Уроженец Качич Александр Высоцкий собирает одноклассников спустя 50 лет

 

Невялікая вёска Качычы ў Карэліцкім раёне… Для кагосьці яна зусім звычайная і нічым непрыкметная. Але для Аляксандра Фёдаравіча Высоцкага, які нарадзіўся 67 гадоў таму менавіта тут, кожны кавалачак зямлі на яго малой радзіме такі родны і дарагі, поўны дзіцячых і юнацкіх успамінаў, школьных перамог і поспехаў.

– Школьныя гады – яны самыя-самыя: яркія, незабыўныя, вясёлыя, бесклапотныя. Іх я ўспамінаю з цеплынёй, – пачаў размову Аляксандр Высоцкі. – Першыя тры класы я вучыўся ў Равінскай пачатковай школе, наступныя сем гадоў наведваў Карэліцкую сярэднюю школу. Кожны дзень мы спяшаліся на заняткі, адказвалі каля дошкі, прымалі ўдзел у культурных і спартыўных мерапрыемствах. Як даўно гэта было! Але, ведаеце, здаецца, што толькі ўчора выйшаў з-за школьнай парты, настолькі выразна памятаю ўсе падзеі юнацкай пары.

Сапраўды, з моманту заканчэння 10 класа Карэліцкай рускай школы юнаком Сашам Высоцкім прайшло паўстагоддзя. 50 гадоў таму 25 мая для 96 юнакоў і дзяўчат з 23 населеных пунктаў Карэліччыны празвінеў апошні званок. Гучны і залівісты апошні званок, пасля якога былыя аднакласнікі разышліся шукаць сябе ў дарослым жыцці.

– Мы заўсёды будзем удзячны нашым настаўнікам Мікалаю Мікалаевічу Данільчыку, Тамары Паўлаўне Мароз, Зоі Фёдараўне Троска, Зінаідзе Аляксееўне Шут, Лідзіі Міхайлаўне Шчэмер і многім іншым педагогам, якія далі нам трывалыя веды і заклалі цвёрды падмурак далейшых поспехаў кожнага з нас, – з настальгіяй успамінае Аляксандр Фёдаравіч.

Менавіта яна, настальгія па школьных таварышах, з якімі разам праходзілі пешшу па некалькі кіламетраў у дзень, па настаўніках, якія адкрылі цікавае падарожжа ў краіну ведаў, лягла ў аснову ініцыятывы Аляксандра Высоцкага сабраць разам усіх тых, з кім ён побач прайшоў праз школьныя гады.

– 23 чэрвеня гэтага года ў 12 гадзін дня ў СШ №2 г.п. Карэлічы адбудзецца сустрэча “Які ты, выпускнік Карэліцкай сярэдняй школы, праз 50 гадоў?”. Мой тэлефон 8(029)6502079, буду рады сустрэцца са школьнымі сябрамі, – адзначае Аляксандр Фёдаравіч. –  Я ўпэўнены, што кожнаму з нашага выпуску будзе прыемна сустрэцца з былымі выпускнікамі, аддаць даніну павагі настаўнікам, якіх ужо няма побач з намі. Безумоўна, у кожнага з выпускнікоў жыццё склалася па-рознаму, але ёсць тое, што нас заўсёды будзе аб’ядноўваць, – успаміны з бесклапотнага школьнага жыцця, якія асабіста мне грэюць душу на працягу ўсіх 50 гадоў пасля заканчэння школы.

Сваім шляхам у жыцці пайшоў і юны выпускнік Карэліцкай сярэдняй школы Саша Высоцкі. На змену выпускным экзаменам прыйшлі ўступныя ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага, пасля паспяховай здачы якіх юнак стаў студэнтам гістарычнага факультэта. Першым месцам працы маладога настаўніка гісторыі стала в. Гарадок Маладзечанскага раёна.

– З Гарадком у мяне звязана шмат успамінаў. З Мінска ехаў на электрычцы да станцыі Аляхновічы, потым кіламетраў дванаццаць бягом, вёў урокі і гэтак жа вяртаўся ў Мінск. Доўгі час я прафесійна займаўся лёгкай атлетыкай, таму такую адлегласць пераадольваў з лёгкасцю, – адзначае  мужчына. – У мінулым годзе мне так захацелася зноў наведаць гэтыя мясціны, што не вытрымаў, сеў і паехаў у Маладзечанскі раён. Адразу на душы так цёпла стала, словамі цяжка перадаць усё тое, што я адчуваў.

Наступныя гады жыцця Аляксандра Высоцкага армейскія. Пасля службы ў арміі прыйшоў на камсамольскую работу. Яго найвышэйшая вяршыня на гэтым шляху – другі сакратар Фрунзенскага райкама камсамола г. Мінска. Яшчэ адным значным перыядам жыцця Аляксандра Фёдаравіча сталі гады, звязаныя з працай у навучальных установах Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь: Акадэміі МУС РБ, вучэбным цэнтры МУС РБ і інш. За плячыма – 3 камандзіроўкі на Каўказ, ліквідацыя наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

– Мне здаецца, што ўсё, аб чым марыў у жыцці, у мяне атрымалася. Было шмат цікавых і насычаных падзей, – дзеліцца Аляксандр Высоцкі. – Было і нямала цяжкасцей і выпрабаванняў. Але я ўпэўнены, што жыць трэба пазітыўна. Нават калі на душы нясцерпна балюча, усё роўна трэба ўсміхацца. А душэўныя раны ў момант загойваюцца на роднай зямлі, яна надае сілы і падбадзёрвае. Менавіта ў Качычах я адпачываю душой. Толькі паслухайце, як салаўі спяваюць. А якое тут паветра! Здаецца, што ў горад адсюль я ад’язджаю акрылены.

Пакінуць след на малой радзіме і быць упэўненым у тым, што тое месца, дзе нарадзіўся, ніколі не прыйдзе ў заняпад, – вось аб чым марыць мужчына. У гэтым годзе, вясной, уздоўж дарогі пры ўездзе ў Качычы Аляксандр Фёдаравіч пасадзіў маладыя дрэўцы: клёны, ліпы, бярозкі, якія стануць яго ўдзячнасцю роднай зямлі.1 снежня мінулага года з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння мамы ў садзе з’явіліся маладыя яблынькі, вішні, груша, якія ўвасабляюць памяць аб самым родным чалавеку.

– Дзеці і ўнукі не часта прыязджаюць у Качычы. Але яны добра ведаюць, што значыць для мяне гэтае месца, – дзеліцца Аляксандр Высоцкі. – Я вельмі прашу іх, каб збераглі маю малую радзіму і не далі ёй знікнуць. Абяцаюць, што так яно і будзе.

Памяць. У жыцці мужчыны яна недатыкальная каштоўнасць. Чорна-белыя фотаздымкі, якія беражліва захоўваюцца. Сябры юнацтва, з якімі сувязь падтрымліваецца да сённяшняга дня. Карэліцкія мясціны, дзеля якіх гатовы пераадолець сотні кіламетраў.

– Як можна прадаць бацькоўскі дом? Такой думкі я і блізка не дапускаю, – гаворыць Аляксандр Высоцкі. –  Сцерці з памяці ўсё мінулае? Ніколі! Без яго і будучыня немагчыма.

Аксана ЯНУШ.

Фота аўтара

Добавить комментарий