В Кореличском районе набирает обороты уборочная кампания-2017

Наступіў доўгачаканы дзень выхаду камбайнаў у поле, а значыць пакладзены пачатак уборачнай кампаніі на Карэліччыне. Адным з першых прыступіў да жніва азімага ячменя СВК “Маяк-Заполле”.

Сёлета хлебаробам гаспадаркі належыць убраць зерневыя і зернебабовыя з плошчы 2150 гектараў, у тым ліку 380 гектараў ячменю, 1230 гектараў азімай пшаніцы, 320 гектараў азімага трыцікале, 60 гектараў яравой пшаніцы, 10 гектараў аўса, 90 гектараў зернебабовых.

Да пачатку масавай уборкі зерневых у гаспадарцы ўбралі 23 гектары рапсу. Ураджайнасць склала 51 цэнтнер з гектара. Такім вынікам аграрыі засталіся задаволены. Дарэчы, ураджайнасць рапсу ў гэтым годзе павялічылася на 10 цэнтнераў з гектара. Спадзяюцца ў гаспадарцы і на высокі ўраджай зерневых.

– Было зроблена ўсё, што ў нашых сілах. Вясной падрыхтавана глеба, унесены ўгнаенні і, безумоўна, укладзена душа,–расказвае намеснік загадчыка ўчастка №1 Сяргей Іванавіч Калбаска.

На жніве каля аграгарадка Краснае задзейнічаны 4 зернеўборачныя камбайны, на адвозцы зерня – 3 аўтамабілі. Своеасаблівым гонарам СВК “Маяк-Заполле” з’яўляецца камбайн “Лексіён-480”, які з 2001 года нараўне з “маладымі калегамі” працуе на ўборцы ў поўную сілу. На ім заняты экіпаж Юрыя Анатольевіча Напоркі і памочніка Аляксандра Мікалаевіча Ракача. Дарэчы, Аляксей Мікалаевіч працуе ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, але з задавальненнем далучаецца да ўборачнай кампаніі.

У складзе камбайнавых экіпажаў вопытныя хлебаробы. На двух камбайнах “Палессе” працуюць Андрэй Сяргеевіч Буляк з памочнікам Сяргеем Уладзіміравічам Рабко і экіпаж Сяргея Мікалаевіча Сцепанчука з Юрыем Алегавічам Коханам.

На “Лексіёне-560” працуюць Валерый Аркадзьевіч Аляшкевіч, які занесены на дошку гонару СВК “Маяк-Заполле”, і памочнік Аляксандр Леанідавіч Вырко.

– Самае галоўнае для нас сёння – сабраць і не страціць ніводнага зярнятка. Зразумела, многае залежыць ад надвор’я,– у адзін голас сцвярджаюць хлебаробы.

На адвозцы зерня працуюць Сяргей Аляксандравіч Пілько, Сяргей Уладзіміравіч Міхайлоўскі і Аляксандр Вячаслававіч Раковіч.

Уборка зерневых і зернебабовых на Карэліччыне набірае тэмпы.

 

Аксана ЯНУШ.

Фота Караліны КУЧУК.

Добавить комментарий