Выпускница средней школы №2 г. п. Кореличи сдала на 100 баллов ЦТ по истории Беларуси
У гэтым годзе ў Беларусі больш за 300 абітурыентаў здалі цэнтралізаванае тэсціраванне на 100 балаў. Сярод іх і выпускніца сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы Наталля Траццякевіч, якая атрымала запаветную сотню па гісторыі Беларусі. Сёння Наталля расказвае чытачам раёнкі, у чым сакрэт яе поспеху.
– Наталля, віншуем з высокім вынікам! Чакала, што так атрымаецца?
– Я не думала, што атрымаецца здаць тэст на вышэйшы бал. Хоць ведала, што вынік будзе добры. Толькі чатыры пытанні выклікалі ў мяне сумненні. Але дома я пераканалася, што адказала дакладна. Калі ўбачыла вынік тэсту, адразу не паверыла. Спачатку я заплакала, а потым танцавала ад захаплення.
– Па якіх дапаможніках лепш за ўсё рыхтавацца да ЦТ па гісторыі Беларусі?
– Усё вельмі проста: па школьных падручніках, пачынаючы з 6 класа і заканчваючы 11-м. Гэта лепшы варыянт. Яшчэ штудзіравала інтэрнэт, глядзела гістарычныя каналы па тэлевізары.
– Ці варта звяртацца да чужой дапамогі, каб падрыхтавацца да ЦТ?
– Вядома. Трэба, каб табе падказвалі, на што звярнуць асаблівую ўвагу. Бо гісторыя – гэта бязмежны акіян, ахапіць неабсяжнае немагчыма. Матэрыялу шмат, увесь засвоіць залішне складана. Таму займалася з рэпетытарам, да заняткаў прыцягвала і ўсю сваю сям’ю. Часцяком мама «прымала» ў мяне экзамен на веданне гісторыі. У школе наведвала факультатыў па любімаму прадмету.
– Трохі позна пра гэта пытацца, але ўсё ж: калі ў ідэале трэба пачынаць рыхтавацца да ЦТ?
– У мяне падрыхтоўка заняла два гады, г.зн. з пачатку 10-га класа. Вядома, можна і за год падрыхтавацца, але гэта залішне цяжка. Бо акрамя падрыхтоўкі да тэсціравання трэба яшчэ і школьную праграму выконваць. У 10 класе я пачала вучыць гісторыю Беларусі з самага пачатку, а ў 11 класе займалася тэстамі і адначасова паўтарала вывучанае. Уся кватэра была абклеена сцікерамі з гістарычнымі датамі і падзеямі.
– Ці можна здаць ЦТ на высокі бал наўгад?
– Думаю, што балаў 20 набраць можна. Але высокі вынік наўрад ці атрымаецца. Тэсты распрацаваны так, што атрымаць добры вынік, проста тыкнуўшы пальцам у неба, нельга. У частцы В, у адрозненне ад часткі А, трэба не проста выбіраць правільны адказ, а запісваць яго.
– Ці можна спісаць на экзамене? Ці варта ўвогуле гэта рабіць?
– Напэўна, ёсць такія «ўмельцы», але я б не раіла гэтага рабіць. Заўважаць, што спісваеш, папросяць пакінуць аўдыторыю. Калі дзяўчына можа год пажыць з бацькамі і заняцца вучобай, то хлопцам складаней, хутчэй за ўсё давядзецца ісці ў войска.
– Як ЦТ суадносіцца са школьнай праграмай? Заданняў па якіх класах у тэстах больш?
– Паколькі я рыхтавалася ў асноўным па школьных падручніках, то магу сказаць, што суадносіны добрыя. На жаль, часта ў дадатковай літаратуры сустракаюцца разыходжанні ў датах. У школьных падручніках гэтага няма, бо яны выдаюцца пад рэдакцыяй Міністэрства адукацыі. Гэтае ж ведамства складае і тэсты. Нельга дакладна сказаць, што па нейкім класе заданняў больш або менш, яны досыць раўнамерна размеркаваны.
– Усе ведаюць, што для таго, каб паспяхова здаць цэнтралізаванае тэсціраванне, карысна наведаць рэпетыцыйнае. А ці бывае такое, што заданні з РТ сустракаюцца на ЦТ?
– Я самастойна дома рашала тэсты, якія з’явіліся пачынаючы з 2009 года. Увогуле заданні падобныя, іх часта проста перафармулююць: з часткі В перакідваюць у А і наадварот. Каб папрактыкавацца, я ездзіла на ўсе рэпетыцыйныя тэсціраванні. Упэўнена, што гэта трэба рабіць.
– Падкажы, колькі часу пажадана выдаткаваць на рашэнне заданняў з часткі А і з часткі В?
– Цяжка сказаць, колькі. У кожнага, напэўна, свой падыход да рашэння тэстаў. Я адразу чытаю ўсе заданні, затым адказваю на тыя, якія дакладна ведаю. Потым думаю над тымі, што выклікаюць сумненне. Заўсёды трэба пакідаць 20 хвілін на запаўненне бланка.
– Шмат хто з абітурыентаў вельмі перажывае перад здачай ЦТ. Падкажы, як навучыцца псіхалагічна настройваць сябе перад іспытамі?
– Я настроіла сябе так: «Ты ішла да гэтага цэлых два гады і проста не маеш права разгубіцца. Трэба ўзяць і рашыць!» Я хутка справілася і не стала цягнуць час: здала работу і выйшла ў калідор. Нават бацькоў давялося крыху пачакаць. Яны вельмі здзівіліся, што я так хутка справілася. Заданні падаліся мне простымі, аднак толькі таму, што я мэтанакіравана і доўга рыхтавалася.
– Колькі прыкладна дат і гістарычных падзей трэба ведаць, каб паспяхова здаць ЦТ?
– Думаю, каля 250 дат і падзей трэба трымаць у памяці. У мяне дома ёсць папка з дзесяццю файламі і паўагульны сшытак, усе спісаны датамі. І я пастаянна туды нешта ўклейвала, дапаўняла сваю скарбонку.
– Куды падала дакументы для паступлення?
– У БДУ на гістарычны факультэт. Заўсёды любіла гісторыю і хачу вывучаць яе паглыблена. Прываблівае праца PR-мэнэджэра, мару арганізоўваць і праводзіць выставы ў музеях.
– Дзякуй за гутарку, Наталля! Поспехаў у студэнцкім жыцці!
Гутарыла Іна ЛЕЙКА.
Фота аўтара.