Спустя 30 лет после Афганистана боль кореличских матерей не угасает
Кажуць, што час лечыць. Наўрадці. Ён толькі крыху прытупляе невыносны боль, але глыбокія душэўныя раны, здаецца, ніколі, не зацягнуцца. Як можа вытрымаць сэрца маці, якая з нецярпеннем чакала вяртання дадому любімага сына, але замест роднай крывінкі ўбачыла перад сабой цынкавую труну? Так і жывуць з нясцерпным болем у сэрцы на працягу больш трох дзясяткаў гадоў Соф’я Васільеўна Філончык і Яўгенія Васільеўна Федарака. Іх сыны загінулі на чужой афганскай зямлі, застаўшыся назаўсёды ў памяці матуль маладымі, прыгожымі, жыццярадаснымі.
– 7 лютага майму Сярожку споўнілася б 53 гады. Але больш трыццаці гадоў ён ужо спіць, – дрыжачым голасам са слязамі на вачах вымавіла Соф’я Васільеўна. – Скончыў Варанчанскую школу, затым Навагрудскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, прыйшоў у саўгас “Варонча” працаваць на трактары. У сакавіку 1984 года яму ўручылі павестку. Думаў, адслужыць у арміі, вернецца, будзе далей працаваць. Мы яму новенькі матацыкл купілі. Як ён радаваўся гэтаму падарунку, не мог на яго наглядзецца. Але матацыкл так і застаўся стаяць у паветцы. Не вярнуўся Сярожа з арміі.
Адзінай сувяззю маці з салдатам Сяргеем Філончыкам былі лісты. З іх яна даведалася, што сын прайшоў вучэбную падрыхтоўку ў вайсковай часці пад Мінскам, потым яго адправілі ў горад Арджанікідзэ. Апошнія звесткі ад любімага Сярожкі прыйшлі ў чэрвені 1985 года з далёкага афганскага горада Чарыкар. Сын з радасцю дзяліўся, што яго абралі сакратаром камсамольскай арганізацыі, што працуе вадзіцелем і хутка вернецца дадому. Але не вярнуўся салдат Сяргей Філончык жывым з Афганістана.
– Мацярынскае сэрца не падманеш. Я адчувала, што з сынам бяда, – успамінае Соф’я Філончык. – Сабака Амур увесь той злашчасны дзень, калі не стала Сярожкі, ляжаў на ганку і выў. Памятаю, як пад’ехала да нашага дома ў в. Труднава шмат машын: і мясцовае кіраўніцтва, і людзі ў пагонах. Усё, што было далей, быццам адбывалася не са мной. У чатыры гадзіны раніцы прывезлі труну, да якой вартавыя мяне не падпускалі. Пахаванне прайшло як у тумане. Шмат людзей было, вельмі шмат. Калі салдаты пачалі страляць у неба, страціла прытомнасць. Неяк ачуняла, вярнулася дадому, а тут паштальён прыносіць ліст ад майго Сярожкі. Як я вытрымала ўвесь гэты боль, не разумею нават сёння. Цэлы год пасля пахавання я не жыла, а існавала. Часта прыходзіўён да мяне ў снах, казаў, што жывы, здаровы, хутка вернецца.
Подзвіг карэліцкага хлопца, які загінуў на чужыне, адзначаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Але радавому Сяргею Філончыку так і не давялося трымаць у руках узнагароду, якая знайшла свайго героя пасмяротна.
Не дачакалася з афганскай вайны свайго сына і Яўгенія Васільеўна Федарака.
– Ведаеце, гады ідуць, але на душы лягчэй не становіцца, – з горыччу адзначае жанчына. – Здароўе слабее, ды і пасля той бяды моцна я здала. Нікога не засталося ў мяне, апошняя я з нашай хаты. Васілёк жа быў маім памочнікам і абаронцам. Памятаю, малы яшчэ, зойдзе ў хату, а я падлогу мыю. Ён пашкадуе мяне і сам возьмецца за справу. Забрала ў мяне адзінага памочніка тая вайна.
Адвечная боль і крыўда, спустошанасць і ўнутраная акамянеласць вырываюцца з душы маці вершаванымі радкамі, у якіх кожнае слова – немы крык Яўгеніі Федарака аб загінулым сыне.
Пахавала маці сына, пахавала,
А бяды такой ніколі не чакала,
Быў ён радасцю і ўцехаю адзінай,
Ды, відаць, нарадзіла яго злой часінай.
На сабраныя ж сыночку грошы
Вырас помнік велічны, прыгожы.
На ім сын рукою люк адкінуў
І вачыма родны кут акінуў.
Гэта толькі невялікі ўрывак з верша, які Яўгенія Васільеўна склала ў памяць аб сыне, які, прыняўшы ваенную прысягу 9 мая 1982 года, гераічна загінуў у Афганістане ў студзені 1984 года.
– Часта прыходжу на могілкі ў Зарэччы. Летам амаль кожны дзень там бываю. Верш Васільку чытаю, размаўляю з ім, вось толькі не чуе ён мяне. Першы год пасля пахавання часта ў снах прыходзіў, а як гадавіну адзначылі, перастаў, – дзеліцца Яўгенія Федарака. – Справядлівы ён быў, вучыцца любіў. Марыў стаць слесарам па рамонце пасажырскіх вагонаў, у чыгуначнае вучылішча ў Мінску паступіў. Потым у армію прызвалі. Курсантам быў, потым снайперам, механікам-вадзіцелем. Служыў Васілёк добра, адказна. За тое і знакам воінскай доблесці “Выдатнік Савецкай Арміі” ўзнагародзілі. Памятаю, як у адным з лістоў казаў, што яго тэхніка першай супраць ворага ідзе. Смелы ён быў, нічога не баяўся. Злашчасная куля не пашкадавала майго Васілька.
Штогод Яўгенія Федарака прымае ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных памяці загінулых у афганскай вайне. Цяжка, крыўдна і балюча, але яны заслужылі, каб іх імёны не былі забыты. Разам з Соф’яй Філончык Яўгенія Федарака наведалі Востраў слёз у Мінску, дзе сярод 771 высечанага на каменнай сцяне прозвішча яны знайшлі самыя дарагія на свеце імёны родных сыноў.
ДАВЕДКА «ПОЛЫМЯ»
15 лютага 2019 года адбудзецца раённае мерапрыемства, прысвечанае Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і 30-годдзю вываду савецкіх войскаў з Афганістана.
У 9.45 у фае ДУК «Карэліцкі маладзёжны Цэнтр культуры» адбудзецца збор і рэгістрацыя воінаў-інтэрнацыяналістаў, маці загінулыхвоінаў-афганцаў, дэлегацый ад працоўных калектываў г.п. Карэлічы.
З 10.00 да 11.00 пройдзе тэматычны канцэрт «Пакуль мы памятаем — мы жывём».
На мемарыяльным комплексе «Зорка» ля памятнага знака загінулым воінам-інтэрнацыяналістам з 11.10 да 11.30 адбудзецца мітынг-рэквіем «Мы гэтай памяці верныя» і акцыя «Чорны цюльпан».
Мерапрыемства завершыцца ўскладаннем кветак і вянкоў да памятнага знаку загінулым воінам-інтэрнацыяналістам.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара