Выпадкі падзення дзяцей з вокнаў часта звязаны з нізкай інфармаванасцю бацькоў аб фактарах рызыкі
Выпадкі падзення дзяцей з вокнаў часта звязаны з нізкай інфармаванасцю бацькоў аб фактарах рызыкі. Такое меркаванне на прэс-канферэнцыі выказала загадчыца лабараторыі клінічнай неанаталогіі, рэабілітацыі нованароджаных і дзяцей першага года жыцця РНПЦ «Мацi i дзiця» Таццяна Гнядзько.
«Я думаю, што гэта звязана з неінфармаванасцю бацькоў наконт фактараў рызыкі. Маскітныя сеткі — гэта пэўная падманка для бацькоў. Ствараецца ілюзія перашкоды. Але маскітная сетка не з’яўляецца перашкодай для дзіцяці, якога цікавіць знешняе асяроддзе», — сказала Таццяна Гнядзько. Павелічэнне колькасці падзенняў малалетніх з вокнаў таксама можа быць звязана з больш шырокім выкарыстаннем пластыкавых вокнаў, якія значна прасцей адкрываюцца, чым драўляныя рамы.
Аналіз прычын падзення дзяцей з вышыні сведчыць, што ў асноўным сем’і, дзе здараецца такая трагедыя, добранадзейныя. Нярэдка малышы застаюцца пад наглядам старэйшых братоў і сясцёр, бабуль і дзядуляў. Таму, паводле слоў загадчыцы лабараторыі, трэба павышаць інфармаванасць аб фактарах рызыкі не толькі бацькоў, але і іншых членаў сям’і. Галоўным сродкам прафілактыкі мог бы стаць выпуск вокнаў з замкамі, якія будуць абмяжоўваць іх адкрыццё для дзяцей. Немалаважна адсутнасць на балконах, побач з акном крэслаў, табурэтак, іншых прадметаў, што могуць быць выкарыстаны ў якасці прыступкі. «У большасці выпадкаў дзеці самі падцягвалі элементы мэблі, станавіліся на падаконнік і, не маючы дастатковага каардынацыйнага навыку, выпадалі», — сказала Таццяна Гнядзько.
Значнай праблемай застаюцца ўтапленні. Апошнім часам значна шырэй сталі выкарыстоўвацца басейны. Для дзяцей да трох-чатырох гадоў 20 см — гэта небяспечная глыбіня. Бацькам важна памятаць аб элементарных правілах прафілактыкі. Басейн, напоўнены вадой, павінен закрывацца. Павінны адсутнічаць лесвічкі, прыступкі, каб дзіця не магло туды залезці. Нельга пакідаць там якія-небудзь цацкі, што былі б прывабнымі для маленькага дзіцяці. У цэлым ні ў якім разе нельга пакідаць малыша без нагляду.
Загадчыца лабараторыі папярэдзіла аб магчымай траўматызацыі ў сувязі са з’яўленнем манет. У доме, дзе ёсць маленькае дзіця, для захоўвання кашалькоў, сумак трэба вызначыць спецыяльнае месца, куды дзіця не зможа залезці.
На дзіцячых пляцоўках дзеці заўсёды павінны знаходзіцца ў межах дасягальнасці.
«У цэлым усвядомленае бацькоўства — гэта асноўная магчымасць для прафілактыкі дзіцячага траўматызму», — сказала на заканчэнне спецыяліст.
БЕЛТА.