Марина Писарик рассказала о том, как в книге найти тишину и покой , а в библиотеке – второй дом
15 верасня сваё прафесійнае свята адзначаюць людзі, для каго кніга – гэта не проста некалькі старонак. З нагоды Дня бібліятэк Карэліцкі райвыканкам узнагародзіў двух супрацоўнікаў – Кардаш Тамару Міхайлаўну і Пісарык Марыну Сяргееўну – за добрасумленную працу і творчы пошук у, безумоўна, важнай справе. Мы пагаварылі з адной з іх і даведаліся, чаму аддаюць перавагу маленькія чытачы і што патрэбна, каб наведвальнікаў дзіцячай бібліятэкі стала больш.
– Марына Сяргееўна, чаму Вы абралі прафесію бібліятэкара?
– Не паверыце, але сумненняў наконт таго, кім быць, увогуле не было. З самага дзяцінства я бачыла, як шмат чытала мая мама, як яе вабіў гэты чароўны свет літаратуры. Але свядома я ўзялася за кнігу толькі ў пятым класе і ўжо з бібліятэкі не вылазіла. Выбірала і насіла вялікія стосы кніг і матулі, і сабе. Ні музыка, ні фільмы мяне не вабяць так, як літаратура. Вядома, са з’яўленнем дзяцей вольнага часу стала менш, але меня гэта не спыняе. Вось ведаеце, люблю я кнігі, усёй душой люблю.
– У апошні час прынята лічыць, што бібліятэкі дажываюць свой век, з’яўляюцца “чамаданам без ручкі”. Ці згодны Вы з гэтым?
– Безумоўна, не. Я лічу, што камп’ютары ніколі не заменяць кнігі. Вось уявіце: няма святла – і што рабіць? Чым заняцца? Ні тэлевізар, ні сацыяльныя сеткі працаваць не будуць. А кнігам святло не патрэбна, таму, спадзяюся, яны будуць жыць яшчэ доўга.
А кнігам святло не патрэбна, таму, спадзяюся, яны будуць жыць яшчэ доўга.
– Якая кніга аказала на Вас асаблівы ўплыў? Можа, нават змяніла Ваш светапогляд?
– Адразу не адкажаш, бо за ўсё жыццё прачытана вельмі многа… Але я ўсё ж такі схіляюся да думкі, што гэта “Каласы пад сярпом тваім”. Памятаю, як спачатку іх чытала мама, а потым я. Прытым раз дваццаць, не менш (усміхаецца). Я ўвогуле люблю Уладзіміра Караткевіча за яго разумныя і ўдумлівыя творы, чытаць якія – адно задавальненне. Але не магу не сказаць і пра “Маленькага прынца” Антуана дэ Сэнт-Экзюперы. Гэта твор, які ў розным узросце адкрываецца па-іншаму. Напрыклад, калі ты ўжо не падлетак, пачынаеш вынаходзіць тыя сэнсы, якіх праз узрост і вопыт ты не бачыў раней.
– Якімі рысамі характару, на Вашу думку, павінен валодаць сапраўдны бібліятэкар?
– Па-першае, ён павінен быць знаходлівым. Паколькі наша праца заснавана на камунікацыі з людзьмі – дарослымі ці маленькімі, – гэта з’яўляецца вельмі важным аспектам. Па-другое, прафесіянал сваёй справы – гэта абавязкова добразычлівы і спагадлівы чалавек. Ніколі нельга навязваць сваю думку, маўляў, не бярыце Данцову, а вазьміце Талстога. Усе мы разумеем, што ў кожнага чалавека свой густ і свае перавагі. Ну і, само сабой, сапраўдны бібліятэкар павінен любіць кнігі. Ды і ці магчыма інакш?
Прафесіянал сваёй справы – гэта абавязкова добразычлівы і спагадлівы чалавек.
– Марына Сяргееўна, як Вы ставіцеся да сучаснай літаратуры? Ці можаце вылучыць каго-небудзь?
– Ведаеце, часам бывае так, што хочацца пачытаць нешта лёгкае і рамантычнае. Усё ж такі кожны раз чытаць сур’ёзные класічныя творы цяжка. Таму да сучаснікаў стаўлюся нармальна, але трэба ведаць меру. Калі дзіця кожны раз бярэ кніжку пра вампіраў ці ваўкалакаў, мне становіцца сумна. Не трэба зусім выключыць тых або іншых аўтараў – трэба чытаць усіх. Калі разглядаць беларускіх сучаснікаў, то мне падабаецца Вольга Грамыка, якая піша цікавую фантастыку і добрыя гумарыстычныя творы.
– Цяпер усё больш людзей аддаюць перавагу электронным кнігам. Як Вы адносіцеся да гэтага?
– Галоўнае – чытаць. А ўжо як – справа іншая. Электронныя кнігі добрыя тым, што даюць магчымасць чытаць тое, што хочаш і чаго няма ў бібліятэцы. Дарэчы, і ў кніжны магазін не зойдзеш, бо яго ўвогуле няма. Таму, каб не ехаць у іншы горад, можна спампаваць з інтэрнэта і чытаць на здароўе. Але, калі гаворка ідзе пра выбар – электронныя ці друкаваныя, то апошнія мне бліжэй, бо ў такім чытанні ёсць асаблівы рытуал…
– Што неабходна зрабіць, каб зацікавіць кнігамі большую колькасць дзяцей?
– Усё пачынаецца з бацькоў. Памятаю, калі на адным мерапрыемстве мы працавалі з дзеткамі, якія хадзілі ў летні лагер. Расказвалі ім пра розныя журналы і часопісы, заклікалі таксама да наведвання бібліятэкі. І вось уявіце: усе з захапленнем разглядаюць вожыкаў і зайчыкаў, пры гэтым маючы намер забраць журнал дадому. Мы папярэджваем: прыходзьце запісвацца ў бібліятэку разам з бацькамі, бо так часопісы не выдаём. Раптам бачу – адзін хлопчык аж заліваецца слязьмі і гаворыць: “А мяне мама ў бібліятэку не прывядзе. Мая мама сядзіць у камп’ютары…” Уяўляеце?! Таму ў першую чаргу трэба працаваць з бацькамі і даводзіць да іх розуму, што кнігі – гэта цікава і карысна.
Кніга для мяне – гэта цішыня і спакой, а бібліятэка – другі дом.
– Марына Сяргееўна, што кніга значыць асабліва для Вас?
– Кніга для мяне – гэта цішыня і спакой, а бібліятэка – другі дом. Ужо на працягу васьмі гадоў я адкрываю іншы свет для сябе і з радасцю дапамагаю гэта рабіць іншым.
Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара