Два ордэны Івана Чэчата
Зямля. Хлебароб усёй душой прыкіпеў да яе і штодзённа адчувае яе подых. Усяго сябе ўкладвае ў любімую справу, і да яго прыходзіць прызнанне. Праз гады прадаўжае трымаць сувязь з карміцелькай, сумленна служыць, і ў гэтым знаходзіць простае чалавечае шчасце.
Больш чатырох дзесяцігоддзяў жыве ў вёсцы Церавічы Іван Сцяпанавіч Чэчат, і кожны раз, любуючыся яе краявідамі, усё мацней пераконваецца ў тым, што гэта самы цудоўны куточак на зямлі. Шмат гадоў таму ён зрабіў выбар, застаўся жыць на радзіме сваёй абранніцы. Тут ёсць да чаго прыкласці рукі, у наваколлі пануюць цішыня і спакой, дыхаецца на поўныя грудзі — безліч таго, што радуе сэрца.
Яго жыццё як на далоні: сумленна жыве і шчыра працуе. У тагачасным калгасе «Ленінскі шлях» узначальваў звяно па вырошчванні бульбы. Яе садзілі на плошчы 120-200 гектараў, ураджайнасць складала 250-300 цэнтнераў. Работа ў членаў звяна спорылася, і гэта прыносіла механізатару задавальненне.
— Люблю працу на зямлі, — прызнаецца субяседнік. — Мясцовая гаспадарка была моцнай у эканамічным плане. Яе тагачасны кіраўнік Іван Міхайлавіч Паўловіч цаніў старанных людзей, знаходзіў падыход да кожнага, заўсёды падтрымліваў. Разам з тым патрабаваў дысцыпліну на рабочым месцы, але гэта толькі натхняла на добрыя справы.
Як адзначыў Іван Сцяпанавіч, яго старанні былі заўважаны. Перадавога механізатара ўзнагародзілі двума ордэнамі Працоўнай Славы другой і трэцяй ступені. Гэта стала яшчэ большым стымулам у далейшай працы. Да зямлі ў яго заўсёды былі паважлівыя адносіны. Любімая справа дапамагала цвёрда стаяць на нагах.
Высокія ўзнагароды далі магчымасць паверыць у свае сілы. Узрасло жаданне працаваць больш плённа, прыносіць карысць грамадству, людзям, мацаваць дабрабыт сваёй сям’і. «А цяпер, калі такая сучасная тэхніка, толькі працуй і не лянуйся. Вынікі не прымусяць чакаць — зможаш дабіцца запланаванага», — перакананы вясковец.
Зараз хлебароб знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму не сядзіць без справы. Разам з жонкай Тамарай Іванаўнай трымаюць вялікую асабістую гаспадарку: каня, карову, свіней, птушку. На думку гаспадароў, клопатаў шмат, але дзень хутчэй праходзіць, ды гэта з’яўляецца добрым падспор’ем для сям’і.
Да працы прывучалі сыноў, і зараз перад людзьмі не прыходзіцца чырванець. Дзмітрый працуе слесарам па жывёлагадоўлі ў мясцовай гаспадарцы, Аляксандр — на будоўлі ў сталіцы. Сыны часта наведваюцца да бацькоў, дапамагаюць па дому, гаспадарцы. З дзяцінства не ўхіляюцца ад аніякай работы, усё кіпіць у руках маладых.
— Я горад не люблю, — прызнаўся напрыканцы сустрэчы Іван Сцяпанавіч. — Паеду да сына ў сталіцу, крыху пабуду ў гасцях, і нейкая неймаверная сіла цягне на цырынскую зямлю. Вось такую сілу яна мае…
Галіна Смалянка