У г.п. Карэлічы адкрыўся новы прадуктовы магазін
26 верасня ў райцэнтры прадуктовы магазін “Ветлівы” гасцінна расчыніў дзверы перад пакупнікамі. А іх, дарэчы, было нямала. Каля сотні чалавек з нецярплівасцю чакалі адкрыцця гандлёвай кропкі.
– Перад тым, як адчыніць магазін, мы дасканала вывучылі патрэбы насельніцтва. Я сама родам з невялікага гарадскога пасёлка, таму пра адсутнасць некаторых прадуктаў і тавараў ведаю з уласнага вопыту. Мясцовыя жыхары хацелі бачыць на прылаўках магазінаў ахалоджаную мясную прадукцыю, таму мы цесна супрацоўнічаем з ААТ “Слонімскі мясакамбінат”, СВК “Агракамбінат “Сноў”, ААТ “Бярозаўскі мясакансервавы камбінат”, каб задаволіць патрэбы жыхароў у свежай і якаснай мясной прадукцыі, – дзеліцца дырэктар магазіна Анастасія Віктараўна Шыпуля.
Увогуле, асартымент тавараў шырокі: малочная прадукцыя і хлебабулачныя вырабы, свежая садавіна і агародніна, бакалея і прысмакі ад ААТ “Кандытарская фабрыка “Слодыч” і СААТ “Камунарка”. У дзень адкрыцця пакупнікам прапаноўваліся некаторыя прадукты па акцыйнаму кошту, а таксама невялікія падарункі.
З адкрыццём новай гандлёвай кропкі з’явіліся новыя працоўныя месцы. Сёння ў магазіне працуе 4 прадаўцы, хутка іх колькасць павялічыцца да 6 чалавек, прыбіральшчык памяшканняў і грузчык. “Ветлівы” запрашае за пакупкамі з 8 гадзін раніцы да 23 гадзін вечара.
– Карыстаючыся момантам, хацела б выказаць падзяку Карэліцкаму раённаму выканаўчаму камітэту, усім службам, дзякуючы якім наш магазін сёння прымае першых пакупнікоў, – адзначыла дырэктар магазіна.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.