«У Канадзе мне часта снілася Райца і мама». Стрыечныя сёстры сустрэліся праз дзесяцігоддзі
Няма на зямлі нічога больш роднага і блізкага, чым малая радзіма. Яна ёсць у кожнага з нас, бо гэта той адзіны куточак на зямлі, дзе ты з’явіўся на свет.
На фота: чатыры стрыечныя сястры Таіса Мухіна, Лілія Блэк (Машчонская) з Канады, Вера Яўсей і Яўгенія Захарчук. 2015 год, Малюшычы.
Дзяўчынцы было наканавана нарадзіцца ў ваеннае ліхалецце: гэта быў снежань 1943 года. А ўжо ў 44-ым, падчас адступлення, немцы гналі яе сям’ю ў Нямеччыну. Маленькай Любе было толькі 6 месяцаў, таму не магла яна памятаць, дзе быў пачатак яе лёсу. Недзе каля 5 гадоў прыйшлося пражыць у Германіі, а затым – Канада, дзе сустрэла свой 70-гадовы юбілей. Бацькі ніколі не расказвалі пра тое, што прыйшлося перажыць іх сям’і. Калі не стала родных, жанчына зацікавілася, адкуль ідуць яе карані. У пасведчанні аб нараджэнні значылася, што яна нарадзілася ў Райцы (Польшча). Аднак паездка ў Польшчу не дала вынікаў, бо Райцы там не было. Самотныя думкі ахінулі жанчыну: жыццё ідзе да завяршэння, а яна нават не ведае, адкуль пачалася яе жыццёвая дарога, хто яе родныя і ці ёсць яны наогул.
А ў гэты час у Райцы ведалі, што недзе далёка за акіянам ёсць стрыечная сястра, пра якую ў сям’і ніколі не забывалі. Быў перыяд, калі бацькі перапісваліся, а затым сувязь з замежжам нечакана абарвалася. Тыя скудныя звесткі, што расказалі бацькі, абмяркоўваліся ў сям’і не раз. Аднак прайшло многа часу, і было невядома, ці жывы хто там.
У 2015-ым годзе яны сустрэліся: тая, што лічыла сябе сіратой, і шматлікая радня з Райцы. Госці з-за акіяна ступілі на беларускую зямлю, і … Люба загаварыла па-беларуску (!), так, як гавораць хіба толькі настаўнікі. Муж, сын, нявестка і ўнучкі глядзелі здзіўлена на бабулю і не маглі даўмецца, на якой мове яна размаўляе, бо ніколі не чулі з яе вуснаў такой гаворкі.
На мой запытальны позірк яна сказала: “А ведаеш, у Канадзе мне часта сніўся сон. І толькі тут я зразумела, што ён – беларускі, адтуль, з майго дзяцінства, маёй малой радзімы”. “А пра што сон?” — з цікавасцю перапытваю я сястру. — Перад вачыма паўстае мая мама, якая з усмешкай кажа мне пра нейкі “кукіш з макам”, — тлумачыць мне Люба. — А размаўляю ў сне з ёй на нейкай іншай мове, не англійскай”.
Пачакаўшы, пытае: “А што гэта значыць?” І тут я разумею, што не пра “кукіш з макам” трэба ёй тлумачыць, а пра той цуд, які называецца генетычная памяць. Менавіта яна глыбока ў падсвядомасці ўтрымлівала любоў да роднага слова і несла інфармацыю пра чысты вобраз малой радзімы. Жыццёвая ж мітусня не дала ёй збіцца з правільнага кірунку.
Таіса Мухіна,
агр. Райца.