Учить, как в Мире и Райце, воспитывать, как в Кореличах. На итоговом заседании управления образования райисполкома определили приоритетные задачи на будущее

Алімпіядны рух, аздараўленне дзяцей і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі абмеркавалі на выніковым пасяджэнні ўпраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама.

Удзельнікамі пасяджэння сталі старшыня Карэліцкага райвыканкама Віктар Шайбак і намеснік старшыні райвыканкама Руслан Абрамчык.

— Бяспека нашых дзяцей сёння для нас самае галоўнае, — падкрэсліў Віктар Шайбак. — На жаль, бываюць выпадкі, калі дзіця застаецца сам-насам са сваёй праблемай. Гэтага не бачаць бацькі, не заўважае школа. Вынік, як правіла, заўсёды сумны — альбо суіцыд, альбо замах на чыёсьці жыццё. Таму задача ўсіх нас: і бацькоў, і настаўнікаў, і грамадства ў цэлым — своечасова прыйсці на дапамогу.

Кіраўнік раёна акцэнтаваў увагу педагогаў на надыходзячых канікулах.

— Дзеці павінны больш часу праводзіць на свежым паветры, — адзначыў ён, — рухацца, добра харчавацца. Нашы школьныя лагеры ўсё гэта могуць забяспечыць.

Начальнік упраўлення адукацыі райвыканкама Ірына Асташэвіч адзначыла, што ў сістэме адукацыі забяспечана станоўчая дынаміка вучэбных дасягненняў. Так, рэйтынг вучэбных дасягненняў складае 7,18 бала. Па выніках 2017-2018 навучальнага года чацвёра навучэнцаў 11 класаў скончылі школу з залатым медалём, адзін — з сярэбраным. Дванаццаць 9-класнікаў атрымалі пасведчанні з адзнакай. У 2018 годзе па выніках цэнтралізаванага тэсціравання сярэдні бал вышэй за сярэднеабласны па 4 і за рэспубліканскі па 5 паказчыках з 13 навучальных прадметаў.

Са станоўчага пункту гледжання была адзначана летняя аздараўленчая кампанія ў раёне. Так, падчас летніх канікул у розных лагерах адпачыла амаль тысяча дзяцей, а гэта на 10% больш, чым у 2017 годзе. Многія карэліцкія школьнікі маглі летам папрацаваць. Сярэдняя зарплата склала 185,6 рублёў.

На правядзенне рамонтных работ ва ўстановах адукацыі ў мінулым годзе зрасходавана 264 тысячы рублёў. За кошт сродкаў раённага бюджэту для Лукскай і Баранавіцкай сярэдніх школ набыты аўтобусы.

— Аднак у раёне зменшылася колькасць вучняў, якія сталі прызёрамі абласных прадметных алімпіяд, — канстатавала Ірына Асташэвіч. — Хоць пры гэтым вырас адукацыйны ўзровень педагогаў, павялічылася колькасць педработнікаў, якія маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыі.

— Самае важнае ў школе — гэта якасны ўрок, — падкрэсліў Руслан Абрамчык. — Пакуль дзіця не будзе дасканала ведаць прадмет, яно не зможа праявіць сябе ні ў алімпіядным руху, ні ў даследчай дзейнасці.

Таксама ў сваім выступленні намеснік старшыні акцэнтаваў увагу на бяспецы дзяцей і палавой недатыкальнасці непаўналетніх.

— Менавіта даверныя адносіны ў сям’і і школе павінны перашкаджаць гэтым негатыўным праявам, — рэзюмаваў Руслан Абрамчык.

Вынікі штогадовага раённага конкурсу

Па выніках штогадовага конкурсу на лепшую арганізацыю работы ўстаноў адукацыі ў 2018 годзе пераможцамі сталі:

у намінацыі “Установы агульнай сярэдняй адукацыі “Сярэдняя школа” – ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір” (дырэктар Т. І. Шаплыка);

у намінацыі “Установы агульнай сярэдняй адукацыі “ВПК” – ДУА “Райцаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа” (дырэктар П. М. Буляк);

у намінацыі “Установы дашкольнай адукацыі” – ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г.п. Карэлічы” (загадчык Л. П. Гоўша).

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара