Дзяржаўная падтрымка спорту будзе аказвацца пры ўмове высокіх дасягненняў
Дзяржаўная падтрымка спорту будзе аказвацца пры ўмове высокіх дасягненняў, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на цырымоніі адкрыцця Палаца спорту «Уручча» і міжнароднага дзіцячага турніру па гандболе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб выкананні яго даручэнняў па рэканструкцыі і ўводзе ў эксплуатацыю Палаца спорту «Уручча» дзяржаўнай установы «Спартыўны камітэт Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь». Гэты ўніверсальны спартыўны комплекс прызначаны для падрыхтоўкі нацыянальных зборных каманд, спартыўных клубаў, спецыялізаваных спартыўных класаў Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча па многіх відах спорту, у прыватнасці гандболе, валейболе, баскетболе і міні-футболе. Тут могуць праводзіцца міжнародныя спартыўныя форумы самага высокага ўзроўню. Акрамя таго, займацца фізкультурай і спортам змогуць ваеннаслужачыя, курсанты Ваеннай акадэміі. Аснову спартыўнага аб’екта складаюць тры гульнявыя пляцоўкі: дзве спаборніцка-трэніровачныя (з трыбунамі для гледачоў на 300 і 3 тыс. месц і магчымасцю іх павелічэння) і адна трэніровачная. Акрамя названых відаў спорту ўсе пляцоўкі прадугледжваюць магчымасць падрыхтоўкі тэнісістаў.
Як праінфармавалі кіраўніка дзяржавы, у ходзе будаўніцтва максімальна выкарыстоўваліся беларускія будаўнічыя матэрыялы, а таксама частка абсталявання.
Прэзідэнт закрануў тэму стварэння айчынных спартыўных трэнажораў. Ён перакананы, што іх неабходна вырабляць. «Трэба абавязкова гэта зрабіць. І не трэба баяцца пачынаць гэту вытворчасць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. У якасці пазітыўнага прыкладу таго, што беларускім спецыялістам гэта пад сілу, ён прывёў поспехі ў галіне ваеннай тэхнікі.
Аляксандр Лукашэнка асобна закрануў тэму развіцця гандбола, які прыўзнялі на нейкі ўзровень, але неабходны штуршок для яго належнага развіцця. Прэзідэнт не сумняваецца, што беларускія гандбалісты змогуць дасягнуць высокіх вынікаў.
Разам з тым ён заўважыў, што грошай на ўтрыманне Палаца спорту «Уручча» ніхто даваць не будзе. Кіраўніцтва аб’екта павінна паклапаціцца аб тым, як зарабляць сродкі.
Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з функцыянальнымі магчымасцямі новага спартыўнага аб’екта, папрысутнічаў на трэніроўцы гандбольнага клуба «СКА-Мінск». Ён цёпла паразмаўляў з гандбалістамі і сфатаграфаваўся з імі.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка папрысутнічаў на трэніроўцы нацыянальнай зборнай па бадмінтоне.
БЕЛТА.