Міжнародны дзень роднай мовы адзначаюць на Гродзеншчыне
Палац культуры Ліды стане месцам правядзення адразу некалькіх мерапрыемстваў. У вялікім і малым залах увазе гледачоў прапануюць канцэрт заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь вакальна-інструментальнага ансамбля «Шкляры», а таксама першую ў гэтым годзе прэстыж-бард-сустрэчу «…І песняй загучыць душа». Новай формай мерапрыемства, прымеркаванага да святочнай даты, у Лідскім раёне стане і турнір знаўцаў «Мова — душа народа», які пройдзе ў Бярозаўскім гарадскім Доме культуры. Каманды школьнікаў Бярозаўкі і навучэнцаў мясцовага ліцэя будуць змагацца ў інтэлектуальным турніры па форме блізкім да ўсіх вядомага «Што? Дзе? Калі?».
Увечары жыхароў Дзятлаўскага раёна запрашаюць у раённы цэнтр культуры на канцэрт заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі «Бяседа». А ў Навадворскім Доме культуры Шчучынскага раёна пройдзе тэматычна-літаратурнае мерапрыемства «Роднае слова, ты ў сэрцы маім!».
У абласным цэнтры народны клуб творчай інтэлігенцыi «Гранi» 22 лютага прапануе гродзенцам музычна-паэтычную вечарыну «Вы паслухайце родную мову: жаўруковаю песняй звініць…», якая пройдзе ў Гродзенскiм абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Прыме удзел у мерапрыемстве аўтар і выканаўца песень, лаўрэат шматлікіх фестываляў аўтарскай песні і этнічнай музыкі Таццяна Салаўёва. Пачатак у 18.00.
ДАВЕДКА
Міжнародны дзень роднай мовы заснаваны рашэннем 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года і з 2000 года штогод адзначаецца 21 лютага з мэтай абароны моўнай і культурнай разнастайнасці.