Невозможное возможно. Кореличчанка Инна Дубовец вопреки всему стала мамой
Калі дробязныя непрыемнасці здаюцца вам невырашальнымі і ні на што ўжо няма ні сіл, ні цярпення, раю: пазнаёмцеся з карэліччанкай Інай Дубавец. Яна ведае цану жыццю і яго маленькім радасцям. А яшчэ яна Герой з вялікай літары: у 39 гадоў, прыкаваная да інваліднага крэсла, стала мамай цудоўнай дачушкі, якая ўжо ходзіць у чацвёрты клас.
— Як я рашылася нараджаць, фактычна будучы без ног? — Іна Львоўна папярэджвае маё пытанне. — Лічу, што Каця — падарунак лёсу. І як было яго не прыняць?
Лёс не песціў Іну з дзяцінства. У пяць гадоў яна і два старэйшых брата засталіся сіротамі, страціўшы маці. Праз некаторы час у хаце з’явілася мачыха, у якой таксама было трое. З Навасёлак у Палужскую школу дзеці хадзілі за тры кіламетры пехатою, і гэта лічылася нармальным. Іна Львоўна памятае моцныя і снежныя зімы, сумёты, вышэйшыя за плот. Дома дзеці працавалі не менш за дарослых, таму і не выраслі беларучкамі.
Прафесію пасля заканчэння школы Іна выбрала таксама рабочую: пайшла ў вучылішча тэкстыльшчыкаў. І было ў яе ўсё, як у большасці з нас: шчаслівае замужжа, нараджэнне дзіцяці.
— Калі сыну Вове было 8, патануў на рыбалцы мой муж Саша. Яму быў толькі 31 год, — вочы Іны вільгатнеюць. — Страшна… Але вакол былі вельмі харошыя людзі, падтрымалі. І Воўка мой неяк хутка дарослым стаў. Я прыйду з завода, а ён ужо і вячэру згатаваў.
Іна Львоўна паказвае фотаздымкі сына: высокі цёмнавалосы хлапчук з сур’ёзным тварам. Сёння ён ужо дарослы, жыве і працуе ў Скідзелі.
— Па сутнасці Вова сам сабе айчыма знайшоў, а мне другога мужа, — з усмешкай расказвае жанчына. — Андрэй добра сябраваў з маімі братамі, неяк знайшоў ключык і да дзіцячага сэрца. Аб тым, што Андрэй да нас пераедзе, яны з сынам па тэлефоне дамовіліся. А мяне, як гаворыцца, перад фактам паставілі.
…2 лістапада 2007 года стаў тым днём, пра які гавораць — падзяліў жыццё на “да” і “пасля”. У аўтамабільнай катастрофе Іна Львоўна атрымала траўму пазваночніка. Пасля складанай аперацыі пачалася барацьба за тое, каб стаць на ногі. І ўсе тры тыдні нялёгкай рэабілітацыі ў Аксакаўшчыне побач з Інай быў Андрэй. Медперсанал дзівіўся: маўляў, першы раз бачым мужчыну, каб увесь курс побач з жонкай адбыў.
— Вы шмат плакалі тады? Задавалі пытанне: чаму я? За што? — пытаюся ў субяседніцы. А яна ўскідвае на мяне блакітныя, як азёры, вочы і адказвае: “Першыя два дні горка было. Але плач не плач — ад гэтага не ўстанеш. Трэба было вучыцца жыць па-новаму. Сядзець і ліць слёзы — гэта не пра мяне”.
Аднойчы рашылася завесці сур’ёзную размову з мужам: “Андрэй, навошта я табе? Знойдзеш сабе здаровую жанчыну, якая дзіця табе народзіць”. А ён так паглядзеў, што яна больш ніколі не пыталася.
І ці не дзіва: хутка даведалася, што стане мамай, хаця да гэтага некалькі гадоў чаканая цяжарнасць так і не наступала.
— Гэта было такое шчасце! А калі ўрач-неўрапатолаг сказала, што няма ніякіх супрацьпаказанняў, удвайне! — жанчына і сёння, здаецца, перажывае тыя шчаслівыя моманты свайго жыцця. — Нараджала Кацюшу ў Гродне. Была там, можна сказаць, знакамітасцю. У які б кабінет не прывезлі, урачы ўжо ведалі, хто я.
У дэкрэтны водпуск пайшоў Андрэй, разам выгадавалі малую. Іна сама многае рабіла: апранала, карміла Кацю. Крыху цяжэй было, калі дзяўчынка пачала вучыцца хадзіць. Тады ёй зрабілі спецыяльную перакладзіну, каб магла трымацца рукамі.
— Ой, што вы! Я ўсё магу! — Іна запрашае мяне на кухню іх новенькай сацыяльнай кватэры ў райцэнтры. — Вось бачыце, гэта я закаткі за зіму раблю, тут есці гатую. Сціраю рукамі, бо пральнай машыны пакуль няма. Трэба сабраць грошы на першы ўзнос, купім у растэрміноўку. І душ сама прыняць магу: муж замацаваў ванну так, каб яна не перакулілася. І дзверы спецыяльныя сюды зрабілі, каб я з каляскай праходзіла. 150 рублёў на гэта выдзелілі з упраўлення па працы і сацыяльнай абароне нашага райвыканкама.
Удзячна Іна Львоўна Карэліцкаму райвыканкаму і асабіста намесніку старшыні Руслану Юр’евічу Абрамчыку за абуладкаванне пандуса ў пад’ездзе іх шматпавярховіка.
— Цяпер муж без цяжкасцяў можа вывезці мяне на вуліцу, а там — у машыну і на вёску, — жанчына ў чатырох сценах сядзець не любіць, — лета мы ў Сэрвачы праводзім. Андрэй зрабіў для мяне спецыяльны з’езд з ганка, летні душ. Каця ўжо падрасла, дапамагае на агародзе.
Гутару з Інай Львоўнай і думаю аб тым, як добра, што мы сустрэліся. Аказалася, два гады жывём у адным двары, а пазнаёміліся толькі сёння. Прыемна ведаць, што за некалі метраў ад цябе жыве шчаслівы і моцны духам чалавек, пры ўспамінах аб якім усе твае непрыемнасці сціскаюцца да нязначнага, а на душы становіцца хораша.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара