В канун Дня белорусской науки уроженец Кореличского района преподаватель БГУ Владимир Наумович признается в любви родному краю

Уладзімір Аляксандравіч НАВУМОВІЧ нарадзіўся 29 кастрычніка 1943 года ў вёсцы Баўцічы Карэліцкага раёна.
Закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, аспірантуру.
Кандыдат філалагічных навук. З 1973 года выкладае ў БДУ.
З 1989 па 2000 г.г. — загадчык кафедры «Беларусазнаўства».
З 2003 па 2009 г.г. — саветнік рэктара БДУ.
Дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры філалагічнага факультэта БДУ.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Аўтар 15 кніг прозы, аповесцей і расказаў, рамана, літаратурна-крытычных артыкулаў, манаграфій, зборнікаў тэзісаў, матэрыялаў навуковых канферэнцый.
Узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Выдатнік адукацыі».
З нагоды Дня беларускай навукі журналіст раённай газеты «Полымя» папрасіла славутага земляка паведаць пра творчыя здабыткі і падзяліцца сваімі ўражаннямі.

— Уладзімір Аляксандравіч, калі і дзе, як Вы адчулі ў сабе парыванне да самастойнага пошуку, няхай адразу ўжо ж не такога навуковага, даследчыцкага, але, як кажуць, творчы агеньчык у душы калі запаліўся? Ды ці сам сабою?
— Не, не сам па сабе і не раптоўна і адразу, хоць наша Карэліцкая зямля, мясціны, дзе я гадаваўся з маленства і якія жывуць ва мне дагэтуль і вабяць з яшчэ большай сілай, могуць выклікаць не толькі жаданне тварыць, пісаць вершы, прозу, быць вучоным, асабліва, калі вакол цябе столькі сумленных, настойлівых, натхнёных людзей Наднёманскага краю, дык стаць творцам, праявіць сябе ў нечым асаблівым сама зямля, асяроддзе вымагае.
— І ўсё ж?
— Усё ж.., усё ж.., усё ж… Памятаеце, што азначала падобнае выказванне ў славутага паэта, амаль земляка, са Смаленшчыны А. Т. Твардоўскага, які гаварыў тыя словы ў дачыненні да воінаў, якія не прыйшлі з вайны і якіх ён можа і мог бы выратаваць, ды усё ж…, усё ж…, усё ж… — так і ў мяне. Удзячны маці-настаўніцы, Марыі Гаўрыілаўне, бацьку-партызану атрада “Камсамолец-1” у Налібокскай пушчы, воіну–вызваліцелю зямель былой Югаславіі, Сербіі, Аўстрыі Аляксандру Раманавічу Самцу, настаўніцкаму і партызанскаму асяроддзю Панямоння і Карэліцкага краю за тую закваску, урокі, прыклад, які яны давалі. Настаўнікам, заслужанаму настаўніку школ БССР Пятру Паўлавічу Сачыўку.
Можа нагадаеце, што канкрэтна?
—Творчы пачатак, як ні дзіўна, памятаю дакладна. Ён пачаўся з двукроп”я. У шостым каласе Скорыцкай сямігодкі задалі сачыненне па кнізе Валянціна Катаева “Аповесць пра сапраўднага чалавека.” Распавядаючы пра Аляксея Марэсьева, напісаў, па–руску. “Но и без ног у него была цель жизни: вернуться к профессии летчика-истребителя.” Вось гэты пунктуацыйны знак мяне так уразіў, што сачыненне напісаў на адзіным дыханні. Вось вам і роля настаўнікаў і роля школы, і творчы набытак, парыванне. Затым былі заметкі ў раённыя газеты “Полымя”, “Сцяг свободы”. У раёнцы працаваў выдатны журналіст Слава Куцэнка, мы з ім потым сябравалі, калі ён выкладаў ужо на факультэце журналістыкі БДУ.
— Калі імкненне ў навуку праявілася?
— На другім курсе стаў удзельнікам Семінара творчай моладзі ў Доме творчасці пісьменнікаў у Каралішчавічах пад Мінскам. На трэцім курсе напісаў дзве курсавыя работы па творчасці Максіма Гарэцкага, прызнаныя на конкурсе ў БДУ лепшымі. На чацвёртым — 1 прэмія на Рэспубліканскім аглядзе-творчасці студэнцкіх работ БССР, там дзве работы ўдзельнічалі ў конкурсе — пра новы раман “Віленскія камунары” Максіма Гарэцкага перамог. Паслалі з навуковай работай на студэнцкія канферэнцыі ў Львоў, потым быў Ужгарад. Працаваў у літаратурным архіве на Даўгабродскай, не вылазіў адтуль, дырэктар Жорава на працу гатова была прыняць. Але як цікава даследаваць матэрыялы з архіваў пісьменнікаў, калі да цябе да іх яшчэ ніхто не дакранаўся. Пісаў лісты да родных Максіма Гарэцкага ў Ленінград. З гэтай славутай сям”ёй акадэміка Гарэцкага Радзіма Гаўрылавіча сябрую і сёння.
Далейшы навуковы росшук звязаны з імёнамі маладых пісьменнікаў, якія былі потым забытымі, так і засталіся ў сваім часе. Скажу так. Выступаў у Ярэміцкай школе на вечары сустрэчы з выпускнікамі. А мне кажуць сябры: “Мы такіх пісьменнікаў і не чулі, якіх ты тут называў.” Затым былі тры гады вучобы ў аспірантуры пры кафедры беларускай літаратуры БДУ: для адных вольніца, “гуляй, Вася”, а я дзетак у дзіцячы садок завяду і ў Ленінскую бібліятэку, ад адкрыцця да закрыцця, старастам беларускай залы называлі”.
—Тэму якую абралі?
— Самую што ні на ёсць цікавую і складаную. “Проза “Маладняка”— першае Усебеларускае аб”яднанне паэтаў і празаікаў літаратурнага згуртавання “Маладняк” 1923 — 1928 гады, аж да 1932 года, дакуль праіснаваў і аднаіменны часопіс. Але я з’яўляўся
першаадкрывальнікам.
— Хто яшчэ займаўся?
— Да таго паэзію “Маладняка» даследаваў Ніл Гілевіч. Я ішоў услед. Але мой шлях — проза маладых. Многія імёны адкрываліся зноўку, шмат праблем літаратурнага руху ўзнята ў дысертацыі. Абараніў у тэрмін. Выступаў і Ніл Гілевіч, прафесары Юліян Пшыркоў, Віктар Каваленка, абодва з АН Беларусі, водгук з Гомеля даў прафесар Мікалай Грынчык. Удзячны навуковаму кіраўніку доктару філалагічных навук, прафесару Алегу Антонавічу Лойку, тады я быў у яго першым афіцыйным аспірантам, бо ён толькі што абараніў доктарскую. Адносіўся да мяне, як да сына. Мы сябравалі сем’ямі ўсе гады працы ў БДУ. Колькі разоў былі ў гасцях, на вяселлях, колькі песен перапелі, як вы ведаеце, жонка мая таксама з Карэліччыны, вобрынская, з палётным голасам, а мой прафесар на акардэоне іграў, уяўляеце цяпер тыя нашы застоллі, сяброўскія бяседы. Зрэшты я усіх іхніх і пісьменніцкіх, і прафесарскіх, і выкладчыцкіх сыноў і дачок замуж павыдаваў, сватам ва ўсіх быў, і ні адна сям’я не распалася. Гэта яшчэ адна яркая старонка маёй творчай біяграфіі, пра якую ведаюць мала.
— Працуеце яшчэ ці не?
— Так сталася, што я запатрабаваны цяпер можа ў большай ступені, чым калі. Распарцаваў новыя курсы “Беларусазнаўства”— усё пра беларусаў і Беларусь, нацыянальны характар, мантальнасць, правасвядомасць, беларусы ў свеце, архетып беларусаў, гісторыя дзяржаўнасці, фальклор, традыцыі, прыглжае пісьменства на Беларусі. Рапрацаваў праграмы, выдаў падручнікі.
Абсалютна новы і яркі курс “Універсітэтазнаўства”— вельмі патрэбны вучэбны курс. Дорага ведаць, што зямля круглая, але яшчэ больш неабходна ведаць, як людзі дайшлі да гэтага. У маёй манаграфіі «Университет — феномен цивилизации»(2011) усё гэта ёсць. Табліца ўніверсітэтаў свету, якую я прывёз з універсітэта горада Кембрыдж (Велікабрытанія), мадэлі навучання, сутнаснасць альма–матэр, універсітэтаў, з якіх пачалася цывілізацыя. Падручнік выдалі з электронным дыскам.
Асноўны мой прадмет — беларуская літаратура. Ёсць падручнік для ССУЗаў, адзіны, з электронным дадаткам. Уся крытыка пра родную літаратуру, ды яшчэ начытаныя хрэстаматыйныя тэксты. Сам начытваў. Пяць гадзін са студыі не выходзіў. Але я выпусціў шэраг кніг і цяпер чытаю курс “Гісторыя сусветнай і беларускай літаратуры”. Запрасілі паралельна з БДУ чытаць такі курс у Акадэмію мастацтваў. Там, як кажуць, яны знайшлі мяне, а я знайшоў іх. Чытаю такі курс акцёрам, рэжысёрам, мастакам, на тэатральным факультэце і факультэце экранных мастацтваў, тэлерэжысёрам, аператарам, гукарэжысёрам, рэжысёрам кіно і тэлебачання, лялечных тэатраў. На дзённай і завочнай форме навучання. Яркія і дасціпныя будучыя прафесіяналы, мастакі сваёй справы, выдатныя творцы. Чытаю і на факультэце журналістыкі, на біялагічным факультэце можа ўжо десятак гадоў, а асноўнае месца працы — філалагічны факультэт БДУ, якому аддадзена 47 гадоў. Цяпер праца ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі, член Праўлення, старшыня прыёмнай камісіі, творчасць не аднаго дзесяткаў творцаў давялося разглядаць. У тым ліку і з роднай Гродзеншчыны, з Карэліч.
— Вы з’яўляецеся і лаўрэатам Рэспубліканскай літаратурнай прэміі…
— Сапраўды. Прэмія «Золотой купадион» 2013 года — за вучэбны дапаможнік новага пакалення «Беларуская літаратура» з электронным дадаткам. Дапушчаны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь для навучэнцаў устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Гэта адзіны ў краіне падручнік па беларускай літаратуры для будучых прафесіяналаў рабочых спецыяльнасцей. Кніга вытрымала тры выданні тыражамі па 3000 экземпляраў — 2000, 2007, 2013 гадоў.
— Якая са спраў асабліва блізкая сэрцу?
— Спраў, вядома, вельмі шмат. Дзеля прыкладу, назаву адну з іх. У 1990-1994 гадах на ўмовах самафінансавання і самаакупнасці стварыў пры БДУ фінансава самастойную Міжнародную школу беларускай мовы, літаратуры і культуры, слухачамі якой сталі вучоныя славісты з Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Егіпта, Канады, Расіі, Славеніі, Чэхіі, Швейцарыі, Украіны, Японіі. У выніку дзейнасці школы ў дадзеных краінах былі створаны культуралагічныя і вучэбныя цэнтры па навучанні беларустыкі. Міжнародная школа беларустыкі працягвае сваю работу.
— Землякам цікава будзе даведацца пра дынастыю сям’і Навумовічаў.
— Я з сям’і патомных сельскіх настаўнікаў, агульны педагагічны стаж якіх складае больш 200 гадоў. З’яўляюся заснавальнікам універсітэцкай дынастыі педагогаў вышэйшай школы. У Белдзяржуніверсітэце працуюць старшым выкладчыкам на юрыдычным факультэце дачка Таццяна і накіравана па размеркаванні выкладчыкам англійскай мовы на факультэт міжнародных адносін унучка Валерыя. Вучыцца ўнук Макім. Жонка Людміла Арсеньеўна прапрацавала 30 гадоў, яна — салістка народнага хора народнай песні выкладчыкаў і супрацоўнікаў БДУ «Родница», з калектывам падтрымліваю пастаянныя творчыя сувязі.
Падрыхтавала да друку Галіна СМАЛЯНКА.

Добавить комментарий