Кореличчанин Андрей Комков: «В трудностях главное — не сдаваться»

Дзень інвалідаў, які адзначаецца ў Беларусі 3 снежня, на маю думку, не толькі свята, колькі Дзень усеагульнай увагі да праблемаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Да таго ж гэта добрая нагода для таго, каб на станоўчым прыкладзе многіх з іх паказаць, што інваліднасць — не прыгавор. Галоўнае ў цяжкасцях — не здавацца, не памыліцца ў выбары адзіна правільных маральных прыярытэтаў, якія дапамагаюць адаптавацца ў соцыуме і стаць паўнацэнным членам грамадства.

Андрэй Камкоў, дворнік Карэліцкай СШ №1, інвалід па слыху, з ліку тых, кім можна ганарыцца, хто заслугоўвае глыбокай павагі і захаплення за абраныя ім жыццёвыя каштоўнасці, за светласць душы і добрае сэрца, за працавітасць, за імкненне быць карысным людзям, за шчырасць і бесканфліктнасць характару.

Амаль кожнаму чалавеку прыходзіцца сутыкацца з пэўнымі жыццёвымі цяжкасцямі. І як важна ў такія моманты не паддацца часовым выпрабаванням, не зламацца, не спакусіцца на самае лёгкае выйсце са становішча: тушыць унутраны адчай у віры алкагольнага забыцця (на жаль, папулярны метад сярод многіх сучаснікаў). Як важна, каб побач аказаўся чалавек, які падтрымае, аберажэ, выратуе ад няўпэўненасці, надзеліць верай у тое, што безвыходных сітуацый не бывае. Такім чалавекам для Андрэя (парушэнне слыху ў яго — вынік урачэбнай памылкі пры лячэнні прастуднага захворвання ў дзяцінстве) стала мама. Менавіта сіла яе мацярынскай любові, незгасальнага запасу цярпення, ласкі і пяшчоты, імкненне стварыць дамашнія ўтульнасць і цеплыню, неверагоднае жаночае самаахвяраванне (рана аўдавеўшы, яна, прыгажуня, не думала аб уладкаванні асабістага жыцця, усю сябе прысвяціла дзецям — старэйшаму Валерыю і малодшаму Андрэйку), прынеслі жадаемае: сыны выраслі сапраўднымі мужчынамі, падарылі мацярынскае шчасце, за іх ёй не сорамна.

«Я ганаруся сваімі сынамі, — прызнаецца Галіна Лаўрэнцьеўна. — Для мяне самым важным было, каб яны выраслі харошымі людзьмі, а гэта так і ёсць. Валерый апякаў малодшага брата, не даваў у крыўду, быў і застаецца для яго галоўным сябрам, дарадчыкам. У старэйшага сына цудоўная жонка, дзеці, ён усё сваё жыццё працуе на мясцовым ільнозаводзе, карыстаецца людской павагай. Андрэй таксама вызначаецца працавітасцю, паслухмянасцю, любіць парадак ва ўсім, паважлівы ў адносінах да людзей, мой самы галоўны памочнік на агародзе, у дамашніх справах, мяне грэе яго сыноўняя любоў, а што больш патрэбна для шчасця? Авалодаў камп’ютарам, зараз у яго шырокае кола зносінаў у «Аднакласніках», «УКантакце», мы разам глядзім многія праграмы, дзелімся ўражаннямі. Наогул, па жыцці нас акружалі і акружаюць у большасці сваёй вельмі добрыя людзі. І я ўдзячна ўсім: суседзям, радні, знаёмым, былому калектыву Поразаўскай школы, калектывам ЖКГ, Карэліцкай СШ №1 і іх кіраўнікам А. І. Рудаку, А. А. Вярбіцкай, старшыні Карэліцкага раённага аб’яднання інвалідаў В. М. Сашко за іх падтрымку ў вырашэнні ўзнікаючых пытанняў, за разуменне, спагадлівасць, за людскасць, што дапамагаюць пазбавіцца ад узнікаючай раней сарамлівасці пры выбары пасады дворніка. Я заўсёды яму гаварыла: «Працаваць не сорамна, сорамна ўвільваць ад работы, быць гультаём!»

Маміна мудрасць, маміна правільнае стаўленне да жыцця дапамаглі Андрэю знайсці сваё пачэснае месца ў людскім асяроддзі. Пасля заканчэння Поразаўскай школы, дасягнуўшы паўналецця, ён адразу пайшоў працаваць: спачатку грузчыкам на аўтабазу райспажыўтаварыства, пасля перайшоў у РУП ЖКГ, адкуль пасля 14 гадоў добрасумленнай працы звольніўся, каб падмацаваць здароўе. З неахвотай адпускалі хлапца з ЖКГ, разумелі, што такія работнікі, як Андрэй, адказныя, без шкодных звычак, разважлівыя — на кошт золата. Прыбіраемы ім участак каля школы мастацтваў заўсёды зіхацеў чысцінёю, радаваў вочы жыхароў пасёлка і гасцей Карэліч зайздросным парадкам. Такі ж узорны парадак падтрымоўвае ён зараз і на тэрыторыі вакол Карэліцкай СШ №1. І гэта невыпадкова, таму што ў характары Андрэя закладзены мамай такія якасці, якія па-сапраўднаму ўпрыгожваюць чалавека і надзяляюць разуменнем, што вынік працы павінен прыносіць радасць людзям, што, як гаворыцца ў вядомай прымаўцы, «не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца».

«З прыходам Андрэя да нас на работу, — гаворыць дырэктар СШ №1 г.п. Карэлічы А. А. Вярбіцкая, — зніклі ўсе пытанні, звязаныя з якасцю ўборкі тэрыторыі, таму што ў працы ён — адказнейшы чалавек, якому не трэба паўтараць просьбу некалькі разоў, не адмаўляецца ніколі і ад узнікаючых, бывае, дадатковых даручэнняў. «Дзе вы знайшлі такога цуда-дворніка?» — не раз пытаюць у мяне. І яшчэ адна каштоўнейшая рыса ёсць у яго характары: ён харошы СЫН. Адчуваецца, што мама для яго — святы чалавек, галоўная ікона яго жыцця. » В. М. Сашко таксама не шкадуе добрых слоў у адрас Андрэя: «Незвычайна адказны, дабрэйшай душы малады чалавек, мой першы памочнік у любых справах, карыстаецца бясспрэчным аўтарытэтам сярод членаў раённага аб’яднання інвалідаў, актыўны ўдзельнік праводзімых мерапрыемстваў».

Поспехаў табе, Андрэй! Дзякуй Вам, Галіна Лаўрэнцьеўна, за сына! Няхай спрыяе Вам здароўе ў жыцці, няхай свеціцца Ваш прыгожы твар заўсёды шчаслівай усмешкай!

Галіна КАЛТУНОВА
Фота Марыны КАЗЛОВІЧ

Добавить комментарий