Новый год в Кореличском краеведческом музее начался с добрых дел (фото)

? Новы год у Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі пачаўся з радаснай падзеі. У межах рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” тут зладзілі святочную сустрэчу з маленькімі чытачамі Палужскай сельскай бібліятэкі і яе загадчыкам Таццянай Варабей.

Музейны ўрок “Гісторыя Новага года” стаў для прысутных незабыўным падарожжам скрозь стагоддзі па розных краінах свету. За гарбатай і салодкімі пачастункамі дзеці, як казку, слухалі аповед навуковага супрацоўніка Карэліцкага раённага краязнаўчага музея, сакратара раённай арганізацыі КПБ Марыі Беленавай.

Радасна сустрэлі хлопчыкі і дзяўчынкі прапанову паглядзець навагоднія мультфільмы і правесці святочнае караоке. Не абышлі ўвагай дзеці і музейную ёлку, каля якой прачыталі вершы. Папулярнасцю карысталіся ў маленькіх гасцей унікальныя навагоднія экспанаты: паштоўкі, цацкі, фотаздымкі. А прыемным завяршэннем сустрэчы стала ўручэнне падарункаў.

Арганізатарамі мерапрыемства і сапраўднымі чараўнікамі для дзетак выступілі краязнаўчы музей, раённыя арганізацыі КПБ і ГА “Беларускі саюз жанчын”, РК ГА “БРСМ”.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара