15 мая – День семьи. Свадебные юбиляры из Корелич рассказывают о семейных ценностях

Што можа быць даражэй за сям’ю? Бадай што, нічога. Яна крыніца цеплыні і энергіі. Што б ні здарылася, родныя заўсёды прыдуць на дапамогу, сагрэюць і раздзеляць любую няўдачу, – сцвярджае начальнік аддзела ЗАГС Карэліцкага райвыканкама Валянціна Сіўко, якая з’яўляецца сведкай шчаслівага моманту ўтварэння маладых карэліцкіх сямей.

Па словах Валянціны Сіўко, за 4 месяцы 2018 года на Карэліччыне

ўступілі ў шлюб 33 пары, у якіх сярэдні ўзрост мужчын складаў 29 гадоў, жанчын – 27. Як кажуць, каханню ўсе ўзросты пакорлівыя. Доказам служыць наступная акалічнасць: самай старэйшай нявесце было 56 гадоў, жаніху – 64.

Сям’ю цяжка ўявіць без дзяцей. За 4 месяцы бягучага года на Карэліччыне нарадзілася 47 дзяцей: 25 хлопчыкаў і 22 дзяўчынкі. Першымі ў сям’і з’явіліся 12 дзяцей, другімі – 21, трэцімі – 7, чацвёртымі – 5, шостымі – 1. Да таго ж, у адной сям’і нарадзілася сёмае дзіця.

Якія ж сямейныя каштоўнасці ляжаць у аснове дабрабыту карэліцкіх сям’яў, якія ў гэтым годзе адзначаюць своеасаблівая юбілеі – 5, 10 і 25 гадоў сумеснага жыцця, даведаўся карэспандент газеты ”Полымя”.

Юлія Леанідаўна і Сяргей Валянцінавіч МАСЛОВІЧ,

адзначылі драўлянае вяселле:

— Сям’я — галоўнае ў жыццці, — сцвярджае маладая гаспадыня. — У гэтым пераканалася на ўласным вопыце — вырасла ў дружнай сям’і. На мяне вялікі ўплыў аказвалі бабуля Валянціна Мікалаеўна і дзядуля Юльян Іванавіч Крывапуст з вёскі Паланая. Канікулы, святы, выхадныя праводзіла ў іх.

Мой дзядуля быў сапраўднай апорай і падтрымкай у сям’і: на яго можна было пакласціся ў складанай сітуацыі. Я заўсёды захаплялася  паводзінамі родных людзей: іх любові да бліжняга і невычэрпнай дабрыні.

У маім разуменні сям’я — гэта святое. Бабуля і дзядуля пражылі разам пяцьдзясят гадоў, мама і тата — трыццаць чатыры. Яны любілі паўтараць народную прымаўку «Жыццё пражыць — не поле перайсці». За пяць гадоў сумеснага жыцця мне прыйшлося пераканацца ў праўдзівасці гэтых слоў: шлюб заснаваны на павазе, узаемаразуменні, падтрымцы.

Дзіяна Аляксандраўна і Юрый Аляксандравіч НАВУМОВІЧ,

адзначылі ружовае (алавянае) вяселле:

— 24 мая споўніцца дзесяць гадоў як замужам, — гаворыць шчаслівая жанчына. — Для мяне  сям’я і дзеці — галоўнае. Маем дзвюх дачок, дзевяцігадовую Маргарыту і пяцігадовую Дамініку. Пакуль жывём у інтэрнаце, мяркуем набыць уласнае жыллё.

Сям’я — галоўнае ў жыцці, для жанчыны дзеці —  сэнс жыцця: радасць, надзея, шчасце. Мужу і жонцы трэба ўступаць адзін аднаму і разумець. Лічу, што галоўная роля належыць жанчыне: як яна пакіруе, так і будзе. Знаёмы з мужам дзевятнаццаць гадоў. Сустрэліся 26 мая, і вяселле таксама прыпала на гэты месяц. Я ніколі не верыла ў прыкметы. Некаторыя мяркуюць, калі жаніцца ў маі, будзеш увесь час маяцца. Па маім меркаванні, гэта самая цудоўная пара, калі ўсё навокал квітнее, і душа таксама.

Наталля Аляксандраўна і Сяргей Анатольевіч БРАЗОЎСКІЯ,

адзначылі сярэбраны юбілей:

— Чвэрць стагоддзя як крочу па жыцці са сваім любым абраннікам, — прызнаецца жанчына. — Пазнаёміліся ў Вялікодную ноч, калі вярталіся з царквы. Пасля заключэння шлюбу вырашылі павянчацца, і Бог на працягу жыцця захоўвае нашу сям’ю, дапамагае справіцца нам у складаных сітуацыях.

Самае галоўнае — дзеці, наша  радасць і надзея. Сын Дзмітрый атрымаў вышэйшую адукацыю і працуе інжынерам-будаўніком. Дачка Кацярына вучыцца ў Мінскім педагагічным  універсітэце імя Максіма Танка, будзе настаўніцай пачатковых класаў.

Самае галоўнае для захавання ладу ў сям’і — павага адзін да аднаго, цярпенне, дабрыня, уменне дараваць. На працягу ўсяго сумеснага жыцця нам дапамагала каханне. Не разумею шлюбу без гэтага ўзаемнага пачуцця. Усё ў жыцці трымаецца на ім.

 

Аксана ЯНУШ і Галіна СМАЛЯНКА.

Фота з сямейных архіваў.

Добавить комментарий