Представители Евросоюза и посольств Швеции и Великобритании присоединились к акции «Чистый лес» на Кореличчине (фото)

Асноўная мэта акцыі “Чысты лес”, якая прайшла ва ўсіх арганізацыях Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь 20 кастрычніка, – добраўпарадкаванне лясных масіваў. Згадзіцеся, што, адпраўляючыся ў лес, кожны з нас хоча бачыць дарункі прыроды, а не пакінутае чалавекам смецце.

??? Актыўны ўдзел у навядзенні парадку ва ўрочышчы Воўчыца каля в. Беражна Мірскага лясніцтва прынялі ганаровыя госці карэліцкай зямлі: пасол Велікабрытаніі ў Беларусі Фіона Гіб, старшыня прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Мінску Амбрэа Віктарын, пасол Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханэсан і дарадца прадстаўніцтва Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусі Юлія Лыскова, якія засталіся ў поўным захапленні ад казачных краявідаў узбярэжжа Нёмана.

– Даведаўшыся аб правядзенні рэспубліканскай акцыі “Чысты лес”, адназначна вырашыла далучыцца да праекта. Выдатна, што на тэрыторыі краіны праводзяцца такія карысныя ініцыятывы, – адзначыла Крысціна Юханэсан. – Праблема забруджвання навакольнага асяроддзя смеццем, які пакідаюць самі ж людзі, сёння з’яўляецца актуальнай для многіх краін свету, у тым ліку і Швецыі. “Чыстая нядзеля”, “Захавай Швецыю ў чысціні” – кампаніі, асноўная мэта якіх прыцягнуць увагу грамадства да існуючых праблем забруджвання навакольнага асяроддзя.

– На працягу амаль 20 гадоў у Германіі існуе “зялёны рух”, у рамках якога ажыццяўляецца раздзельны збор смецця, – расказала Амбрэа Віктарын. – У самасвядомасці мясцовых жыхароў ужо сфарміравалася паняцце, што шкло і паперу нельга кідаць разам. На вуліцах стаяць асобныя кантэйнеры, амаль у кожным доме ёсць агульнае смеццевае вядро, якое раздзелена на некалькі секцый для раздзельнага збору смецця.

Цяжка ўявіць сабе лепшае месца для летняга адпачынку, чым бераг Нёмана. Але пасля прыемнага правядзення часу на ўлонні прыроды кожны другі пакідае пасля сябе не адну кансервавую банку альбо пластыкавую бутэльку.

– Смецця на берагах Нёмана сапраўды застаецца шмат, асабліва ў летні перыяд, – дзеліцца ляснік Мірскага лясніцтва Васілій Мікалаевіч Чура. – У мінулым годзе толькі адна брыгада сабрала каля двух кубічных метраў смецця. Сёлета ў акцыі “Чысты лес” прынялі ўдзел каля 20 чалавек, якія ачышчалі лясныя масівы ад наступстваў актыўнага адпачынку людзей.

??? Не адна тысяча маладых саджанцаў ялінак і хваінак атрымалі дарогу ў дарослае жыццё дзякуючы старанням ярэміцкіх леснікоў, якія займаліся пасадкай лесу на беразе Нёмана непадалёк ад в. Сіняўская Слабада.

– Акцыя “Чысты лес” нездарма праводзіцца ў кастрычніку. Менавіта ў сярэдзіне восені назіраецца самы спрыяльны час для пасадкі саджанцаў, калі амаль усе яны прымаюцца, – расказала памочнік лясніка Ярэміцкага лясніцтва Кацярына Сяргееўна Ламан. – Высаджаем двухгадовыя хваінкі і ялінкі, якія былі вырашчаны ў гадавальніку ў Навагрудскім лясхозе.

??? Да неабходнай і карыснай ініцыятывы Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь далучыліся прадстаўнікі раённага аддзела Следчага камітэта, якія ў рамках акцыі “Чысты лес” на тэрыторыі Ярэміцкага лясніцтва на плошчы 1,4 га пасадзілі каля 1000 маладых хваінак і ялінак.

– Не першы год супрацоўнікі камітэта прымаюць удзел у акцыі, – адзначыў старшыня Карэліцкага раённага аддзела Следчага камітэта Аляксандр Ярынскі. – Калі кожны з нас мае магчымасць унесці асабісты ўклад у добраўпарадкаванне тэрыторыі раёна, чаму б не скарыстацца ёю?

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара

??? ФОТАГАЛЕРЭЯ ???

Добавить комментарий