Маладой сям’і Тананка не прыйшлося да спадобы гарадское жыццё
Таццяна і Юрый ведалі адзін аднаго са школьных гадоў. Пасля заканчэння школы іх дарогі разышліся. Дзяўчына закончыла Карэліцкі прафесійна-тэхнічны будаўнічы ліцэй, юнак — Жыровіцкі аграрна-тэхнічны каледж. Кожны вырашыў знайсці сваё шчасце ў сталіцы. У Мінску і сустрэліся, папярэдне дамовіўшыся праз сацыяльныя сеткі.
… Пасля вяселля перад маладой парай паўстала пытанне аб сямейным гняздзе. Свой выбар спынілі на родных мясцінах. Лукі прыцягвалі не толькі подыхам роднай зямлі, прыгожымі краявідамі, але інфраструктурай. У аграгарадку ёсць усё неабходнае для жыцця: дзіцячы садок, сярэдняя школа, Дом культуры, магазіны, пошта.
Радзіма і сёння сустракае гасцінна. Юрыю даверылі новую тэхніку — кормаўборачны камбайн КВК FS80-2. Працуе на падборцы і здрабненні зялёнай масы. Таццяна выхоўвае сына Яраслава, якому няма яшчэ двух гадоў, займаецца асабістай гаспадаркай, увіхаецца па дому.
— У Луках можна жыць і працаваць, — гаворыць Юрый. — Адчуваецца падтрымка старшыні Мікалая Аляксандравіча Гавіны і галоўнага інжынера Генадзія Аляксандравіча Жыгалы. У гаспадарцы працуе старэйшы брат Уладзімір трактарыстам, мама Валянціна Антонаўна — аператарам механізаванай жывёлаводчай фермы «Далматаўшчына».
Маладым карэліччанам не прыйшлося да спадобы гарадское жыццё. У сельскай мясцовасці свежае паветра — дыхаецца лягчэй, можна працаваць і займацца асабістай гаспадаркай. У аграгарадку Лукі жывуць маладыя сем’і, з якімі яны падтрымліваюць сяброўскія ўзаемаадносіны.
«Сям’я — гэта любоў. У ёй можаш быць самім сабой, поўнасцю выкладвацца, атрымліваць тое ж узамен, проста быць шчаслівым», — заўважае Таццяна і выказвае спадзяванне на тое, што ў іх яна будзе вялікай і дружнай. Яе абраннік па характары спакойны, ураўнаважаны, працавіты — і ўсё гэта прыдае ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.
Таццяна і Юрый Тананка ў бліжэйшы час спадзяюцца пераехаць у новы дом, які купіла мясцовая гаспадарка. У ім пакуль зроблены рамонт толькі аднаго пакоя. «Будзем жыць, будзем працаваць, і ўсё набудзецца», — сцвярджае маладая гаспадыня. І ў гэта цвёрда верыцца.