраць за рэальным узроўнем распаўсюджвання віруса. Таксама ў нашай краіне ўзмоцнены дэзінфекцыйныя мерапрыемствы ў аэравакзальным комплексе Нацыянальнага аэрапорта “Мінск”, на чыгуначных вакзалах і аўтавакзалах, на транспартных сродках. На дадзены момант няма неабходнасці ўводзіць паўсюдна масачны рэжым. Пры гэтым, улічваючы попыт, праводзяцца дадатковыя закупкі аднаразовых медыцынскіх масак. І ў цэлым у Беларусі праца санітарна-эпідэміялагічнай службы, хуткай медыцынскай дапамогі, амбулаторна-паліклінічных і бальнічных арганізацый аховы здароўя ажыццяўляецца ў рэжыме павышанай гатоўнасці. Адпрацаваны і алгарытм дзеянняў медыцынскіх і іншых работнікаў пры падазрэнні на захворванне.

Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ