В Кореличском районе на летних каникулах отдохнут 880 детей
На Карэліччыне штогод удзяляецца вялікая ўвага аздараўленню дзяцей у летні перыяд. На мінулым тыдні гэтае пытанне было разгледжана на двух раённых пасяджэннях.
Падчас правядзення міжведамаснай нарады на тэму: «Арганізацыя летняй аздараўленчай кампаніі і занятасці дзяцей у канікулярны перыяд 2018 года» галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама Марына Аляксандраўна Станкевіч расказала аб ходзе падрыхтоўкі аздараўленчых лагераў да летняй аздараўленчай кампаніі 2018 года.
Вялікую зацікаўленасць выклікала гэтае пытанне і ў намеснікаў кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце прадпрыемстваў і арганізацый раёна падчас правядзення чарговага семінара. На пасяджэнні з інфармацыяй аб летняй аздараўленчай кампаніі выступіла вядучы спецыяліст Прадстаўніцтва Гродзенскага абласнога ўпраўлення рэспубліканскага Цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва па Карэліцкім раёне Ларыса Паўлаўна Трафімчык.
У Карэліцкім раёне ў летні перыяд плануецца правесці аздараўленне з выкарыстаннем дзяржаўнай датацыі 880 дзяцей, у тым ліку ў лагерах з дзённым знаходжаннем — 400, з кругласутачным — 480. Будзе арганізавана работа 15 лагераў з дзённым знаходжаннем на базе ўстаноў адукацыі, 5 лагераў працы і адпачынку, 7 перасовачных палатачных лагераў з асобнымі маршрутамі перамяшчэння, а таксама 4-зменны рэжым работы стацыянарнага дзіцячага аздараўленчага лагера «Вясёлка». Сярэдні кошт пуцёўкі ў стацыянары лагер папярэдне складзе 360 рублёў, бацькоўская плата пры гэтым — 175 рублёў.
Абласным і рэспубліканскім бюджэтам у 2018 годзе на падрыхтоўку лагера выдзелена 19,696 тыс. рублёў. На 18 мая асвоена 14135,4 рублёў. Ідзе падрыхтоўка стацыянарнага лагера да летняй аздараўленчай кампаніі.
У адпаведнасці з рашэннем Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта ад 2 мая 2018 года № 272 «Аб арганізацыі аздараўлення дзяцей Карэліцкага раёна ў летні перыяд 2018 года» замацаванымі за аб’ектамі лагера «Вясёлка» ў парадку долевага ўдзелу і фінансавання затрат па падрыхтоўцы да летняга аздараўленчага сезону арганізацыямі і прадпрыемствамі раёна вядуцца бягучы рамонт будынкаў, памяшканняў, добраўпарадкаванне тэрыторый. Рэалізуюцца мерапрыемствы па выкананні прадпісанняў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, а таксама раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Зроблены рамонт жылых домікаў, рэканструкцыя мыйнага аддзялення харчблока, набыта духавая шафа. Заменены эмаліраваны кухонны посуд, апрацоўчыя дошкі і нажы.
Пры наяўнасці дадатковых фінансавых сродкаў у жылых памяшканнях будзе прадоўжана замена шафаў, індывідуальных тумбачак, сталоў.
На тэрыторыі ДАЛ «Вясёлка» будуць праведзены энтамалагічныя абследаванні і прафілактычныя мерапрыемствы па абароне ад гнюсу і кляшчоў.
Праведзена абследаванне дна возера Свіцязь у месцах купання выхаванцаў лагера. Бацькі могуць не хвалявацца: усе небяспечныя прадметы з дзіцячай купальні дасталі вадалазы.
У летні перыд плануецца прадоўжыць практыку арганізацыі летняга аздараўлення і занятасці дзяцей і падлеткаў раёна на базе выхаваўча-аздараўленчай установы, устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі.