Кореличские представители Фонда мира, Красного Креста и ветеранской организации рассказали о праве на мир

21 верасня з удару ў “Звон міру” ў штаб-кватэры ААН у Нью-Йорку распачнецца асаблівае свята. Пачынаючы з 1981 года, Міжнародны дзень міру праз жах і боль несціхаючых на працягу гісторыі чалавецтва войнаў і гвалту заклікае ўсіх людзей да ўзаемаразумення, любові і павагі да бліжняга, гарманічнага суіснавання і спынення ўзброеных канфліктаў. Сёлета падзея мае знакавы характар і яе тэма гучыць як “Права на мір: 70 год Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека”.

У ААН упэўнены ў тым, што сучаснае цывілізаванае грамадства валодае ўсімі магчымасцямі, каб у згодзе і міры жыць па выкладзеных у Дэкларацыі асноватворных прынцыпах. Артыкул 3 гэтага гістарычнага дакументу абвяшчае, што “кожны чалавек мае права на жыццё, на свабоду і на асабістую недатыкальнасць”. Але ж асобнага раздзелу, прысвечанага праву на мір, у Дэкларацыі няма. Таму ААН 21 верасня заклікае ўсіх пры дапамозе сацыяльных сетак і хэштэгаў #peaceday і #standup4humanright адказаць на пытанне: “Што значыць права на мір?”

З аналагічнай просьбай мы звярнуліся да прастаўнікоў грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў Карэліччыны, дзейнасць якіх таксама неад’емна звязана з распаўсюджваннем ідэй міру і яднання.

Ірына Валер’еўна Асташэвіч, старшыня Карэліцкай раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру”:

“У паняцце “мір” абавязкова трэба ўкладваць актыўнае дзеянне. Бо лад і згода ў грамадстве пачынаюцца толькі тады, калі людзі клапоцяцца адзін аб адным і аб навакольным асяроддзі. Таму асноўнымі напрамкамі дзейнасці “Беларускага фонду міру” і нашай раённай арганізацыі ў асобнасці з’яўляюцца розныя дабрачынныя праекты і акцыі.

У паняцце “мір” абавязкова трэба ўкладваць актыўнае дзеянне.

Наша мэта – дапамагаць людзям, якія апынуліся ў цяжкім жыццёвым становішчы, і падтрымліваць тых, хто імкнецца зрабіць гэты свет лепшым, тут гаворка ідзе, у першую чаргу, пра таленавітае падрастаючае пакаленне. Напрыклад, раз у паўгоддзе мы ўзнагароджваем і матэрыяльна заахвочваем адораных і актыўных карэліцкіх дзетак. У мінулым навучальным годзе такія своеасаблівыя гранты ад фонду атрымалі вучні Мірскай сярэдняй школы Даніла Бычко і Аліна Нячай і прадстаўнікі Карэліцкай сярэдняй школы №1 Яна Бабанская і Ірына Краскоўская. Дарэчы, сёлета ў маі на базе Мірскага замка адбылося мерапрыемства рэгіянальнага маштабу, дзе стыпендыі абласной арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” ўручылі дзецям з усёй Гродзеншчыны. Да таго ж, мы ўсе разам пасля ўрачыстасцяў ля школы ў Міры пасадзілі алею бэзу гатунку “Перамога”. Бо агульная праца таксама яднае і служыць на карысць міру.

Сярод знакамітых праектаў нашай арганізацыі асаблівае месца займае штогадовы конкурс сачыненняў “Дзеці за мір”, па выніках якога выдаецца зборнік лепшых твораў удзельнікаў. У 2017 годзе Карэліччыну ў ім прадставіла вучаніца Аюцавіцкай школы Дар’я Скрыган. Сёлета таксама нашы дзеці выдатна паказалі сябе ў гэтым конкурсе, і ў кастрычніку мы з імі паедзем у Мінск на ўзнагароджванне.

Як бачыце, у нас шмат мерапрыемстваў звязана з падрастаючым пакаленнем, бо гэта – наша будучыня і гарант заўтрашняга міру. Мы ўдзельнічаем ва ўсіх рэгіянальных і рэспубліканскіх акцыях адпаведнага кірунку. Адна з любімых – “Падары казку дзецям”, што праходзіць падчас Каляд і навагодніх святаў.

Калі мір ёсць унутры асобнага чалавека, то ён будзе ў сям’і гэтай асобы і ў грамадстве ў цэлым.

Але ж яшчэ раз падкрэслю тое, што “Беларускі фонд міру” дапамагае людзям усіх узростаў у складаных жыццёвых сітуацыях. На дабрачынныя ахвяраванні мы можам хоць крыху мяняць лёс людзей да лепшага. У раёне добра ведаюць нашу арганізацыю, і кожны чалавек можа звярнуцца да нас са сваімі пытаннямі і за дапамогай.

І напрыканцы размовы адносна паняцця “мір” хачу дадаць наступнае. Усё пачынаецца з гармоніі і спакою ў сэрцы кожнага з нас. Калі мір ёсць унутры асобнага чалавека, то ён будзе ў сям’і гэтай асобы і ў грамадстве ў цэлым. А права на мір – гэта права кожнага з нас на паразуменне, павагу і прыняцце. Усе мы заслугоўваем таго, каб быць пачутымі, каб да нас павярнуліся душой і дапамаглі”.

Права на мір – гэта права кожнага з нас на паразуменне, павагу і прыняцце.

Ніна Сяргееўна Яфрэмава, старшыня Карэліцкай раённай ветэранскай арганізацыі:

“Мір. Так шмат у гэтым слове. Нашаму пакаленню давялося нарадзіцца ў спакойны час, але мы не павінны забываць тых, хто заваяваў Перамогу ў 1945 годзе. Аб ветэранах вайны, дзякуючы мужнасці якіх сёння мы жывём пад мірным небам, трэба пры ўсякай магчымасці расказваць, каб сучасная моладзь ведала і шанавала іх подзвігі.

У нашым раёне пражывае 12 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Усім – болей за 90 год, але яны рады падзяліцца з нашчадкамі ўспамінамі аб цяжкім ваенным юнацтве. Вось, напрыклад, Уладзімір Данілавіч Буй, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі КСПУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”, прымае ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах патрыятычнай накіраванасці ў Міры, Карэлічах і нават у міжнародных акцыях. І ўсё з адной мэтай: каб дзеці і моладзь ведалі цану міру і вучыліся жыць у згодзе і сяброўстве.

Міхаіл Цімафеевіч Забенька з вёскі Трашчычы сустрэў Перамогу ў Берліне. Гэты дзень стаў адным з самых радасных у жыцці ветэрана. І, безумоўна, слова “мір” для яго мае выключнае значэнне і глыбокі сэнс.

Анастасія Якаўлеўна Грышына, ураджэнка Пензенскай вобласці, звязала пасляваеннае жыццё з Карэліччынай. А ў гады Вялікай Айчыннай вайны разам са сваімі аднапалчанамі прайшла Украіну, Беларусь, Літву і Польшчу, абараняла Сталінград, бачыла ўсе жахі ваеннага часу. Таму сёння імкнецца данесці да розных людзей, як важна прадухіліць гвалт, войны і канфлікты мірным шляхам.

Для мяне асабіста права на мір асацыіруецца са спакойным і заможным жыццём, любімай працай, сямейным дабрабытам, каб навокал былі добразычлівыя і шчаслівыя людзі з аптымістычным настроем і любоўю да роднай зямлі”.

Права на мір асацыіруецца са спакойным і заможным жыццём, любімай працай, сямейным дабрабытам.

Святлана Мікалаеўна Санцэвіч, старшыня Карэліцкай раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа:

“Для кожнага чалавека мір, як і права на яго, мае выключнае значэнне. Гэта спакой і лад у сям’і, паразуменне і павага ў працоўным калектыве, добрыя і адкрытыя адносіны з людзьмі, сяброўства між народамі, жыццё без стральбы, выбухаў, кулямётных чэргаў, без чалавечых слёз праз боль страт. Гаворка тут ідзе пра агульначалавечыя каштоўнасці, якія заўжды павінны быць у прыярытэце.

З якімі б складанасцямі ў жыцці мы не сутыкнуліся, важна памятаць пра шчасце жыць і працаваць у мірны час і не страчваць сваіх родных праз узброеныя канфлікты. Бо сёння ў свеце шмат гора, і тое, што ў Беларусі ўсё спакойна і мірна, гэта вялізны дарунак. Нам застаецца такі скарб шанаваць і берагчы для нашых дзяцей і памятаць пра тое, што для многіх народаў свету мір, на жаль, застаецца толькі марай. А яшчэ я, калі слухаю ўспаміны ветэранаў, чытаю пра ваенныя гады, то кожны раз дзякую лёсу за тое, што наша пакаленне і сучасную Беларусь абмінулі страшнае ліха, здзекі і пакуты.

Таварыства Чырвонага Крыжа, да якого я маю непасрэднае дачыненне, таксама створана дзеля міру і прыяднання людзей да прынцыпаў гуманізму, нейтральнасці, незалежнасці, адзінства, універсальнасці. Мы шмат працуем з валанцёрамі, стараемся далучаць да нашага руху моладзь, каб як мага больш людзей адчулі пануючую ў нашым асяродку атмасферу цярпімасці, узаемаразумення, павагі да чалавека і яго годнасці, дапамогі ўсім тым, хто пакутуе. Мы павінны бачыць у кожным асобу і сябра, жыць па прынцыпах талерантнасці, яднання і братэрства.

Мір павінен быць у сэрцы і душы, а адлюстроўвацца ў нашых учынках. Таму, ці будзе светлай будучыня і мірным жыццё, залежыць толькі ад нас з вамі”.

Мір павінен быць у сэрцы і душы, а адлюстроўвацца ў нашых учынках.

Пасля такіх ладных думак на сэрцы сапраўды становіцца мірна. А нашай Карэліцкай зямлі, наогул, нібы лёсам наканавана жыць пад спакойным і лагодным небам. Нездарма ў нашым раёне ёсць знакаміты Мір. Хай квітнее і мястэчка з такой гучнай назвай, і хай мір будзе ў сэрцы і ў доме кожнага жыхара нашага краю.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара, Аксаны ЯНУШ і Святланы САНЦЭВІЧ

Добавить комментарий