В Кореличском районе за последние 5 лет количество детей, отобранных у горе-родителей, уменьшилось в 4 раза

Нараджэнне дзіцяці — заўсёды цуд. Вось толькі адны бацькі ўспрымаюць яго як падарунак і благаславенне нябёсаў, для іншых жа з’яўленне на свет маленькага чалавека — лішні рот і непрыемны клопат. Такіх гора-бацькоў часцей можна застаць у п’янай кампаніі сяброў-сабутэльнікаў, чым каля дзіцячай калыскі, і тады клопат пра дзяцей бярэ на сябе дзяржава. Аб праблеме сацыяльнага сіроцтва сёння мы гаворым з намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх Карэліцкага райвыканкама Вольгай Базар.

✅ — Вольга Дзмітрыеўна, у апошнія гады ў Беларусі адбыліся значныя змены ў падыходах да працы з сям’ёй. А пераломным момантам стала прыняцце 24 лістапада 2006 года спецыяльнага Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у сацыяльна небяспечных сем’ях». З якой мэтай створаны гэты Дэкрэт?

— Ужо сама назва Дэкрэта №18 кажа пра тое, што меры, якія ў ім прадугледжаны, накіраваны на абарону правоў і законных інтарэсаў дзяцей, якія пражываюць у сацыяльна небяспечных сем’ях, павышэнне адказнасці бацькоў, якія не выконваюць абавязкаў па выхаванні і ўтрыманні сваіх дзяцей. У дадатак да дадзенага Дэкрэта на дзяржаўным узроўні прыняты шэраг дакументаў, якія рэгламентуюць дзейнасць ад выяўлення дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, да кампенсацыі выдаткаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні.

Вызначаны крытэрыі і паказчыкі сацыяльна небяспечнага становішча. Вылучаны тры асноўныя крытэрыі. Першы, калі бацькі не задавальняюць асноўныя жыццёвыя патрэбы дзiцяцi. Сутнасць другога крытэрыя заключаецца ў тым, што бацькі не забяспечваюць нагляд за паводзінамі дзіцяці і яго ладам жыцця, і як следства дзіця парушае закон. І трэці крытэрый, калі бацькі вядуць амаральны лад жыцця, злоўжываюць сваімі правамі, жорстка абыходзяцца з дзецьмі.

На 1 красавiка 2020 года у раённым банку даных налічваецца 26 сем’яў, дзе 52 дзiцяцi знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

✅ — Якія меры ўздзеяння прымяняюцца да гора-бацькоў?

— У нашай дзяржаве заканадаўча замацавана, што кожнае дзіця мае права на жыццё ў бяспечных і дастойных умовах. У выпадку, калі бацькі (ці адзін з іх) вядуць антыграмадскі лад жыцця, злоўжываюць алкаголем, не належна выконваюць абавязкі па выхаванні і ўтрыманні дзяцей, аказваюць на іх шкоднае ўздзеянне, то рашэннем камісіі па справах непаўналетніх дзеці прызнаюцца маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і адбіраюцца у бацькоў. У такім выпадку непаўналетнія змяшчаюцца на дзяржаўнае забеспячэнне. Бацькоў жа ставяць на ўлік у аддзел унутраных спраў, абавязваюць працаўладкавацца, штомесячна спаганяюць з іх расходы, затрачаныя на ўтрыманне дзяцей. Тыя, хто мае моцную залежнасць ад алкаголю і не жадае лячыцца ад гэтай залежнасці, накіроўваюцца ў лячэбна-працоўны прафілакторый.

У 2020 годзе камісіяй па справах непаўналетніх у адной сям’і адабраны і змешчаны на дзяржаўнае забеспячэнне 2 дзяцей. Усяго за перыяд дзеяння дэкрэта адабрана і змешчана на дзяржзабеспячэнне 373 дзіцяці са 198 сем’яў.

✅ — Як вядома, згодна з Дэкрэтам, з моманту адабрання дзяцей бацькі становяцца асобамі, абавязанымі кампенсаваць расходы па іх утрыманні на дзяржаўным забеспячэнні.

— Для непрацуючага з бацькоў прадугледжаны прымусовыя меры працаўладкавання і кантроль за выхадамі на працу. На 1 красавіка 2020 года ў раённым банку даных налічваецца 66 абавязаных асоб, з іх 58 працуюць, 8 адбываюць пакаранне і прыцягнуты да працы. Выкананне працоўных абавязкаў гэтай катэгорыі грамадзян кантралюецца працадаўцамі, упраўленнем па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама, аддзелам унутраных спраў райвыканкама. Пры здзяйсненні прагулаў на працы абавязаныя асобы прыцягваюцца да адказнасці. Так, у 2019 годзе было складзена 95 адміністрацыйных пратаколаў, да крымінальнай адказнасці прыцягнуты 3 абавязаныя асобы за ўхіленне ад пакрыцця выдаткаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, 4 адпраўлена ў лячэбна-працоўны прафілакторый.

✅ — Дастукацца да гора-бацькоў бывае няпроста. Часам менавіта страх страціць дзіця спыняе некаторых з іх, прымушае ўзяцца за розум, перагледзець свой лад жыцця і стаць на шлях выпраўлення…

— Канчатковае рашэнне аб вяртанні дзяцей у біялагічныя сем’і прымаецца толькі пасля выканання бацькамі ўсіх рэкамендацый з улікам заключэнняў службаў, якія ўдзельнічалі ў прафілактычнай рабоце. Бацькам прадастаўляецца тэрмін да 6 месяцаў, каб выправіць сітуацыю ў сям’і, пакуль іх дзеці праходзяць рэабілітацыю ў дзіцячым сацыяльным прытулку. Калі за гэты час мамы і таты працаўладкоўваюцца, праходзяць лячэнне ад алкагольнай залежнасці, ствараюць нармальныя ўмовы ў доме, дзеці па рашэнні камісіі вяртаюцца дамоў. І паверце, тады шчаслівыя ўсё: і дзеці, і бацькі, і члены камісіі.

Так, у 2019 годзе зняты з уліку сацыяльна небяспечных 38 сямей, выхоўваючых 64 дзіцяці, 5 дзяцей вярнуліся ў 3 біялагічныя сем’і. З моманту дзеяння Дэкрэта №18 у раёне 239 дзяцей вернуты ў 118 біялагічных сем’яў, пры гэтым бацькі 77 сем’яў пазбаўленыя бацькоўскіх правоў у адносінах да 131 дзіцяці.

✅ ЯШЧЭ КРЫХУ СТАТЫСТЫКІ

На працягу пяці апошніх гадоў у раёне назіраецца тэндэнцыя па зніжэнні колькасці адабраных дзяцей і бацькоў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў. Так, у 2015 годзе было забрана 40 дзяцей з 24 сем’яў і бацькі 12 сем’яў былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў у адносінах да 18 дзяцей. На працягу 2019 года пад дзяржаўнай абаронай апынуліся 10 дзяцей з 5 сем’яў, а бацькі не пазбаўляліся бацькоўскіх правоў. Такая статыстыка дазваляе канстатаваць, што Дэкрэт №18 стаў дзейсным інструментам па барацьбе з сямейнай недабранадзейнасцю.

Іна ЛЕЙКА