Аграрии СПК «Маяк-Заполье» в числе первых в районе завершили посевную зернового клина
Спецыялісты раслінаводчай галіны Карэліччыны ўпэўнены: прыказка “што пасееш, тое і пажнеш” ніколі не страціць сваёй актуальнасці. Добры ўраджай залежыць ад мноства фактараў, адным з якіх з’яўляецца строгае выкананне агранамічных тэхналогій.
Менавіта таму аграрыі раёна імкнуцца ў аптымальныя тэрміны правесці пасяўную кампанію бягучага года. На раніцу 9 красавіка ў раёне амаль завершана сяўба ранніх зерневых і зернебабовых культур: пасеяна 6234 га, што складае 87% ад плану ў 7156 га. Некалькі дзён — і аграрыі Карэліччыны змогуць пахваліцца 100-працэнтным вынікам пасяўной яравога зерневага кліна.
Адным з першых сельгаспрадпрыемстваў раёна, аграрыі якога ў аптымальныя тэрміны завяршылі сяўбу аўса, ячменю, пшаніцы і зернебабовых, з’яўляецца СВК “Маяк-Заполле”. 23 сакавіка першая сеялка гаспадаркі выйшла ў поле для закладкі будучага ўраджаю аўса. Аграрыям “Маяка” спатрэбіўся тыдзень, каб завяршыць пасяўную кампанію яравых зерневых культур. У гэтым няма нічога дзіўнага, бо гаспадарка забяспечана ўсёй неабходнай тэхнікай. Паказаўшы сябе з найлепшага боку на сяўбе азімых культур мінулай восенню, сеялка Lemken Solitair 12 выдатна адпрацавала і на вясенняй пасяўной.
СВК “Маяк-Заполле” можна лічыць першаадкрывальнікам на сяўбе цукровых буракоў. Па стану на 9 красавіка пасеялі 255 га, альбо 55% ад запланаваных 500 га. Агранамічная служба “Маяка” ўпэўнена ў тым, што, для таго, каб атрымаць высокую ўраджайнасць цукровых буракоў, неабходна пакласці ў глебу якаснае насенне. Частку пасяўнога матэрыялу, а менавіта 240 пасяўных адзінак, закупілі праз пасрэдніцкую фірму з Германіі.
Што датычыцца забяспечанасці азотным, фосфарным і калійным угнаеннямі, СВК “Маяк-Заполле” таксама на ўзроўні. Пачынаючы з восені, кіраўніцтва гаспадаркі пачало купляць мінеральныя ўгнаенні. Сёння ў асноўным набываюцца ўгнаенні КАС, сульфату алюмінію, карбаміду, якія выкарыстоўваюцца для падкормкі раслін.
Безумоўна, выдатныя вынікі пасяўной – заслуга вопытных механізатараў, якія ўмела кіруюць сучаснай тэхнікай. Добра разумеючы асабісты ўклад, кожны аграрый плённа працуе на палях гаспадаркі з 7 гадзін раніцы да 7 гадзін вечара. Субота і нядзеля не з’яўляюцца выключэннем. Бо, як вядома, падчас пасяўной кожная гадзіна на вагу золата.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара