Из Кореличей до Норильска и обратно. Как Александр Царюк нашел свою жизненную дорогу
Аляксандра Аляксандравіча Царука можна назваць самым сапраўдным вандроўнікам. Лёгкі на ўздым, ён не пабаяўся пакінуць родную Пагарэлку і з’ехаць за пяць тысяч кіламетраў на поўнач… Але з цягам часу мужчына ўсё ж такі перасёк беларуска-расійскую граніцу, каб застацца ў Беларусі назаўсёды. І зрабіў гэта не адзін.
Дзяцінства хлопчыка прайшло на Карэліччыне, у невялікай вёсцы Пагарэлка. Скончыўшы сярэднюю школу ў Аюцавічах, юнак шчыра марыў аб марфлоце, але лёс вырашыў крыху інакш. Часовым прыстанішчам для хлопчыка стаў Навагрудак, дзе ён з адзнакай скончыў прафесійна-тэхнічнае вучылішча. Спраўнага трактарыста-машыніста шырокага профілю выкладчыкі і знаёмыя бачылі ў якасці добрага механізатара ў мясцовым калгасе, але роўна ў васямнаццаць гадоў Аляксандра забралі ў армію. Аддаваць інтэрнацыянальны доўг прыйшлося таксама няблізка – хлопца накіравалі ў Эстонію. Потым зноў пераезд – у Ленінград, дзе яго разам з іншымі салдатамі на працягу трох месяцаў рыхтавалі да баявых дзеянняў.
– Калі прыйшоў на дэмбель, маці аж перахрысцілася. Пісьмы, вядома, я пісаў, але далёка не пра ўсё можна было сказаць… Дарэчы, адрас памятаю як цяпер: Масква, 400, паштовая скрыня 554В, – узгадвае той далёкі час Аляксандр Аляксандравіч.
Так калгас імя Чырвоных Партызан усё ж такі дачакаўся свайго механізатара. Але не надоўга. Паколькі ў той час калектыўная гаспадарка не магла пахваліцца вялікай колькасцю тэхнікі, юнак уладкаваўся ў ДП “Царука”. Прарабіўшы каля года, Аляксандр вырашыў усё-такі ператварыць казку ў быль і адправіўся за сотні кіламетраў на захад – у горад Балтыйск Калінінградскай вобласці.
– Ведаеце, я тады гарэў морам. Мне настолькі падабалася служыць у марфлоце, што я заўсёды спрабаваў рабіць усё сам, без чыёй-небудзь дапамогі, – дзеліцца ўспамінам былы марак.
Але і на гэтым сусветная вандроўка ўраджэнца Карэліччыны не скончылася. Больш за трыццаць гадоў беларус правёў у халодным і суровым Нарыльску, дзе працаваў на горна-металургічным камбінаце. Там мужчына пазнаёміўся з будучай жонкай Наталляй, з якой праз нейкі час яму было суджана вярнуцца дамоў…
На жаль, атрымалася так, што ў Пагарэлцы памёр бацька і рэзка пагоршылася здароўе матулі. Паколькі жанчына мела патрэбу ў пастаянным доглядзе, агульным рашэннем было пераадолець пяць тысяч кіламетраў і вярнуцца на малую радзіму. Калі для мужчыны гэта было не катастрафічна, то для ўраджэнкі Расійскай Федэрацыі, якая ўсё жыццё пражыла і прапрацавала ў Нарыльску, – вельмі складана.
– Спачатку ў 2006 годзе ў вёску вярнуўся мой муж, а праз год прыехала і я. Вядома, да другой краіны і ўвогуле іншага ладу жыцця было прызвычаіцца няпроста, але, як бачыце, жывём (усміхаецца).
Зараз Аляксандр і Наталля на пенсіі. Мужчына займаецца паляваннем, а жанчына даглядае хатнюю гаспадарку. Часта ў хаце можна пачуць і дзіцячы смех: у госці да дзядулі і бабулі прыязджаюць чацвёра ўнукаў. Яшчэ двое жывуць у Санкт-Пецярбурзе.
Гледзячы на жыццё Аляксандра і Наталлі, я нават уявіць не магу, што ўсё расказанае – рэальнасць. Будучы жыхарамі абсалютна розных дзяржаў і знаходзячыся за тысячы кіламетраў адзін ад аднаго, лёс вырашыў аб’яднаць іх дарогі, каб яшчэ раз нагадаць аб тым, што межы існуюць толькі ў нашай свядомасці.
Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара