Основной темой сельского схода в д. Радунь стала безопасность проживания её жителей
Асноўным пытаннем, вакол якога была сканцэнтравана ўся ўвага спецыялістаў Карэліцкага РАНС, Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна, Дзяржаўтаінспекцыі і газавай службы раёна падчас правядзення сельскага сходу ў в. Радунь Жухавіцкага сельсавета, стала бяспека яе жыхароў, ад якой залежыць не толькі захаванасць маёмасці, але і чалавечае жыццё.
Ведаць і выконваць
– Усе мы добра ведаем, што можна рабіць, а што нельга. І ўпэўнены ў тым, што бяда можа здарыцца з любым, але толькі не з намі, – адкрыў сельскі сход старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Віктаравіч Шкадаў. – Так думалі двое рыбакоў у Кармянскім раёне, якія вырашылі схавацца ад дажджу з маланкай пад дрэва, на якое і прыйшоўся ўдар бліскавіцы. Безумоўна, яны неаднаразова чулі і ведалі аб тым, што падчас маланкі пад дрэвам знаходзіцца небяспечна. Вось ён, яркі прыклад, калі паняцці “ведаць” і “выконваць” разыходзяцца ў жыцці.
З вуснаў Аляксандра Шкадава прагучаў яшчэ адзін трагічны прыклад: 10 мая ў Шчучынскім раёне на пажары загінулі трое. Усе яны таксама ведалі, што курыць у нецвярозым стане небяспечна. Але па інфармацыі супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях менавіта п’яная цыгарэта стала прычынай трагічнага пажару.
Апавяшчальнік – неабходны сусед
– Пасля заканчэння ацяпляльнага сезону самы час падрыхтавацца да новага. Праверце, у якім стане ваша печка, электраправодка, – заклікаў выконваючы абавязкі начальніка Карэліцкага РАНС М. А. Шуляк. – У чарговы раз хочацца папярэдзіць усіх прысутных – не паліце смецце. А калі робіце гэта, то выконвайце правілы бяспекі. З сумай у 40 базавых велічынь вы можаце развітацца за спальванне сухой расліннасці на карані.
Мікалай Шуляк адзначыў, што аўтаномны пажарны апавяшчальнік павінен стаць пастаянным жыхаром у кожным доме. Ад такога суседства выйграюць перш за ўсё яго гаспадары: ужо ў бягучым годзе ў Карэліцкім раёне ў трох выпадках удалося пазбегнуць трагедый дзякуючы невялікаму апавяшчальніку.
20 гадоў – і замяніць
– Калі тэрмін эксплуатацыі вашай газавай пліты больш 20 гадоў, яе абавязкова трэба замяніць. Мы часта чуем: “Яна ж як новенькая. Навошта яе мяняць?” Газавая пліта, можа, і добра выглядае, але толькі знешне. Унутраныя непаладкі, не заваўжныя простым вокам, могуць прывесці да скаплення газу ў пліце і выбуху, – адзначыў майстар Карэліцкага раёна газазабеспячэння Мікалай Уладзіміравіч Рытус. – Мы не маем права прывозіць вам балоны з газам, пакуль месца старой газавай пліты не займе новая.
Таксама Мікалай Рытус параіў жыхарам населенага пункта абзавесціся добрай звычкай: заўсёды перакрываць кран падачы газу пры карыстанні прыродным газам альбо закручваць балон.
Калі пажарны апавяшчальнік ёсць амаль у кожным доме, то з датчыкам угарнага газу мясцовае насельніцтва яшчэ на “вы”. Але гэтая невялікая прылада таксама можа сыграць рашаючую ролю на карысць жыцця.
Не хавайце флікер у кішэні
– Толькі ад вас саміх залежыць ваша бяспека на дарозе. Абазначыць сябе святлоадбівальнымі элементамі – першае правіла, – адзначыла старшы інспектар па АП аддзялення ДАІ Карэліцкага РАУС Вольга Ігараўна Кручак. – Але флікер, які ляжыць у кішэні, не лічыцца. Універсальны сродак для пешаходаў быць заўважным у цемры – святлоадбівальны жылет. Веласіпедысты і вазы таксама не павінны быць прывідамі на дарозе, а абавязкова быць абазначаны катафотамі.
Тое, што вадзіцельская этыка не заўсёды выконваецца, жыхары в. Радунь ведаюць не па чутках. Добрае асфальтавае пакрыццё ў населеным пункце некаторыя вадзіцелі, асабліва ў нецвярозым стане, выкарыстоўваюць для хуткай язды.
– Для вашай жа асабістай бяспекі, калі вы бачыце, што транспартны сродак не едзе, а нясецца, сыйдзіце з дарогі, прапусціце яго і абавязкова паведаміце ў Карэліцкі раённы аддзел унутраных спраў, – заклікала Вольга Ігараўна.
Касьба – 1 руб. 92 к., прачыстка коміна – 1 руб. 22 к.
Пра паслугі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна, якія дапамогуць вырашыць надзённыя пытанні мясцовых жыхароў, расказала дырэктар Цэнтра Інеса Мікалаеўна Семібратава.
– Калі вам неабходна абкасіць тэрыторыю каля дома, прачысціць комін, пакалоць дровы, абавязкова звяртайцеся ў Цэнтр, і нашыя спецыялісты дамапогуць вам, – адзначыла Інеса Семібратава. – Для пенсіянераў распрацаваны льготныя тарыфы: касьба травы – 1 руб. 92 к. за сотку, прачыстка коміна – 1 руб. 22 к. за метр. Людзі актыўна карыстаюцца гэтымі паслугамі, таму званіце і запісвайцеся па тэл. 3-11-27.
Усе бацькі імкнуцца дапамагчы сваім дзецям. Але ўсё павінна быць у меру. Аддаць усю пенсію, а потым сядзець і галадаць? Інеса Мікалаеўна прывяла шэраг прыкладаў, калі, забраўшы грошы састарэлых бацькоў, дзеці альбо родныя прывозілі ім прадукты харчавання раз у два тыдні.
Валянціна Цімафееўна МАНЮК, пенсіянерка:
– Безумоўна, сельскія сходы патрэбныя і карысныя. Такія сустрэчы з’яўляюцца своеасаблівай сувяззю з мясцовай уладай. Да таго ж, падчас іх правядзення можна задаць хвалюючыя пытанні прадстаўнікам службаў і атрымаць адказы, як кажуць, з першых вуснаў.
З аўтаномным пажарным апавяшчальнікам сябрую даўно. Я ўпэўнена, што ён павінен быць у кожным доме. Сёння вельмі карысна было пачуць і пра датчык угарнага газу, які таксама пажадана мець дзеля асабістай бяспекі. Вялікую зацікаўленасць выклікалі паслугі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёна, якімі, я ўпэўнена, будуць карыстацца мясцовыя жыхары.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.