“Саламяны цуд” — гэта пра вырабы Веры Яўгеньеўны Салдатавай з аграгарадка Райца

Добрая вестка прыйшла ў нашу ўстанову: народны майстар Вера Яўгеньеўна Салдатава з аграгарадка Райца, якая прадстаўляла аддзел рамесніцкай дзейнасці “Карэліцкі Дом рамёстваў” у абласной выставе-конкурсе “Саламяны цуд” у намінацыі “Лепшыя вырабы традыцыйнага саломапляцення”, выйшла пераможцай і ўзнагароджана Дыпломам I ступені.Бытовики Салдатова 048
Веру Яўгеньеўну Салдатаву добра ведаюць у нашым раёне. Некалькі гадоў таму, пакінуўшы Мінск, разам з мужам Аляксандрам Васільевічам прыехалі ў Райцу. У сядзібным доме Раецкіх, якому споўнілася 200 гадоў, жывуць, займаюцца яго аднаўленнем і ствараюць сапраўдныя цуды.
Вера Яўгеньеўна — майстар па саломапляценні, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Яе асаблівы гонар — саламяныя зубры. Да прыкладу, адзін з іх быў перададзены ў падарунак прэзідэнту Венесуэлы.
А яшчэ ў яе вельмі добра атрымліваюцца саламяныя павукі — яны вызначаюцца сваёй арыгінальнасцю і непаўторнасцю. Наконт павукоў майстар ведае паданне. Яны ўбіралі ў сябе ўсё негатыўнае, таму іх раз у год спальвалі, а пад Каляды ўся сям’я садзілася адзін каля аднаго і зноў пляла павука, якога затым падвешвалі да столі хаты.
Створанае Верай Яўгеньеўнай трэба назваць сапраўдным шэдэўрам. Скіруеш позірк на яе вырабы — і вачэй немагчыма адвесці. Бачыш творы ручной работы, якія нясуць у сабе часцінку летняга сонца, пад промнямі якога залаціцца салома. Ты дакранаешся на першы погляд да простага, але паступова разумееш, што гэта ўнікальнае. Сапраўды, колькі велічнасці ў гэтых вырабах! Потым яшчэ не раз будзеш успамінаць пра саламяныя цуды, якія аднойчы ўзрушылі цябе і надоўга засталіся ў памяці.
Пазней станеш нагадваць пра тое, што вядома пра саломапляценне, і да драбніц успамінаць прачытанае. У Беларусі саломкай займаліся даўно. За плячыма рамясла не адна тысяча гадоў. Нашы продкі верылі ў Боскую сілу саломы і зерня. З саломай сяляне звязвалі сваё будучае жыццё, даруючы ёй ролю прадказальніцы ў шматлікай каляднай варажбе. Зернем асыпалі маладых на вяселлі, а маладую саджалі на салому, каб сіла раслін перадIалася сям’і і дзецям.
У адрозненні ад рамясла мінулых стагоддзяў, якое ўзнікла і развівалася ў сельскім асяроддзі, цэнтрамі саломапляцення ў нашы дні сталі і гарады. Саломка для творчых людзей — матэрыял, пры дапамозе якога яны выказваюць свае пачуцці і думкі, паказваюць свае адносіны да яго. Саломапляценне захоўваецца і развіваецца сучаснікамі як найвялікшая культурная і духоўная спадчына, якая дасталася нам ад продкаў.
Юлія БАЯРЭНКА,
загадчык аддзела
рамесніцкай дзейнасці
“Карэліцкі Дом
рамёстваў”.
Фота з архіва рэдакцыі.

Добавить комментарий