О жизни Еремичского сельсовета рассказывает его председатель Петр Анатольевич Наумович

 

Ярэміцкая зямля прыцягальная не толькі жывапіснымі нёманскімі краявідамі, але і цікавым гістарычным мінулым. Яшчэ ў каменным і бронзавым стагоддзях гэтыя мясціны прыйшліся даспадобы плямёнам паляўнічых. Першыя людзі прыйшлі сюды прыкладна 10-12 тысяч гадоў таму пасля адступлення ледавіка. Пацверджаннем гэтаму служаць цэлыя групы археалагічных помнікаў на беразе ракі Нёман каля агр. Ярэмічы, дзе былі знойдзены керамічныя вырабы, фрагменты прылад працы і зброі.

Так пачыналася гісторыя Ярэміччыны. Пра сучасны стан Ярэміцкага сельсавета ніхто лепш не раскажа, як яго старшыня Пётр Анатольевіч Навумовіч, які на працягу 12 гадоў ідзе адной дарогай з мясцовымі жыхарамі.

– Пётр Анатольевіч, раскажыце, калі ласка, які ён, Ярэміцкі сельсавет, сёння?

– У склад Ярэміцкага сельсавета, плошча якога складае 112 квадратных кіламетраў, уваходзяць 16 населеных пунктаў. Па колькасці жыхароў усе яны розныя: калі ў агр. Ярэмічы пражывае 329 чалавек, то на хутары Чорная – усяго 5 жыхароў. Агульная колькасць насельніцтва складае 1102 чалавекі. Сумна гаварыць аб гэтым, але смяротнасць у некалькі разоў перавышае нараджальнасць. Калі ў мінулым годзе нарадзілася трое малых, то памерла  35 жыхароў сельсавета. Але ў 2014 годзе буслы часта наведвалі ярэміцкую зямля і падаравалі аж 15 немаўлят.

–  Вельмі часта зімой вёскі заціхаюць, а летам, наадварот, напаўняюцца жыццём. Ці характэрна гэта для Ярэміцкага сельсавета?

– Сапраўды, яно так. На зіму многія састарэлыя жыхары пераязджаюць у горад да дзяцей, летам жа вяртаюцца на малую радзіму. Да таго ж, ярэміцкія краявіды прывабліваюць дачнікаў, чые карані менавіта тут. У Зарэччы і Лядках амаль не засталося пустуючых дамоў. Ёсць і такое, што адна сям’я набывае дзве суседнія хаты. У Сіняўскай Слабадзе жыццё летам кіпіць: зімой у вёсцы застаюцца толькі 12 жыхароў, улетку ж больш 100. Таму пустуючых дамоў на тэрыторыі сельсавета няшмат, усяго 5. Безумоўна, нёманскія краявіды прывабліваюць гараджан.

– Пётр Анатольевіч, што робіцца для таго, каб Ярэміцкі сельсавет выглядаў прывабным?

– Вядома, рабоце па добраўпарадкаванні тэрыторый сельсавета надзяляецца вялікая ўвага. У 2016 годзе, калі ў агр. Ярэмічы праводзілася раённае свята Дажынкі, было заасфальтавана каля 700 м вуліцы Палявой і ўчастак вуліцы Жука. Увогуле, каля 90%  дарог сельсавета маюць асфальтавае пакрыццё. Нельга не сказаць пра гонар ярэміцкай зямлі: мост праз Нёман каля в. Сіняўская Слабада, які вырашыў шмат надзённых пытанняў мясцовых жыхароў.

Вялікая работа вялася і працягваецца па прывядзенні могілак у належны стан. У 2017 годзе на пагосце ў в. Пагарэлка было пастаўлена каля 130 м агароджы. Дарэчы, сёння мы аддаём перавагу агароджы з металічнай сеткі. На могілках у в. Даўгінава і Зарэчча таксама плануецца замяніць стары штыкетнік на сетку. Яшчэ адна небяспека, якая існуе на пагостах, – гэта пагражаючыя дрэвы. За некалькі гадоў на могілках у в. Вялікая Вобрына было спілавана больш за сотню дрэў. Але тут яшчэ засталіся цяжкадаступныя таполі, работа з якімі будзе весціся ў бліжэйшы час за кошт сродкаў, якія сабралі мясцовыя жыхары.

– Ці захавалася традыцыя правядзення святаў вёсак на тэрыторыі сельсавета?

– Сёння мы стараемся аднавіць гэтую традыцыю. У мінулым годзе было праведзена свята в. Новае Сяло. Сёлета плануем, што свята агр. Ярэмічы пройдзе 26 мая. Такія мерапрыемствы карысныя ва ўсіх адносінах: населеныя пункты прыгажэюць, людзі збіраюцца разам, адпачываюць, а таксама даведваюцца пра славутых землякоў, якімі так багата ярэміцкая зямля. Агр. Ярэмічы – радзіма пісьменніка А. А. Жука і навукоўца М. Ф. Лойкі. На нашай зямлі нарадзіліся літаратары А. Бажко, М. Бусько, А. Смалянка, А. Мілюць. Вёска  Вялікая Вобрына – калыска Героя Савецкага Саюза У. З. Царука і Героя Сацыялістычнай Працы А. М. Моката. У Сіняўскай Слабадзе нарадзіўся беларускі пісьменнік У. А. Калеснік і генерал-маёр У. П. Калеснік – родны дзядзька пісьменніка. І гэта далёка не ўсе імёны, якімі ганарыцца Ярэміччына і Карэліцкі раён.

Аксана ЯНУШ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий