Начальник управления образования Кореличского райисполкома Ирина Осташевич поздравила учащихся СШ №1 г.п. Кореличи с новым учебным годом

Дзень ведаў для вучняў, настаўнікаў, бацькоў дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы» стаў сапраўдным святам. Сёлета дружную вучнёўскую сям’ю папоўніў 41 першакласнік.

Фота Караліны Князьковай

У Год малой радзімы прамовы на ўрачыстай лінейцы былі прасякнуты словамі любові да роднай старонкі — яе трэба шанаваць і прымнажаць багацце. Для дзяўчынак і хлопчыкаў гэта падарожжа ў Краіну ведаў: яны прыкладуць усе старанні, каб даведацца шмат карыснага і цікавага пра любы сэрцу край, а дапамогуць ім у гэтым настаўнікі.

Дырэктар навучальнай установы Алена Аляксандраўна Вярбіцкая заклікала вучняў штодзённай стараннай працай прыносіць карысць любімай школе, роднаму пасёлку, сінявокай Беларусі. Яна пажадала ў новым навучальным годзе дабівацца выдатных поспехаў у вучобе і быць актывістамі школьнага жыцця.

Начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Валер’еўна Асташэвіч адзначыла вялікую ролю настаўнікаў навучальнай установы на сучасным этапе, іх адданасць любімай справе. Яна пажадала педагагічнаму калектыву школы крочыць па вызначаным шляху, вучням — набываць трывалыя веды. У якасці падарунка да Дня ведаў навучальнай установе прыпаднесла камп’ютарны клас па схеме 10+1 (камп’ютары для вучняў і настаўніка).

Аб беражлівых адносінах да жыцця і захаванні элементарных правілаў па яго бяспецы расказаў начальнік Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Аляксандравіч Стадольнік.

Фота Караліны Князьковай

Дырэктар навучальнай установы і госці ўручылі першакласнікам падарунак ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі — кнігу «Беларусь — наша Радзіма».

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Караліны Князьковай і з сайта ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы»

Добавить комментарий