«Вы были самой доброй с нами, прощая тысячи проказ…»
Звычайна аб сакрэтах шчаслівага прафесійнага самавызначэння ці наогул шчаслівага жыцця пытаюцца ў вядомых і папулярных людзей, чые імёны і дасягненні на слыху і, бывае, не заўважаюць, што сакрэтамі гэтымі не ў меншай меры валодаюць людзі, на першы погляд звычайныя, празмерная сціпласць якіх не дазваляе ім раскрыць свае каштоўныя асаблівасці для іншых. І толькі блізкае акружэнне ведае цану шчасця быць разам з імі ці то ў роднасці, ці то ў сяброўстве, ці ў працоўных адносінах, наталяючыся іх людскасцю. Яны жывуць спакойна і хораша, бесканфліктныя, бескарыслівыя, чэсна працуюць, поўнасцю аддаючыся любімай справе, не патрабуючы лішняй увагі да сваёй асобы. Любоў Анатольеўна Меляняка, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы, нядаўна сустрэўшая 55-гадовы юбілей, — з ліку такіх людзей. Сапраўдная Жанчына, Жонка, Маці, Сяброўка, Цудоўны Настаўнік. Гэта не толькі маё меркаванне як былой калегі, але і меркаванне сённяшніх калег, вучняў, іх бацькоў, праз якія чырвоным радком праходзіць адна думка: настаўнікам пачатковых класаў трэба нарадзіцца, таму што ў яго асобе павінны прысутнічаць Богам закладзеныя рысы характару, жыццёвыя арыенціры, уласцівыя толькі сапраўднай матулі ў самым вялікім значэнні гэтага слова. Любоў Анатольеўна надзелена імі спаўна.
— Любоў Анатольеўна, — зазначае дырэктар СШ №1 А. А. Вярбіцкая, — як другая мама для маленькага чалавечка. Яе вызначаюць бясконцая любоў да дзяцей, цярплівасць, жаданне прыгарнуць кожнае дзіцятка да свайго спагадлівага сэрца, імкненне навучыць тварыць дабро, супраціўляцца злу, мужна пераносіць цяжкасці. Настаўніца для дзяцей — бясспрэчны прыклад у паводзінах, у правільнасці светапогляду, у знешнім выглядзе. Яе ўрокі напоўнены не толькі пазнавальным, але і выхаваўчым патэнцыялам. Яна ўмее раскрыць здольнасці кожнага вучня, памятаючы: ад якасці закладзеных у пачатковай школе ведаў залежыць моц фундаменту, на якім у будучым будзе трымацца будынак іх самастойнага жыцця. Другімі словамі, штодзённа здае экзамен, прычым на “выдатна”, на адпаведнасць абранай прафесіі, на чалавечую годнасць перад вучнямі, бацькамі, калегамі, перад сваім сумленнем.
— Мой малодшы сын Кірыл вучыўся ў Любові Анатольеўны ў класе, — гаворыць начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама І. М. Санчук, — і заўсёды з радасцю бег у школу. У яе быў цесны мацярынскі кантакт і з выхаванцамі, і з намі, бацькамі. Дзяцей яна заўсёды сустракала з усмешкай, ніколі не павышала голасу на іх, разумела асаблівасці характару кожнага, таму яе так любілі вучні.
— Галоўнае ў характары Любові Анатольеўны, — дзеліцца думкамі завуч СШ № 1 г. п. Карэлічы Н. П. Чычкан, — дабрыня, паважлівасць, тактоўнасць у адносінах да дзяцей і да дарослых. Яна знаходзіць індывідуальны падыход да кожнага вучня, не дапускае канфліктных сітуацый у класе, умее стварыць таварыскую атмасферу ў калектыве. Каштоўнае ў яе асобе і тое, што Любоў Анатольеўна заўсёды, гутарачы з бацькамі, засяроджвае ўвагу не толькі на нейкіх недахопах іх дзяцей, але для кожнага знаходзіць добрыя, цёплыя словы. Мая дачка Анжаліка, дзякуючы ёй, з замкнутай, сарамлівай дзяўчынкі пераўтварылася ў актыўнага члена калектыву, і яе залаты медаль — немалая заслуга Любові Анатольеўны!
— Для мяне Любоў Анатольеўна — дарагі чалавек, — усхвалявана прызнаецца настаўнік рускай мовы і літаратуры Н. В. Шут. — Мы сябруем больш за 20 гадоў, а здаецца — усё жыццё. У горы і ў радасці заўсёды побач. Ёсць такое выказванне, што ў “вялікага чалавека не заўсёды вялікае сэрца”. У яе, маленькай, хударлявай, кволай, яно вялізнае, бо шкадуе кожнага, гатова прыйсці на дапамогу любому. Яна быццам свеціцца ўнутранай дабрынёй, ласкай, пяшчотай. Сілу яе адданасці і вернасці дружбе паспытала на сабе. Калі не стала майго мужа, Люба, яе сям’я акружылі мяне, мой дом такім клопатам, такой падтрымкай, аб якой цяжка расказаць! Нядаўна сяброўку напаткала непапраўнае гора: раптоўна памёр муж Саша. Як ніхто разумею стан яе душы, бездапаможнасць перад бядой, адчай. Час можа прытупіць боль, але ніколі не загоіць душэўны боль. І ў той жа час трэба жыць, прывыкаць да нечаканай бяды. Жыць дзеля цудоўных сыноў, для якіх мама — святая, дзеля ўнучкі, дзеля любімых вучняў. Горыч страшэннай страты мы дзелім на дваіх, трымаемся і будзем трымацца адна адной. Няхай пашле Бог маёй Любашы сіл.
Са слязьмі на вачах Любоў Анатольеўна кажа: “Прайшло чатыры месяцы, як няма Сашы. А я не веру, гляджу ў акно, і здаецца: вось-вось ён прыйдзе. Усё думаецца, што затрымаўся ў працяглай камандзіроўцы. У 57 гадоў толькі жыць ды жыць. Ён вадзіцелем працаваў, аб’ехаў амаль увесь былы Савецкі Саюз, часта бываў за мяжой. Вяртаўся заўсёды з падарункамі, зарабляў грошы, каб пабудаваць свой дом, пасадзіць сад, марыў, як сыны з сем’ямі прыязджаць будуць, нічога ні для каго не шкадаваў. Зараз усё ёсць, а яго няма. Гаспадара, Мужа, Бацькі. Як не хапае мне сёння яго вясёлага пытання: “А дзе мая Любаня?” Не думала, што столькі людзей прыйдзе праводзіць Сашу ў апошні шлях. Пражываю цяпер новае жыццё. Без яго, хоць кожны дзень муж сніцца, у снах супакойвае. Што б я рабіла, каб не падтрымка сяброўкі Н. В. Шут, якая са мною кожную хвіліну. Ратуюць у адзіноце радня, сыны, Сяргей і Алёша. Яны тэлефануюць штодзённа, часта прыязджаюць. Ратуе ўнучка Паліна, саграваюць разуменне і падтрымка калегаў, любоў вучняў, увага суседзяў. Мне ўсё жыццё шанцавала на добрых людзей, дабрынёю ўспесцілі мяне тата, мама, браты. Я ж і прафесію настаўніцы абрала, бачачы перад сабою прыклад першай настаўніцы З. А. Смалей з роднай школы ў в. Раднікі Ваўкавыскага раёна. А потым ў сярэдніх класах з’явіўся яшчэ адзін кумір — класны кіраўнік Т.С. Чумакова. Калі пасля 9 класа паступіла ў Ваўкавыскае педвучылішча, многаму вучылася ў куратара групы Л. П. Смайлік, сваю ролю ў прафесійным станаўленні сыгралі і выкладчыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, які скончыла завочна. І, канечне, неацэнныя ўрокі жыцця атрымоўвала ў педкалектыве Дальнаруцкай школы, куды прыехала працаваць па размеркаванні, і ў калектыве Карэліцкай СШ, дзе працую з 1986 года. Я ўдзячна ўсім. Якія ў мяне заслугі? Працую, як усе, стараюся, як усе, кожны з маіх паплечнікаў заслугоўвае самых добрых слоў.
Слухаючы Любоў Анатольеўну, я думала: “Як жа адпавядае імя гэтай прыгожай жанчыне, бо ў ім — Ласка, Любоў, Любасць, Лагоднасць, Людскасць. Як і ў вачах, нябесна-блакітных, надзвычай добрых, па-дзіцячы бясхітрасных і чыстых-чыстых…
Паважаная Любоў Анатольеўна, няхай Ваша вялікае маленькае сэрца яшчэ раз знойдзе падтрымку з боку ўсіх нас, з боку любячых Вас вучняў, сённяшніх і былых, якія аднойчы напісалі Вам словы-прызнанні, якія дорага каштуюць:
Грустя подолгу временами
И не скрывая боль за нас,
Вы были самой доброй
с нами,
Прощая тысячи проказ.
И мы платили Вам любовью.
Дай Бог Вам счастья
и здоровья.
Галіна КАЛТУНОВА.