Беражыце сваіх матуль!
Беражыце сваіх матуль!
Гэтае пажаданне чырвонай стужкай праходзіла праз сустрэчу, якую арганізавалі з нагоды Дня маці ўдзельнікі дзённага знаходжання для маладых інвалідаў у ДУ “Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна”.
На яе былі запрошаны выхаванцы ДУА “Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Карэліцкага раёна” разам са сваімі матулямі.
Мама — самы дарагі чалавек. Яна любіць дзяцей такімі, якімі ёсць, і падтрымае ў любую хвіліну. Менавіта ёй прысвячаліся найлепшыя словы і песні. Яна заслужыла ўвагу і павагу сваім жыццём і адносінамі да дачок і сыноў.
Дырэктар ЦСАН Інэса Мікалаеўна Семібратава, назваўшы маці анёлам-ахоўнікам, якая дорыць радасць і хвалюецца за дзяцей, адрасавала ім пажаданні здароўя, цярпення, любові, дабрабыту, удачы.
Айцец Георгій гаварыў пра тое, што не трэба забываць пра маці, якой абавязаны жыццём, выказваць падзяку сваімі справамі. Як мы будзем адносіцца да маці, так і нашы дзеці будуць адносіцца да нас.
З нагоды свята былі падрыхтаваны музычныя падарункі. Руслан Ганчароў выканаў песні “Ромашка белая”, “Помолись за меня, мама…”, “Твое сердце из чистого золота”. Аліна Мацко, Іна Клаўсуць і Анастасія Азаданава споведзь душы матулям выказалі ў вершаваных радках. Таццяна Мікалаеўна Мацко звярнулася да дзяцей з наказам, каб яны бераглі сваіх матуль і з любоўю да іх адносіліся. Да глыбіні душы кранула прытча “Ангел-мама”.
Выхаванцы ДУА “Яслі-сад № 1 г. п. Карэлічы” таксама падарылі мамам і бабулям музычныя нумары (кіраўнік Віктар Барысавіч Мялешка). Верш Соф’і Васько “Што такое шчасце?” прымусіў задумацца як дарослых, так і дзяцей над гэтым пытаннем.
Усхвалявалі і словы вядучых сустрэчы, спецыяліста аддзялення Алены Генадзьеўны Васько і наведвальніцы Ліаны Дзіско.
Не абышлося без падарункаў для матуль і бабуль. Ім уручылі “сэрцайкі”, якія зрабілі сваімі рукамі ўдзельнікі аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў (кіраўнікі гурткоў Наталля Міхайлаўна Маліко і Іна Генадзьеўна Ляўковіч). Праявіў клопат пра матуль і раённы выканаўчы камітэт, выдзеліўшы сродкі на падарункі з нагоды Дня маці.
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Караліны КУЧУК.