У гэтым годзе Карэліччына зноў прымае працоўную моладзь
Як паведаміў першы сакратар РК РГА “БРСМ” Яўгеній Андрэевіч Пархамовіч, студэнцкія атрады нясуць адменнае выхаваўчае значэнне. Гэта не толькі занятасць, магчымасць атрымаць працоўныя навыкі, але і скіраваць энергію маладых людзей у патрэбнае рэчышча. Менавіта таму БРСМ зацікаўлены ў павелічэнні колькасці працоўнай моладзі.Зусім нядаўна ў раёне да працы прыступілі 3 студатрады. З 11 ліпеня 12 студэнтаў пачалі сваю дзейнасць у якасці выхавальнікаў на базе дзіцячага аздараўленчага лагера “Вясёлка”. 13 ліпеня пачаў сваю работу яшчэ адзін студэнцкі атрад на базе КСУП “Малюшычы”. Ён налічвае 7 маладых людзей, якія заняты ў асноўным на палях прадпрыемства. Яшчэ адзін студатрад распачаў працу 18 ліпеня на базе КСУП “Племзавод “Карэлічы”.
Члены атрадаў працуюць па 8 гадзін на дзень. За месяц атрымліваецца зарабіць каля 265 рублёў. Усе маладыя людзі жывуць у Карэлічах, таму жыллёвае пытанне не паўстае.
Тыя юнакі і дзяўчаты, якія жадаюць удзельнічаць у студатрадаўскім руху, павінны запоўніць анкету і напісаць заяву на імя першага сакратара райкама БРСМ. І калі ласка, у студатрадаўскае жыццё!
Галоўны аграном КСУП “Племзавод “Карэлічы” Яўгеній Анатольевіч Бусько працуе з моладдзю на працягу 4-х гадоў. Але яму яшчэ не даводзілася курыраваць студатрад. Яўгеній Анатольевіч прыемна здзіўлены: юнакі стараюцца, працуюць рупліва, імкнуцца выканаць пастаўленыя задачы як мага хутчэй. Юнакі працуюць у Калінінскім урочышчы, займаюцца праполкай цімафееўкі.
Праз пару дзён яны будуць выконваць іншыя задачы: працаваць на збожжасушыльным комплексе, зразаць пустазелле з азімых пасеваў.
– На мой погляд, студатрады вельмі карысныя для моладзі, бо яны дапамагаюць ім навучыцца адказна ставіцца да працы, пазнаць цану грашам, – дзеліцца галоўны аграном. – Атрымаць першы заробак у 16-18 гадоў – добры старт у дарослае жыццё. За 10 працоўных дзён юнакі змогуць зарабіць 100-110 рублёў.
Камісар студатрада Аляксандр Раткевіч родам з Карэліч. Скончыў першы курс Навагрудскага гандлёва-эканамічнага каледжа. Яго будучая прафесія – бухгалтар, але хлопец лічыць, што працаваць на зямлі – для кожнага вялікі гонар і патрэбная практыка. Запісацца ў рады студатрадаўцаў вырашыў самастойна, бацькі цалкам падтрымалі яго імкненне.
Арцём Шыш, навучэнец Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа, прыйшоў у студатрад на практыку. Плануе стаць аграномам, таму з вялікай адказнасцю адносіцца да студатрадаўскага руху. “Адна справа – вывучыць тэорыю, зусім іншая – атрымаць практычныя навыкі, асабістымі рукамі дакрануцца да ўсіх працэсаў паляводства”, – дзеліцца хлопец.
Студэнты Карэліцкага дзяржаўнага прафесійнага будаўнічага ліцэя Андрэй Кулініч, Дзмітрый Палуян і Дзяніс Зайко даведаліся аб студатрадаўскім руху ад выкладчыкаў. Не хвіліны не сумняваліся, адразу падалі заявы. Хлопцы жывуць у Карэлічах, вучацца па спецыяльнасці зваршчык, кранаўшчык, вадзіцель катэгорыі С.
– Вырашыў працаваць летам, каб зарабіць грошы на асабістыя выдаткі. Можа, гэта будзе невялікая сума, але заробленая сваімі рукамі, – кажа Андрэй Кулініч.
Некаторыя студэнты працуюць летам ужо не першы год. У мінулым годзе Юрый Панасюк і Уладзіслаў Орса, навучэнцы Карэліцкага дзяржаўнага прафесійнага будаўнічага ліцэя, вырашылі стасаваць летні адпачынак з магчымасцю прыстойна зарабіць. Яны працавалі на базе СШ №1 і Карэліцкай раённай бібліятэкі. Хлопцы фарбавалі падлогу, крэслы, падклейвалі кнігі, рамантавалю мэблю. Такія навыкі абавязкова спатрэбяцца ім у жыцці.
Безумоўна, маладыя людзі працуюць у студатрадах не толькі для таго, каб зарабіць. Яны ідуць і за сяброўствам, і за рамантыкай, і за тымі навыкамі, якія абавязкова спатрэбяцца ў працоўным будучым. Студатрадаўскае жыццё пакідае незабыўныя ўражанні ў памяці юнакоў і дзяўчат. Нездарма ў адной з песень ёсць такія словы: “Нам будзе сніцца цэлы год студэнцкі наш атрад”…
Аксана ЯНУШ.
Фота Іны ЛЕЙКА.