Трыццаць пяты год працуе ў Карэліцкай раённай бібліятэцы Наталля Уладзіміраўна Казарэз
Трыццаць пяты год працуе ў Карэліцкай раённай бібліятэцы Наталля Уладзіміраўна Казарэз. Пра свой выбар не шкадуе — яго зрабіла аднойчы і на ўсё жыццё. Зараз яна — метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка».
* З 11 верасня пачаўся Тыдзень беларускай мовы ў раённай бібліятэцы, — першай пачала гутарку Наталля Уладзіміраўна і прапанавала весці яе на роднай мове, бо яна — матчына, мілагучная, прыгожая і ўзвышае душу.
Кніга для Наталлі Уладзіміраўны Казарэз — сэнс яе жыцця. У аднойчы абранай прафесіі не расчаравалася, а палюбіла яшчэ мацней. Яшчэ больш пачала чытаць, ад чаго атрымлівае вялікае задавальненне і асалоду.
Дзецям прывіла любоў да кнігі. Усё пачыналася з казак, якія чытала, каб хутчэй малыязаснулі. Непрыкметна самі сталі чытаць усё больш і больш, і кніга стала для іх сябрам, дарадцай і спадарожнікам у жыцці. Дачка таксама абрала прафесію бібліятэкара. Працавала галоўным бібліёграфам у Карэліцкай раённай бібліятэцы, зараз у водпуску па догляду за дзецем.
— Кніга ўзбагачае чалавека духоўна, — гаворыць субяседніца. — І як імкліва не змяняўся б час, адносіны да яе ў многіх застаюцца паважлівымі. Кнігі чытаюць як людзі старэйшага пакалення, так і моладзь. Сёння раённая бібліятэка стала інфармацыйным цэнтрам, тут праводзяцца літаратурныя сустрэчы, дні інфармавання. І гэта радуе, што ў нас шмат сяброў.
Менавіта ў бібліятэцы — усё маё жыццё, і мая душа тут знаходзіць заспакаенне. Я адчуваю сябе патрэбнай людзям, якія таксама імкнуцца глыбей пазнаць сябе і свет, а ў гэтым можа дапамагчы менавіта кніга — у ёй знойдзеш шмат карыснага і цікавага.
Наталля Уладзіміраўна не абмяжоўваецца толькі працай у бібліятэцы. Больш дзесяці гадоў яна ўзначальвае райкам прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Яна — удзельніца фальклорнага танцавальнага калектыву «Спадчына» ДУ «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці». Неаднаразова ўзнагароджвалася Граматамі і Падзячнымі пісьмамі за бібліятэчную справу і за прафсаюзную дзейнасць. Такі няўрымслівыяна чалавек.
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Іны ЛЕЙКА.