Ірына Балабановіч: «Чалавек павінен рабіць тое, што прыносіць яму задавальненне»
Ірына Балабановіч — філолаг-русіст, пераможца конкурсу на лепшыя навуковыя працы студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў вобласці сацыяльных і гуманітарных навук, пераможца конкурсу «Студэнт года БДУ-2016» у намінацыі «Навука», уладальніца звання «Лепшы выпускнік філалагічнага факультэта–2017», член дэлегацыі БДУ на Рэспубліканскім балі выпускнікоў вну з удзелам Прэзідэнта, занесена на Дошку гонару БДУ, аўтар 12 навуковых публікацый, пастаянная ўдзельніца канферэнцый і семінараў у вобласці гуманітарных ведаў.
У Год навукі журналіст раённай газеты «Полымя» гутарыць з Ірынай, ураджэнкай Карэліч, маладым філолагам, пра студэнцкую навуку, сучасную моладзь, навуковыя даследаванні.
— Ірына, з чаго ўсё пачыналася? Як Вы выбіралі вну і чаму вырашылі стаць менавіта філолагам?
— У філалогію я прыйшла яшчэ школьніцай. Усё пачыналася з алімпіяд па рускай мове і літаратуры: спачатку школьныя, потым раённыя, абласныя, рэспубліканскія, міжнародная… Гэта была асаблівая атмасфера: заняткі алімпіяднай групы (за сваю «кар’еру» я змяніла некалькі кіраўнікоў, пачынала займацца з Наталляй Уладзіміраўнай Бурак, пасля стала працаваць з Наталляй Вячаславаўнай Шут, і кожнай з гэтых жанчын я бязмерна ўдзячна за тую іскрынку, якую яны ва мне запалілі, за той зарад натхнення, якім яны са мной падзяліліся. Матэрыял, які не праходзяць на звычайных уроках у школе, цудоўныя кнігі, працы мэтраў лінгвістыкі і літаратуразнаўства, нацягнутыя, як струна, нервы падчас іспытаў і песні пад гітару па вечарах, дзеці з розных гарадоў, універсітэцкія выкладчыкі на вучэбна-трэніровачных зборах перад алімпіядамі… Гэта быў свой асаблівы свет, які адрозніваўся ад маёй тагачаснай шэрай і непрывабнай штодзённасці. Гэта былі сустрэчы з цікавымі людзьмі розных узростаў, і я адчувала, што ёсць нешта, што нас аб’ядноўвае, нейкая агульная цікавасць, зноў і зноў збіраючая аднадумцаў. Таму, калі скончыла школу, не разважаючы падала дакументы на філфак. Тым больш, алімпіяднікаў майго ўзроўню прымалі без іспытаў. Памятаю, як рабяты, якія працавалі ў прыёмнай камісіі, пераманьвалі з аддзялення русістыкі на славістыку. Не выйшла. Я заўсёды была ўпэўнена, што чалавек павінен рабіць тое, што прыносіць яму задавальненне, нават калі гэта лічыцца непрэстыжным, а поспех, грошы, становішча — гэта ўсё прыйдзе потым, як прыемны бонус.
— І Вы з першага курса сталі займацца навуковай працай?
—Так. Не змагла выстаяць. Памятаю, што на першым курсе мне чагосьці не хапала: вучоба, знаёмствы з велізарнай колькасцю новых людзей, новы лад жыцця ў студэнцкім інтэрнаце з дзвюма чужымі табе дзяўчынамі па суседству, новы гарадскі тэмп, які адрозніваецца ад тэмпу размеранага жыцця ў мястэчку, — гэта ўсё захоплівала, выклікала шмат эмоцый, але хацелася яшчэ чагосьці. І тады я прыйшла на занятак семінара прафесара Б. Ю. Нормана (постаць, дарэчы, значная ў лінгвістыцы на постсавецкай прасторы). Аўдыторыя, у якой на філфаку звычайна абараняюць дысертацыі, вечар, дождж за акном, а ў памяшканні так цёпла і ўтульна, круглы стол, за якім разам сядзяць студэнты, аспіранты, маладыя выкладчыкі, па крузе перадаюцца кнігі, якія няпроста ўзяць у бібліятэках, і прафесар, імя якога раней я бачыла толькі на вокладках манаграфій, распавядае простымі словамі пра складаныя феномены… І я зразумела, што патрапіла менавіта туды, куды жадала, што гэта «маё».
Потым быў спецсемінар у А. Я. Долбік (хто трымаў у руках школьныя падручнікі па рускай мове, выдадзеныя за апошнія гадоў 25, для таго прозвішча, напэўна, знаёмае). Туды не бралі першакурснікаў, але мне не змаглі адмовіць: з Аленай Яўгенаўнай мы былі знаёмыя яшчэ з часоў алімпіяд, яна член журы рэспубліканскай алімпіяды. Так я апынулася ў студэнцкай навуцы. У верасні я паступіла на факультэт, а ў сакавіку пайшла на сваю першую канферэнцыю. Памятаю, хвалявалася: ці жарт, канферэнцыя з міжнародным статусам. У абмеркаванні майго даклада ўдзельнічаў філолаг з Акадэміі навук, у якога былі процілеглыя погляды на даследуемую мной праблему, адметныя ад тых, якіх прытрымліваецца навуковая школа, якую я прадстаўляю. Цяпер смешна ўспамінаць: 18-гадовая дзяўчына дыскутуе з кандыдатам навук з АН. Але галоўным было нават не абараніць сваё меркаванне, а проста адказаць на заўвагі. І тады я выразна ўсвядоміла, што тое, што сёння прынята зваць «маладзёжнай навукай», — гэта нейкая абстракцыя, няма навукі «вялікай», «маладзёжнай», «студэнцкай», мы ўсе робім адну агульную справу… Ну і яшчэ прыйшло разуменне, што за навуковую школу не схаваешся, калі ты прытрымліваешся нейкіх поглядаў, то гэта павінна быць тваім усвядомленым выбарам, незалежна ад таго, дзе ты працуеш, з кім і хто гэтыя даследаванні фінансуе…
— Вы любіце ўдзельнічаць у канферэнцыях?
— І так, і не… Каб паўдзельнічаць у канферэнцыі, трэба знайсці час: напісаць даклад, прыйсці ці прыехаць у вызначаны дзень на канферэнцыю. Студэнтам пашанцавала хаця б у фінансавым плане: камандзіроўкі па Беларусі аплочвае ўніверсітэт. Хаця ў тую ж Расію ехаць трэба ўжо за свой кошт… Але сетка кантактаў, якая фарміруецца дзякуючы канферэнцыям, не заменіць нішто.
— Як Вы можаце пазначыць сферу сваіх навуковых інтарэсаў? Чым Вы займаецеся?
— Вобласць маіх інтарэсаў знаходзіцца ў сферы лінгвістыкі тэксту, гэта актуальны на сённяшні дзень накірунак філалагічных даследаванняў. Гэта міждысцыплінарная сфера, па сутнасці, кропка скрыжавання лінгвістыкі, літаратуразнаўства, тэорыі тэксту, культуралогіі, псіхалогіі. Я працую з праблемамі інтэртэкстуальнасці, літаратурных пераклічак, дыялагічнага ўзаемадзеяння тэкстаў. Нездарма агляд літаратуры да дыпломнай працы я пачынала з прац філосафа і псіхааналітыка Юліі Крысцевай. Мой дыплом быў прысвечаны інтэртэкстуальным сувязям у лірыцы Аляксандра Кушнера, пецярбургскага паэта, эсэіста, перакладчыка, аднаго з прыкметных літаратараў другой паловы ХХ — пачатку ХХI стст.
Што такое інтэртэкстуальнасць? Даследчыкі самі яшчэ не дамовіліся. Ёсць некалькі асноўных падыходаў да яе разумення, але тут, напэўна, успомню фармулёўку Р. Барта, якая ўжо стала кананічнай: «Кожны тэкст з’яўляецца інтэртэкстам; іншыя тэксты прысутнічаюць у ім на розных узроўнях у больш ці менш вядомых формах <…> Урыўкі культурных кодаў, формул, рытмічных структур, фрагменты сацыяльных ідыём і гэтак далей — усе яны паглынуты тэкстам і перамяшаны ў ім, паколькі заўсёды да тэксту і вакол яго існуе мова».
— Ірына, пасля філфака Вы не плануеце вярнуцца ў школу ў якасці настаўніка?
— Па сутнасці, я ўжо вярнулася. З мінулага года я выкладаю. Але я не вяду звычайныя ўрокі, займаюся толькі з алімпіяднікамі. Мне прапанавалі працаваць з дзецьмі ў адной з мінскіх гімназій, і я падумала: «А чаму б і не?» Вядома, дзеці розныя, да кожнай групы трэба шукаць свой падыход. Гэта цяжка, але яно таго варта. Ад групы 8-класнікаў я атрымлівала каласальнае задавальненне: гэта дзеці, якіх да мяне ніхто не вучыў пісаць водгукі пра літаратурныя творы, выступаць перад журы з маналогам… Адчуваецца адказнасць: як я цяпер навучу гэтых дзяцей рабіць нейкія вызначаныя рэчы, вырашаць нейкія праблемы, так яны і будуць рабіць гэта ў далейшым. 9–11 класы — іншая справа, з імі да мяне ўжо працавалі настаўнікі і выкладчыкі, яны ўжо многае ведаюць і ўмеюць. Хаця самая вялікая адказнасць — гэта заняткі з камандай Мінскай вобласці на навучальна-трэніровачных зборах. Мяне запрашалі ўдзельнічаць у падрыхтоўцы каманды двойчы: перад алімпіядай школьнікаў Саюзнай дзяржавы і перад рэспубліканскай алімпіядай. Так дзіўна прыходзіць на зборы ў якасці выкладчыка, калі ўсяго нейкіх чатыры гады таму прыязджала на зборы ў якасці вучаніцы… Я ведаю, што гэтыя праніклівыя юныя вочы жадаюць бачыць ва мне асобу, ім патрэбны не сухі навучальны матэрыял, няхай і павышанага ўзроўню складанасці, — ім патрэбна харызма. І калі агеньчык у вачах выкладчыка сустракаецца з агеньчыкам у вачах дзіцяці — нараджаецца цуд.
Як бачыце, з алімпіяднага руху я не выйшла, вярнулася ў яго ў якасці выкладчыка і члена журы. Ужо два гады ўдзельнічаю ў праверцы работ Мінскай алімпіяды па лінгвістыцы. Гэта алімпіяда для школьнікаў 8–11 класаў, яна праводзіцца ў 3 этапы (дыстанцыйны адборачны тур і два вочных туры), рабяты рашаюць лінгвістычныя задачы. Алімпіяда называецца «мінскай», таму што каардынуе ўсё адзіны аргкамітэт, але браць удзел у ёй могуць дзеці з усёй краіны, а вочныя туры праводзяцца на дзвюх пляцоўках: у Мінску і Гродна. Ужо другі год, прабягаючы вачамі слупок з адрасамі ўдзельнікаў, спадзяюся ўбачыць запаветнае «Карэлічы», але чамусьці з Карэліч ніхто не прыязджае… Вядома, узровень ва ўсіх удзельнікаў розны, але ў цэлым досыць высокі, мысленне, логіка, творчы падыход рабят выклікаюць павагу. Часам знаходзяць такія арыгінальныя рашэнні, да якіх калегіяльна не дадумалася сталае журы.
— А ці хапае ў Вас часу на што-небудзь, акрамя філалогіі?
— У прынцыпе, хапае. Студэнцкія гады — такі час, калі хочацца паспрабаваць усё. Я яшчэ тры гады прапрацавала ў студэнцкім самакіраванні сакратаром студсавета інтэрната. Добры быў час, шкада, што студэнцтва скончылася і адтуль прыйшлося пайсці. Там шмат цікавых людзей.
Я неяк не асабліва размяжоўваю «вучобу», «працу» і нейкае абстрактнае «жыццё», як гэта прынята рабіць у апошні час. Напэўна, звыклася жыць тым, што раблю, і рабіць тое, чым жыву…
— Ірына, якія ў Вас далейшыя планы?
— Складана гаварыць пра нейкія пэўныя планы. У ліпені паступіла ў магістратуру на дзённае аддзяленне. Буду працягваць вучыцца. Хачу далей распрацоўваць сваю навуковую тэму, мяркую, напрацоўкі, якія ўжо ёсць, стануць нядрэннай базай для магістарскай дысертацыі. Планую заставацца ў алімпіядным руху і далей: як гаворыцца, былых алімпіяднікаў не бывае. Выкладаць, пісаць што-небудзь… Увогуле, буду, як даваў запавет дзядуля Фрэйд,»любіць і працаваць».
Падрыхтавала да друку
Галіна СМАЛЯНКА.