5 января — День работников социальной защиты
Дзень работнікаў сацыяльнай абароны Беларусі — свята тых, хто па прафесійным абавязку і закліку сэрца клапоціцца пра людзей, якія маюць патрэбу ва ўвазе, падтрымцы і дапамозе. З гэтай нагоды журналіст раённай газеты «Полымя» гутарыць з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Інай Аляксандраўнай Богуш.
— Іна Аляксандраўна, па якіх накірунках працуюць супрацоўнікі ўзначальваемага Вамі ўпраўлення, і якую задачу перад сабой ставіце?
— У структуры ўпраўлення налічваюцца чатыры аддзелы: назначэння і выплаты пенсій, дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва, працы і заработнай платы і сектар бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці. У склад сістэмы ўпраўлення ўваходзіць ДУ «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна».
На тэрыторыі раёна функцыянуе дзяржаўная ўстанова сацыяльнага абслугоўвання «Жухавіцкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў». Пры Мірскай гарпасялковай бальніцы і Лукскай бальніцы сястрынскага догляду маецца 50 сацыяльных ложкаў.
Упраўленне ажыццяўляе сваю дзейнасць з іншымі структурнымі падраздзяленнямі райвыканкама, мясцовымі Саветамі дэпутатаў, раённымі службамі і ведамствамі, грамадскімі арганізацыямі, наймальнікамі.
Асноўнай задачай з’яўляецца рэалізацыя асноўных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў сацыяльна-працоўнай сферы, уключаючы комплекснае рашэнне пытанняў аплаты працы, умоў і аховы працы, садзеяння занятасці насельніцтва, альтэрнатыўнай службы, дзяржаўнага сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай падтрымкі насельніцтва, дэмаграфічнай бяспекі, паляпшэння сацыяльна-эканамічных умоў жыццядзейнасці сям’і, сацыяльных гарантый насельніцтва раёна.
— У жыхароў раёна на слыху было і застаецца пытанне павышэння пенсійнага ўзросту. Што б Вы маглі сказаць на гэты конт чытачам раённай газеты «Полымя»?
— 11 красавіка 2016 года Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь прыняты Указ №137 «Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння». Указам прадугледжваецца павышэнне агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту з 1 студзеня 2017 года штогод на 6 месяцаў да дасягнення ўзросту мужчынамі 63 гадоў, а жанчынамі — 58 гадоў. Павышэнне пенсійнага ўзросту будзе ажыццяўляцца паступова, з 1 студзеня кожнага года — на шэсць месяцаў, адначасова для абодвух палоў, з захаваннем дзеючай пяцігадовай розніцы ў пенсійных узростах мужчын і жанчын.
Неабходна адзначыць, што павышэнне пенсійнага ўзросту прадугледжана для ўсіх катэгорый грамадзян з мэтай забеспячэння аднолькавага, роўнага падыходу. Адначасова з павышэннем агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту прадугледжваецца павышэнне пенсійных узростаў для назначэння льготных (датэрміновых) працоўных пенсій па ўзросту і за выслугу гадоў у адпаведнасці з законамі Рэспублікі Беларусь ад 17 красавіка 1992 г. «Аб пенсійным забеспячэнні», ад 6 студзеня 2009 г. «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый», ад 15 чэрвеня 2006 г. «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь», ад 14 чэрвеня 2003 г. «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь», а таксама для назначэння штомесячнага грашовага ўтрымання па Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 лістапада 2006 г. №705 «Аб штомесячным утрыманні асобных катэгорый дзяржаўных служачых». Пенсійны ўзрост, які дае права на ўказаныя віды пенсій і штомесячнае грашовае ўтрыманне, павышаецца штогод з 1 студзеня на 6 месяцаў, але не больш, чым на 3 гады ў агульнай складанасці (падпункт 1.2 пункта 1 Указа).
8 снежня 2014 года прыняты Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №570 «Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння». У адпаведнасці з дадзеным Указам патрабуемы стаж работы з уплатай страхавых узносаў для назначэння пенсіі павялічваецца штогод на 6 месяцаў да дасягнення да 2025 года 20 гадоў. У 2017 годзе патрабуемы стаж складзе 16 гадоў. Іншыя стажавыя патрабаванні (агульны стаж, спецыяльны стаж) застануцца ранейшымі.
— Прафесія сацыяльнага работніка — адна з запатрабаваных у нашай краіне, а клопат пра састарэлых людзей і інвалідаў — асноўны. Скажыце, а хто можа быць залічаны на надомнае абслугоўванне?
— На надомнае абслугоўванне прымаюцца грамадзяне пажылога ўзросту, якія дасягнулі 60 гадоў і па заключэнні ўрачоў медустаноў маюць патрэбу ў абслугоўванні пры адсутнасці супрацьпаказанняў, у тым ліку: адзінокія, адзінока пражываючыя, інваліды ІІ групы, інваліды, якія не дасягнулі пенсійнага ўзросту, і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, у аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму залічана на надомнае абслугоўванне 409 чалавек.
Грамадзяне, якія не могуць быць залічаны на надомнае абслугоўванне па стану здароўя і маюць патрэбу ў пастаянным пабочным доглядзе, накіроўваюцца на медыка-сацыяльныя ложкі ў Мірскую гарпасялковую бальніцу ці Лукскую бальніцу сястрынскага догляду, а таксама могуць быць аформлены па догляду ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
— А пра якія новыя віды паслуг можаце паведаміць?
— У кастрычніку 2016 года ў г. п. Карэлічы створаны Дом сумеснага самастойнага пражывання, у якім знайшлі прытулак чатыры састарэлыя грамадзяне. Да іх наведваецца сацыяльны работнік і аказвае пэўныя паслугі.
У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва аднавілася работа па мыццю бялізны для малазабяспечаных катэгорый грамадзян. Абсталяваны міні-пральны блок (2 пральныя машыны, машына для сушкі бялізны, гладзільная дошка, прас). Гэта нам прадаставіла дабрачыннае грамадскае аб’яднанне «Сафія» з мэтай пашырэння спектру паслуг.
Разам з тым хочацца адзначыць, што створаны банк даных адзінокіх грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, якія жывуць на тэрыторыі раёна, і ў якім па кожнаму грамадзяніну ёсць звесткі па матэрыяльна-бытавому становішчу. Банк папаўняецца штотыднёва — уносяцца новыя звесткі.
— Ці ёсць тое, што асабліва радуе душу?
— Вядома. Гэта людзі пажылога ўзросту і інваліды, якія ахвотна наведваюць розныя гурткі пры Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Для іх арганізоўваюцца экскурсіі, яны — удзельнікі розных конкурсаў, акцый, міні-праектаў, якія праводзяцца з царквою і работнікамі культуры. І радуе, што арганізатары ўсяго гэтага — спецыялісты сваёй справы.
— Іна Аляксандраўна, што б Вам хацелася пажадаць з нагоды прафесійнага свята?
— Словы ўдзячнасці адрасую людзям, якія працуюць у сацыяльнай сферы і сумленна выконваюць свае прафесійныя абавязкі. Асаблівыя словы прызнання — нашым ветэранам, якія стаялі ля вытокаў гэтай сістэмы і сумленна служылі на карысць грамадзян Карэліччыны. Усім жадаю здароўя, даўгалецця, дабрабыту, няхай збываюцца мары.
Падрыхтавала да друку
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Іны ЛЕЙКА.