Вечар у абдымках музыкі. Карэліцкая школа мастацтваў іграла для малой радзімы (ФОТА+ВІДЭА)
1 ліпеня, у нядзелю, калектыў Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў стварыў сапраўднае свята для аматараў жывой музыкі. Вечар быў цалкам прысвечаны Году малой радзімы і роднай Карэліччыне.
У выкананні народнага аркестра народных інструментаў “Жытніца” гучала самая розная музыка: беларуская, руская, украінская, іспанская і французская, з любімых кінафільмаў, народная і класічная. Пад “Беларускую польку” і “Вясковую кадрылю” ногі самі прасіліся ў пляс, а пад гукі вальса з кінафільма “Мой ласкавы і пяшчотны звер” сэрца сціскалася ад жалю да галоўнай гераіні.
Салісткі вакальнай групы “Віланэла” прысвяцілі свае песні ваеннай тэматыцы, яшчэ раз нагадаўшы аб каштоўнасці міру і спакою на зямлі.
Амаль паўтары гадзіны ў вячэрніх абдымках музыкі праляцелі як адно імгненне…
У фае раённага Дома культуры працавалі выставы “Пра іх пісала газета”, падрыхтаваная ўстановай “Рэдакцыя газеты “Полымя”, і “Нашы землякі”, якую арганізаваў раённы краязнаўчы музей. Карэліцкаму раёну сапраўды ёсць кім ганарыцца. Менавіта на нашай зямлі нарадзіліся сусветна вядомы навуковец Ігнацій Дамейка, дзесяцікратная чэмпіёнка Еўропы па веславанню на байдарках Тамара Шыманская, сусветна вядомы вучоны ў вобласці астранаўтыкі Барыс Кіт, мастак Валянцін Рамановіч,акцёр Аляксандр Ільінскі, трэці Прэзідэнт Ізраіля Шазар Залман. Тут жылі і працавалі 8 Герояў Сацыялістычнай Працы, больш двухсот чалавек узнагароджаны ордэнамі і медалямі за працоўную доблесць. Больш ста чалавек праславілі раён сваімі дасягненнямі ў вобласці навукі.
Іна ЛЕЙКА.
Фота і відэа аўтара.