Прогулка по Ботаническому саду в Минске пришлась по душе кореличским ветеранам
Для нас, ветэранаў, бягучы год быў багатым на экскурсійныя паездкі, у якіх удзельнічалі актывісты ветэранскага руху, старшыні і члены саветаў пярвічных арганізацый раёна. Спачатку мы наведалі святыні Беларусі, а зусім нядаўна пабывалі ў Батанічным садзе г. Мінска. Вось там мы і атрымалі асалоду, убачылі непаўторную прыгажосць прыроды.
Нягледзячы, што на двары восень, а там, куды ні кінеш вокам, усюды кветкі, трапічныя расліны. Заморскія, як нам растлумачыла экскурсавод, бо ўсе яны завезены ў асноўным з Амерыкі і Аўстраліі. Яна ж падкрэсліла, што прыгажосць гэтых кустоў асаблівая ў маі і чэрвені, калі яны цвітуць, тады ад іх не адарваць вачэй. Кветак на іх столькі, што амаль не відаць лісточкаў. А самі лісточкі таксама своеасаблівыя, бо адзін бок іх глянцавы, а другі як быццам бы замшавы. І што цікава, кусты гэтыя круглы год зялёныя, нягледзячы на зімовыя маразы. Глянуўшы на іх прыгажосць, хацелася даведацца як мага больш аб гэтых раслінах. Пахадзіўшы з экскурсаводам па алеях Батанічнага сада, мы засталіся зачараваныя хараством і працай людзей, якія стварылі гэты цуд.
Плошча Батанічнага сада 90 гектараў. Каб усё паглядзець, патрэбна шмат дзён, але самае прыгожае мы ўбачылі. Эксурсавод падрабязна расказвала аб дрэвах, кветках і кустах, паведаміла іх гісторыю. Здавалася, ужо не пара для квітнення, а тут палыхае фарбамі вясны і лета, чаруюць душу і сэрца хрызантэмы, астры, ружы — так усё скампавана, што шмат часу мы былі ў захапленні. Экскурсавод на працягу паўтары гадзіны распавядала нам аб раслінах, пасаджаных на тэрыторыі Батанічнага сада.
Агляд прадоўжыўся ў экспазіцыйнай аранжарэі трапічных раслін. Здавалася, што трапілі ў нейкую цудоўную казку, так былі мы зачараваны і не хацелася пакідаць гэтае памяшканне.
Далей нас чакала незвычайнае возера, дзе мы адпачылі, потым пайшлі па алеі Касманаўтаў, якая з’явілася там нядаўна. На памяць зрабілі шмат здымкаў, і зараз, калі іх праглядваеш, то ўспамінаецца тое хараство, тыя мясціны, якія пакінулі самыя цёплыя ўражанні ад убачанага.
Пабыўшы ў Батанічным садзе, мы атрымалі зарад бадзёрасці, сілы духа, дамоў ехалі ў добрым настроі. І тут варта ўспомніць наступныя словы: прыгажосць выратуе свет.
Ад душы мы былі ўдзячныя раённаму савету ветэранаў, ён пастаянна клапоціцца пра нас, пенсіянераў, якія прымаюць актыўны ўдзел у рабоце з ветэранамі вайны і працы раёна, наведваюць розныя аматарскія аб’яднанні, мерапрыемствы, і, наогул, займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю, нягледзячы на свой узрост.
Алена ТОЛМАЧ
сакратар пярвічнай ветэранскай арганізацыі г.п. Карэлічы