Механізатар з Турца Сяргей Клімаш стаў пераможцам абласнога этапу рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў «Новыя імёны-2018»

Сяргей Аляксандравіч Клімаш — удзельнік абласнога этапу рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў «Новыя імёны-2018». Стаў пераможцам у намінацыі «За захаванне народных беларускіх традыцый» і ўзнагароджаны Дыпломам і каштоўным падарункам.

— Я люблю спяваць, — прызнаўся Сяргей Аляксандравіч. — З’яўляюся пастаянным удзельнікам розных урачыстых мерапрыемстваў у райцэнтры і мясцовым Доме культуры. У маім рэпертуары — вясёлыя музычныя кампазіцыі. Сам знаходжуся заўсёды ў добрым настроі і імкнуся яго перадаць людзям.
Выканаўца песень моцна любіць сваю асноўную працу: ён трактарыст-машыніст КУСП «Чарняхоўскі-Агра». Яму даводзіцца выконваць розныя работы на зямлі, падчас уборачнай кампаніі працуе камбайнерам.
Хлебароб усёй душой прыкіпеў да родных мясцін. Тут знайшоў простае чалавечае шчасце. Сваю прафесію выбраў яшчэ ў школьныя гады і не шкадуе: у любімай справе бачыць сэнс жыцця. У вольныя хвіліны спяшаецца раздзяліць сваю радасць з землякамі. Песні выбірае розныя, пастаянна абнаўляе іх рэпертуар. Галоўнае для спевака, каб любімыя мелодыі краналі душы слухачоў, і ў яго гэта атрымліваецца.
— Песні здымаюць дзённую стомленасць, — гаворыць выканаўца. — Усю дабрыню і цеплыню душы дару людзям, яны ў сваю чаргу аддзячваюць гучнымі апладысментамі. Калі праца і песня поруч ідуць, то адчуваеш сябе шчаслівым чалавекам.

Галіна СМАЛЯНКА.
Фота прадастаўлена
Карэліцкім РК прафсаюза работнікаў АПК.

Добавить комментарий