В Кореличском районе безработным помогают пройти переобучение и получить новую профессию
У Карэліцкім раёне беспрацоўным дапамагаюць прайсці перападрыхтоўку і атрымаць прафесію, запатрабаваную на рынку працы. У 2019 годзе гэтай магчымасцю скарысталіся 27 чалавек.
Па словах намесніка начальніка ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне, начальніка аддзела дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва Наталлі Гоцка, у 2018 годзе найбольш папулярнымі ў тых, хто захацеў змяніць прафесію, сталі спецыяльнасці трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці, качагара, аператара кацельні, слесара і электраманцёра, асновы прадпрымальніцкай дзейнасці.
Жыхар Карэліч Аляксандр Камісараў — бетоншчык, два гады працаваў у Расіі. І заробак, і ўмовы яго цалкам задавальнялі, але праца была неафіцыйнай, без гарантый. Ды і ад сям’і, у якой падрастаюць двое сыноў, адрывацца на некалькі месяцаў было цяжка. Малады чалавек звярнуўся ў камісію па садзейнічанні занятасці насельніцтва па дапамогу. На пасяджэнні старшыня камісіі Аляксандр Шкадаў растлумачыў нормы Дэкрэта №3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва», пытанні, звязаныя з выключэннем са спіса працаздольных грамадзян, якія не заняты ў эканоміцы, і вызвалення ад аплаты камунальных паслуг па поўным кошце, прапанаваў некалькі варыянтаў працаўладкавання.
— Падумайце, абмяркуйце з сям’ёй, а потым прыміце рашэнне, кім вы хочаце працаваць. Можаце за далейшым аказаннем садзейнічання ў працаўладкаванні звярнуцца ў службу занятасці, — параіў намеснік старшыні камісіі Руслан Абрамчык. Ужо ў аддзеле дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва Аляксандру прапанавалі прайсці курсы па асновах прадпрымальніцкай дзейнасці.
— Унаш час, калі за дадатковую адукацыю плацяць вялікія грошы, мне прапанавалі бясплатнае навучанне, — гаворыць Аляксандр. — Вучыцца буду ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі ў Гродне. За 5 дзён атрымаю базавыя навыкі, там мне дапамогуць скласці бізнес-план для далейшай працы. І навучанне, і пражыванне аплацяць. Жыць буду ў інтэрнаце, стыпендыю невялікую атрымаю.
Затым Аляксандру выплацяць бязвыплатную субсідыю на адкрыццё сваёй справы ў памеры 11 бюджэтаў пражытковага мінімуму (2 385 рублёў). Гэтых грошай хопіць, каб купіць абсталяванне, матэрыял.
— Адкрыю ІП, працягну працаваць бетоншчыкам, — плануе Аляксандр, — добрых спецыялістаў у гэтай галіне ў нас не хапае. Галоўнае — гэта падтрымка дзяржавы, таму што без гэтага складана ўсё-такі пачаць развівацца. Трэба ўладкаваць месца, усюды патрэбен першы капітал. Калі яго няма, адкуль атрымаць? Так што такая дапамога — гэта пачатак для добрага старту.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара