Салодкі ўраджай «Свіцязянкі»
Цяжка не згадзіцца з тым, што самы прыемны момант для аграрыяў – назіраць вынік шматдзённай cтараннай працы: любавацца спелым налітым коласам, трымаць бульбу, якая ледзь змяшчаецца на далоні, глядзець на высачэзныя бурты цукровых буракоў. Аматары салодкага, безумоўна, узрадуюцца: ураджайнасць салодкага караня ў раёне плануецца вышэй леташняй.
Дасягнуўшы выдатных паказчыкаў на жніве, СВК “Свіцязянка-2003” спадзяецца на добры ўраджай цукровых буракоў. Плошча пад салодкія карані складае 500 гектараў. На раніцу 14 верасня гаспадарка ўбрала 50 гектараў, альбо 10 %, накапана 2400 тон цукровых буракоў. Ураджайнасць – 480 цэнтнераў з гектара, але галоўны аграном Аляксандр Аляксандравіч Мяцеліца ўпэўнены, што яна павялічыцца прыкладна да 600 цэнтнераў з гектара.
– Уборку цукровых буракоў у гаспадарцы пачалі 4 верасня. Пры спрыяльным надвор’і плануем убіраць 6-7 гектараў у дзень. Цукрыстасць буракоў складае 14,9 %, забруджанасць – 7,8 %. Сабраныя салодкія карані адпраўляем на ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат”, дзе адбываецца іх далейшая перапрацоўка, – расказвае галоўны аграном.
Цікава было даведацца, дзякуючы якім фактарам ёсць магчымасць сёлета атрымаць добры ўраджай цукровых буракоў.
– Безумоўна, вырашальную ролю адыгрывае надвор’е: трэба, каб былі і дажджы, і сонца. Добрым папярэднікам салодкіх каранёў з’яўляюцца азімыя збожжавыя. А яшчэ неабходна ўнесці ў глебу дастатковую колькасць ўгнаенняў: калію, азоту, фосфару, мікраэлементаў, – дзеліцца Аляксандр Аляксандравіч.
Дзеля таго, каб палюбавацца салодкімі прасторамі “Свіцязянкі” і ўбачыць уборку цукровых буракоў асабістымі вачымі, адпраўляемся на поле, што непадалёку ад вёскі Шчонава.
Велізарны, магутны камбайн Rexor-620 павольна ідзе па полі, вырываючы з зямлі буракі і пакідаючы пасля сябе бацвінне, якое раўнамерна раскідваецца па полі. За штурвалам усміхаецца механізатар Аляксандр Мечыслававіч Мурашка, які працуе ў гаспадарцы больш 20 гадоў.
– Буракаўборачны камбайн новенькі, 2015 года выпуску, на ўборцы працуе другі сезон. Першы час было зусім непрывычна сесці за штурвал, але мы з ім пасябравалі і сёння добра ладзім, – усміхаецца вопытны механізатар і пачынае расказваць пра сябе: — Родам я з вёскі Мірацічы. Скончыў Міраціцкую сярэднюю школу, паступіў у Карэліцкае дзяржаўнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча. Адслужыўшы ў арміі, вярнуўся дадому. Ведаеце, няма нічога даражэй роднай зямлі, на якой ты нарадзіўся, вырас, з’явіліся на свет твае дзеці”.
Аляксандр Мечыслававіч зарэкамендаваў сябе як адказны працаўнік, старанны аграрый і добры гаспадар. За добрасумленную працу быў узнагароджаны Падзячным пісьмом Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта. Неаднаразова адзначаўся граматамі ад праўлення СВК “Свіцязянка-2003”.
У гаспадарцы вопытны механізатар выконвае ўсе віды работ: сее, арэ, займаецца хімічнай праполкай, нарыхтоўкай кармоў.
Цікава было даведацца пра тэхналогію ўборкі цукровых буракоў. Аляксандр Мечыслававіч з задавальненнем дзеліцца: “Спачатку кір збівае бацвінне, затым капачы вырываюць буракі і закідваюць іх на вальцы. Наступны этап – цукровыя карані па транспарцёры трапляюць на ачышчальныя ротары, затым па элеватары – у бункер”.
Аляксандр Мечыслававіч – добры сем’янін. З гонарам ён расказвае пра сваіх дзяцей. З дзяцінства стараецца прывіць ім любоў да працы на зямлі. І гэта ў механізатара, мяркуючы па ўсім, атрымліваецца: старэйшы сын паступіў у Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж, з задавальненнем дапамагае бацьку на полі. У мінулым годзе працаваў памочнікам на ўборцы лёну. Малодшы сын таксама цягнецца да тэхнікі, просіцца паехаць у поле. Згадзіцеся, гэта самае галоўнае для бацькі – бачыць годны працяг у дзецях.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.