Службовае аўто і пакой у інтэрнаце: чым не жыццё?
Маладосць — цудоўны час. Чалавек адкрывае таямніцы нязведанага і робіць свой выбар. І як важна, калі поруч акажуцца тыя, хто дапаможа лепш пазнаць справу і палюбіць яе на ўсё жыццё. І ўсё навокал будзе прадвяшчаць шчаслівае будучае.
Мікалай Крывіцкі — з ліку маладых спецыялістаў. Свае першыя крокі ў абраную прафесію ўжо зрабіў — працуе інжынерам-электрыкам у СВК “Жухавічы”. Прыехаў па размеркаванні пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта — вучыўся за кошт абласнога бюджэту. Юнака многае ў гаспадарцы задавальняе, і прыехаць на працу ў СВК “Жухавічы” лічыць падарункам лёсу. Як і тое, што яго маленькая радзіма — Райца — знаходзіцца ў трыццаці кіламетрах, і наведвацца туды можа часта.
Галоўным юнак лічыць тое, што ў Жухавічах маладым рады. Што да павышэння прафесійных навыкаў, то яму пашанцавала: галоўны энергетык Валерый Паўлавіч Жызнеўскі мае багаты вытворчы вопыт і шчодра ім дзеліцца. Ды і службовую машыну маладому спецыялісту выдзелілі, а гэта дапамагае аператыўна вырашаць вытворчыя пытанні.
Не менш важным з’яўляецца і той факт, што моладзі ў Жухавічах жыве і працуе шмат. А гэта работнікі бухгалтэрыі гаспадаркі, спецыялісты, вадзіцелі, механізатары, настаўнікі мясцовай школы. Што датычыцца жыллёвых умоў, то тут таксама Мікалай назваў свой “плюс”: яму выдзелілі пакой у новым 12-кватэрным доме. Хіба не выдатная падтрымка напачатку працоўнай дзейнасці для маладога спецыяліста?! Са станоўчага боку назваў і тое, што ў мясцовай установе культуры праводзяцца цікавыя мерапрыемствы — толькі не лянуйся іх наведваць.
— Я не шкадую пра свой выбар, — гаворыць Мікалай Крывіцкі. — За тры гады працы практычна вывучыў усе вытворчыя аб’екты. Электрычнасць — гэта карысць для людзей, але яна можа прынесці і бяду. Таму ад электрыка патрабуецца своечасова выконваць планавыя работы, усё рабіць якасна, дысцыплінавана падыходзіць да пытанняў аховы працы, бяспекі.