Во время осенних каникул в Кореличском районе в пришкольных лагерях отдыхают 100 ребят
З панядзелка школьнікі Беларусі адправіліся на восеньскія канікулы, якія будуць доўжыцца па 7 лістапада ўключна. З 30 кастрычніка ў Карэліцкім раёне пачалі работу шэсць дзіцячых лагераў дзённага знаходжання.
Па даных аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, на базе сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы, сярэдняй школы №2 г.п. Карэлічы, Лукскай сярэдняй школы, Райцаўскага ВПК дзіцячага сада-сярэдняй школы, Турэцкага ВПК дзіцячага сада-сярэдняй школы і Красненскага ВПК дзіцячага сада-сярэдняй школы адпачнуць і пройдуць аздараўленне 100 дзяцей.
У лагеры «Малышок» пры сярэдняй школе №1 райцэнтра ва ўсю кіпіць жыццё. На працягу шасці дзён з 8.30 і да 16.00 два дзясяткі вучняў 1-4 класаў праводзяць час не каля манітораў камп’ютараў, а весела і з карысцю для здароўя. З прычыны розных графікаў працы бацькі могуць прывесці сваё дзіця ў лагер да 8.00, а забраць у 17.00. Хвалявацца дарослым, ці сытае іх дзіця, не даводзіцца: у хлопчыкаў і дзяўчынак трохразовае харчаванне. І ўсё гэта за сімвалічную плату ў 6 рублёў.
У аздараўленчым лагеры арганізоўваюцца ранішнія зарадкі, культурныя і спартыўныя мерапрыемствы, гульні, прагулкі на свежым паветры, абавязковы і пасляабедзенны сон.
Кожны дзень з’яўляецца тэматычным. Да прыкладу, панядзелак стаў для рабят днём знаёмстваў. У аўторак дзеці адправіліся ў краіну «Беражлівію», навучыліся мастацкаму канструяванню кветак з паперы, прынялі ўдзел у пазнавальнай гульні «Капялюшная дыскусія». Сёння ўсе заняткі рабят будуць прысвечаны беларускім казкам, а заўтра яны адправяцца ў госці да школьнікаў у агр. Краснае.
Караліна КУЧУК.
Фота аўтара.