1 июля — День кооперации
Шлях у прафесію
У жыцці зрабіць выбар прафесіі Алене Паўлаўне Кірэевай давялося двойчы. У першы раз яна спынілася на спецыяльнасці тэлеграфіста-радыёаператара. Вось толькі ў Турцы, дзе давялося жыць пасля замужжа, уладкавацца па абранай прафесіі не магла. Трэба было шукаць іншую справу.
На прапанову ісці працаваць прадаўцом у мясцовы магазін згадзілася. «Можна паспрабаваць сябе ў галіне спажывецкай кааперацыі», — вырашыла яна. З асноўнымі сакрэтамі прафесіі прадаўца была знаёма — сястра Ірына працавала ў магазіне. Не раз прыходзіла да яе на працу, назірала за тым, як рабіла гэта прыгожа і ўвішна, і людзі заставаліся задаволенымі. Зараз ад яе патрабавалася раскрыць свае таленты, і Алена Паўлаўна старалася гэта рабіць. Паступова авалодала новай прафесіяй, на працу ішла з задавальненнем.
Пакупнік заўсёды мае рацыю
Пакупнікі бываюць рознымі, усе са сваімі запытамі. У гандлёвую кропку заходзяць жыхары аграгарадка Турэц, навакольных вёсак, у летні час — дачнікі. Узрост самы розны, ад старога да малога. Кожнага трэба абслужыць ветліва, каб акрамя купленага тавара пайшоў з магазіна з добрым настроем. Трэба памятаць асноўнае правіла: пакупнік заўсёды мае рацыю.
Ганна Іосіфаўна Роўдан, якая больш трыццаці гадоў аддала працы ў спажывецкай кааперацыі, зараз прыходзіць у магазін у якасці пакупніка. Падчас сустрэчы адзначыла, што асартымент тавараў шырокі, абслугоўванне культурнае, і яна па-добраму радуецца за добразычлівых прадаўцоў — прафесіяналаў сваёй справы. Асноўныя крытэрыі ў іх працы — сумленнасць, акуратнасць, ветлівасць.
«Мы — адна каманда»
Так Алена Паўлаўна гаворыць пра свой калектыў. Словы прызнання адрасуе загадчыцы магазіна Алене Мікалаеўне Аболік, якая працуе ў спажывецкай кааперацыі дваццаць восем гадоў. У яе многаму навучылася, асноўнаму жа — добразычлівым адносінам да людзей. Калега па працы падтрымае ў любую хвіліну. Не дзіўна, што яны разумеюць адна адну з паўслова, што дапамагае рытмічна працаваць. Муж яе, Мар’ян Іосіфавіч, таксама чалавек безадказны і добры, трыццаць гадоў прысвяціў спажывецкай кааперацыі, і яго падтрымка надае ўпэўненасці і задае тон у працы.
У гандлёвай зале і на тэрыторыі магазіна аграгарадка Турэц заўсёды парадак, і ў гэтым заслуга прыбіральшчыцы Зоі Андрэеўны Шылянок. Больш сарака гадоў яна аддала працы ў спажыўкааперацыі, і сёння прадаўжае ёй служыць бездакорна ў іншым рэчышчы. Жанчына імкнецца падтрымаць прадаўцоў добрай парадай, вопыт і пафесіяналізм калегі мае немалаважнае значэнне, і яны ўдзячны ветэрану працы за гэта.
У вялікім асартыменце
Калектыў магазіна працуе згодна з асартыментным пералікам. Сярод тавараў у продажы — хлеба-булачныя, малочныя, каўбасныя, кандытарскія вырабы, бакалея, рыбная прадукцыя, іншыя тавары. Таксама тавары першай неабходнасці прамысловай групы, а складана-бытавая тэхніка дастаўляецца па заяўках.
Канкурэнтамі, так бы мовіць, з’яўляюцца два прыватныя гандлёвыя павільёны, якія размешчаны непадалёку ад магазіна. Пакупнікі прыглядаюцца да кошту і якасці тавараў ва ўсіх гандлёвых аб’ектах, а затым робяць свой выбар. Як адзначылі работнікі спажывецкай кааперацыі, з суседзямі-гандлярамі ў іх добрыя ўзаемаадносіны, у іх адна місія — прапаноўваць пакупніку якасны тавар і ў вялікім асартыменце, што ім удаецца рабіць.
У «Родным куце» — па-роднаму
Менавіта так сустракаюць пакупнікоў у магазіне аграгарадка Турэц. І гэта адчувалася таксама ў дзень візіту сюды журналістаў. У гандлёвай зале было шматлюдна, нягледзячы на дрэннае надвор’е. І гэта невыпадкова: у магазіне ў вялікай колькасці тавары паўсядзённага побыту на любы густ.
Прадаўцы ўдзячны за падтрымку дырэктару гандлёвай зоны Аліне Мікалаеўне Кавалько і намесніку дырэктара Карэліцкага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства Святлане Віктараўне Шэдзь, работнікам аптовай базы, што дае магчымасць задаволіць запыты пакупнікоў.
Па меркаванні прадаўцоў, магазін знаходзіцца ў зручным месцы, існуе добры пад’езд да яго. Побач царква, пасля службы вернікі заходзяць набыць тавар. Пэўную ролю адыгрывае і самаабслугоўванне ў гандлёвай зале, што дае магчымасць вызначыць якасць, тэрміны, кошт тавара — і прыняць рашэнне яго набыць. Што пакупнікі найчасцей і робяць.
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Святланы ВАШЧЫЛА.